Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ад калегі атрымаў унёсак — 10 тысяч эўра». Беларуская дыяспара Нідэрляндаў адправіла ва Ўкраіну машыны хуткай дапамогі і гуманітарны груз


Разгрузка гуманітарнага грузу ў Харкаве, 18 сакавіка 2022
Разгрузка гуманітарнага грузу ў Харкаве, 18 сакавіка 2022

На пачатку сакавіка беларуская дыяспара Нідэрляндаў абвясьціла збор сродкаў на машыну хуткай дапамогі для Ўкраіны. Адгукнуліся і беларусы, і галяндцы. Ва Ўкраіну ўжо накіраваліся 5 аўтамабіляў, запоўненых лекамі, харчамі, гуманітарным грузам.

Даведаліся, чым дапамагае беларуская дыяспара Нідэрляндаў Украіне і Беларусі.

«Я да апошняга ня верыў, што можа пачацца вайна»

Зьміцер Жалезьнічэнка шмат гадоў жыве ў Нідэрляндах, працуе ў буйной міжнароднай кампаніі. У 2009 годзе студэнт-выдатнік, актывіст «Моладзі БНФ» быў выключаны з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Скарыны, яго прызвалі ў войска. Так Зьміцер стаў «палітпрызыўніком» — тады былі так званыя «палітычныя прызывы». Пасьля Зьміцер вучыўся ў Амстэрдаме і Дэльфце.

Зьміцер Жалезьнічэнка
Зьміцер Жалезьнічэнка

Зьміцер прызнаецца, што ня вельмі сачыў за навінамі аб перамяшчэньні расейскіх войскаў і да апошняга ня верыў, што можа пачацца вайна.

«У мяне быў такі моцны шок, што тыдзень я ня мог нічога рабіць, акрамя таго, як 24 гадзіны на суткі чытаць навіны і „ўбудоўваць“ іх у сваё разуменьне рэчаіснасьці. Потым уцяміў, што выйсьці з гэтага замкнёнага кола самастойна я не магу, таму трэба знайсьці іншы занятак, каб перастаць займацца самаразбуральнай працай.

Вырашыў заняцца валянтэрствам. У адной супольнасьці ўбачыў ідэю набыць машыну хуткай дапамогі для Ўкраіны», — расказвае ён.

Атрымалі ад аднаго калегі ўнёсак 10 тысяч эўра

У кампаніі, дзе працуе Жалезьнічэнка, супрацоўнікі ставяцца да Ўкраіны зь вялікай сымпатыяй і спачуваньнем. Зьміцер абвясьціў збор сродкаў на працы і ў фэйсбуку. Да таго ж яны з жонкай, беларускай Дашай Слабчанкай, вырашылі, што змогуць сабраць грошы на машыну хуткай дапамогі ад беларускай грамады Нідэрляндаў.

«Часткова — каб было чым заняцца і не глядзець навіны круглыя суткі, часткова — каб зрабіць штосьці добрае ад Беларусі, — тлумачыць матывы сваёй дзейнасьці Зьміцер. — Таму што мы бачым, што з боку Беларусі ляцяць ракеты ў бок Украіны, што Беларусь дазваляе выкарыстоўваць сваю тэрыторыю расейскім войскам, якія забіваюць украінцаў, ёсьць пагроза, што беларускія войскі ўвойдуць туды. І мне вельмі за гэта сорамна. Я мушу нешта зрабіць».

Ён з гонарам расказвае, што адразу атрымаў ад аднаго калегі вялікі ўнёсак — 10 тысяч эўра, і зразумеў, што адна машына хуткай дапамогі дакладна будзе. Потым пазнаёміўся зь людзьмі, якія рабілі тое ж самае, ужо працавалі над стварэньнем фундацыі, каб дзейнічаць афіцыйна, супрацоўнічаць зь дзяржаўнымі ўстановамі. У тых людзей ужо было разуменьне, як і што трэба рабіць.

Кіраўніцтва на працы дазволіла ўсім, каго гэтая вайна закранае, пайсьці ў адпачынак. Зьміцер яго ўзяў, каб сфакусавацца на валянтэрскай дзейнасьці, дапамог набыць першую машыну. Вучыўся, як арганізаваць перавозку, як афармляць дакумэнты на экспарт, як знаходзіць мэдыкамэнты.

Усяго пайшло 5 машын хуткай дапамогі — у Харкаў і Кіеў

Першая калёна з «хуткіх дапамог» выйшла зь Нідэрляндаў ва Ўкраіну 5 сакавіка.

«Затым мы знайшлі магчымасьць набыць 3 машыны на грошы, якія я сабраў ад кампаніі. А беларускі збор пайшоў мэтанакіравана пад канкрэтную машыну, за якую я ўнёс ужо заклад, бо яна была вельмі прыгожая і патрэбная. Яе назвалі „жывемабілем“. Каб зрабіць хуткую дапамогу ярчэйшай, я замовіў стыкеры. Усяго пайшло 5 машын — у Харкаў і Кіеў. Цяпер працуем далей. На гэтым тыдні, спадзяюся, пойдзе больш машын, але гэта ўжо ад розных спонсараў», — мяркуе ён.

За стырно «жывемабіля» сеў сам Зьміцер Жалезьнічэнка — ён давёз «хуткую дапамогу» да мяжы з Украінай. Машына, набытая ад імя беларусаў Нідэрляндаў, паехала ў Кіеў, у 72 асобную мэханізаваную брыгаду імя Чорных Запарожцаў. Там «жывемабіль» стане «Рамонкам» — у гонар старшага лейтэнанта мэдычнай службы Валянціны Пушыч, якая загінула пад Браварамі.

«Гэтая жанчына служыла з 2015 году ў брыгадзе, мела баявую ўзнагароду, ехала забіраць параненага, але загінула. Валянтэр, які расказаў нам пра яе, казаў, што Валянціна марыла пра новы аўтамабіль хуткай дапамогі, узгадвала пра гэта яшчэ ў студзені. Бо ішла вайна на Данбасе, сучасныя машыны хуткай былі патрэбныя. І цяпер гэты аўтамабіль мае пазыўны «Валянціна Рамонак».

Абсталяваньнем машын, мэдыкамэнтамі займаюцца адмыслоўцы. Знаходзяцца валянтэры-кіроўцы, якія давозяць хуткія дапамогі да ўкраінскай мяжы ці да Львова. А там машыны перадаюцца ўкраінскім вайскоўцам альбо валянтэрам — каб перадаць канкрэтным шпіталям ці вайсковым падразьдзяленьням.

Актыўная дыяспара — гэта маладыя сем’і ІТ-шнікаў і жонкі галяндцаў

Паводле грамадзкай актывісткі Дашы Слабчанкі, беларуская дыяспара ў Нідэрляндах сфармавалася прыкладна гады 2 таму, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году.

Даша Слабчанка
Даша Слабчанка

Колькі дакладна беларусаў у Нідэрляндах, падлічыць цяжка. Паводле Дашы Слабчанкі, іх некалькі тысяч.

«У нашых актыўных чатах 500–600 чалавек. А тых, хто кожны дзень працуе, чалавек 30. Актыўная дыяспара — гэта ў асноўным маладыя сем’і ІТ-шнікаў, якія рэлякаваліся сюды. Альбо жонкі галяндцаў. Тут даволі мала ўцекачоў у параўнаньні з Польшчай ці Нямеччынай.

Пік актыўнасьці, канечне, быў падчас выбараў. Менавіта тады дыяспара сфармавалася, згуртавалася, бо да выбараў былі толькі невялікія групы з культурніцкімі ініцыятывамі. А ў 2020 годзе ў нас зьявіліся кірункі: народная амбасада, культурная сядзіба, вельмі шмат людзей пачалі цікавіцца гісторыяй, беларускай мовай. Некаторыя пачалі сваіх дзяцей навучаць беларускай мове. Ну, а тое, што Нідэрлянды так дапамагаюць зараз украінцам, гэта проста надзвычайна для гэтай краіны», — кажа Даша Слабчанка.

Пачалі збор на дроны для батальёна імя Каліноўскага

Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, шмат беларусаў сталі валянтэрамі, дапамагаюць зь перакладам, сустракаюць уцекачоў, зьбіраюць гуманітарную дапамогу, сартуюць рэчы. І працягваюць ладзіць акцыі. Так, 20 сакавіка супольны з расейцамі пікет прайшоў каля будынку Трыбуналу з патрабаваньнем працэсу над Лукашэнкам і Пуціным.

«Зараз пачалі збор на дроны для батальёна імя Кастуся Каліноўскага. Адпраўляем туды лекі, тэрмабялізну. Я спрабую знайсьці ім нейкую амуніцыю, але гэта цяжка, бо ў Нідэрляндах бронекамізэлькі і каскі ўтылізуюць», — кажа Даша Слабчанка.

Натуральна, з пачаткам вайны ва Ўкраіне беларускія праблемы адыходзяць на другі плян. Аднак гэтую тэму трэба ўздымаць, каб яна ня зьнікла з парадку дня, трэба прыкладаць больш высілкаў, каб фармаваць правільнае стаўленьне Захаду да Беларусі, перакананая Даша Слабчанка.

«Захад павінен ставіцца да Беларусі як да часова акупаванай тэрыторыі, а да народу — як да ахвяры. Таму тут вельмі важная праца дыяспары з мэдыя, з палітыкамі.

Магчыма, каб не было працы штабу Сьвятланы Ціханоўскай, працы дыяспары, нас наагул не заўважалі б. А так пэўная база ёсьць», — кажа беларуска зь Нідэрляндаў Даша Слабчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG