У контрвыведцы Службы бясьпекі Ўкраіны (СБУ) расказалі Радыё Свабода пра страты кадыраўцаў ва Ўкраіне, назвалі імёны камандзіраў чачэнскіх падразьдзяленьняў «Росгвардии», якія засьвяціліся пад Кіевам, і паведамілі дэталі іх дачыненьня да расейскага ўварваньня.
13 сакавіка праўладныя расейскія Тэлеграм-каналы апублікавалі відэа вайсковага мітынгу, які праходзіў у падвальным памяшканьні пры ўдзеле Рамзана Кадырава. Сьцьвярджалася, што запіс зроблены ва Ўкраіне, за некалькі кілямэтраў ад Кіева. Крытыкі Кадырава назвалі гэтую інфармацыю чарговым піярам на тэмы вайны. У контрвыведцы СБУ паведамілі Радыё Свабода, што Кадыраў ва Ўкраіне ня быў, а 13 сакавіка — гэта быў дзень, калі групоўку «кадыраўцаў» вывелі з Кіеўскай вобласьці ў Беларусь і далей у Чачню.
Баі за Гастомель
Паведамленьні аб удзеле чачэнскіх вайскоўцаў ва ўварваньні Расеі ва Ўкраіну пачаліся ў першыя дні вайны. 26 лютага ў інтэрнэце зьявілася відэа, на якім меркаваныя чачэнскія вайскоўцы вывешваюць расейскі сьцяг на будынку вайсковай часткі ў Гастомелі за 50 кілямэтраў на паўночны захад ад украінскай сталіцы. На запісе адзін з байцоў, зьвяртаючыся да Рамзана Кадырава, заяўляе, што яго падразьдзяленьне адбіла тры атакі ўкраінскай арміі і захапіла аб’ект.
Узброеныя сілы Ўкраіны прызналі сапраўднасьць відэазапісу, але заявілі, што «кадыраўцы» зайшлі на тэрыторыю пустога ўчастка — баёў за яго не было.
27 лютага стала вядома, што падчас уварваньня ва Ўкраіну загінуў камандзір 141-га матаполку чачэнскай «Росгвардии» генэрал Магамед Тушаеў. Як паведамляецца, гэта пацьвердзіў і палонны баец гэтага падразьдзяленьня.
«26 лютага 450 „кадыраўцаў“ спрабавалі пранікнуць на ўкраінскую зямлю каля аэрапорта Гастомель падчас спробы дэсантнай апэрацыі, але няўдала. 28 лютага некалькі сотняў байцоў былі забітыя», — паведаміў суразмоўца Радыё Свабода ў контрвыведцы СБУ.
27 лютага ў інтэрнэце зьявілася відэа велізарнай калёны «кадыраўцаў» з подпісам, што яна была зьнятае ў раёне на поўнач ад Кіева. Амаль адначасова ў сацыяльных сетках зьявілася відэа, верагодна, зь вёскі Буча. На запісе мясцовы жыхар паказвае зьнішчаную калёну вайсковай тэхнікі і кажа: «Гэта кадыраўцы».
Рамзан Кадыраў спачатку адмаўляў ахвяры сярод сваіх байцоў, але 28 лютага ў сваёй тэлеграме прызнаў гібель двух чачэнскіх вайскоўцаў, хоць не назваў іх прозьвішчаў: «На жаль, ёсьць ахвяры сярод ураджэнцаў Чачэнскай Рэспублікі. Двое загінулі, яшчэ шэсьць атрымалі раненьні».
Другая спроба
Паводле зьвестак контрвыведкі СБУ, 4 сакавіка зь Беларусі праз Чарнобыльскую зону прыбыў зводны атрад расейскіх вайскоўцаў з Чачэнскай Рэспублікі колькасьцю каля 1200 чалавек. У яго склад увайшлі вайскоўцы батальёну «Северь» (камандзір Магамед Тушаеў, забіты), «Юг» (Хусейн Межыдаў) і Ахмат-Грозьненскага АМАПу (Анзор Бісаеў).
Гэтую групу ўзначаліў памочнік Рамзана Кадырава Данііл Мартынаў. Ён мае досьвед працы ў спэцназе ФСБ, стаў паплечнікам кіраўніка Чачні ў 2017 годзе. У інтэрнэце ёсьць сумеснае фота Мартынава і Тушаева з подпісам на машыне «на Кіеў».
«Кадыраўцы» разьбілі свой лягер у лесе каля Барадзянкі. Паводле зьвестак СБУ, аднойчы ўначы ў лягеры былі падарваныя боепрыпасы, частка байцоў загінула.
«З таго часу яны сталі больш асьцярожнымі і падзяліліся на некалькі груп. Аднак непасрэдна ў баях яны ня ўдзельнічалі, а толькі займаліся тым, што „кашмарылі“ мясцовае насельніцтва ў раёне Барадзянкі, Бабінцаў, Кацюжанкі і аж да Люціжу. Адначасова здымалі розныя відэа для сацыяльных сетак», — сказаў наш суразмоўца ў контрвыведцы СБУ.
Як паведаміла ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады па правах чалавека Людміла Дзянісава, «кадыраўцы», у прыватнасьці, захапілі псыханэўралягічны інтэрнат у Барадзянцы Кіеўскай вобласьці, дзе на той момант знаходзіліся 600 чалавек.
«Мы бачым, што яны прысутнічаюць на тэрыторыі Ўкраіны ад пачатку канфлікту, але ў выніку мы ніколі ня бачылі іх удзелу ў баях. Як мы іх называем, гэта „піяры“. То бок яны могуць здымаць шмат відэа, шмат фатаграфаваць, як ходзяць з аўтаматамі, „прыбіраюць“ дамы, нібыта раздаюць гуманітарную дапамогу і нібыта даглядаюць мірных жыхароў. Але гэта ўся іх актыўнасьць, якую мы ўвесь час назіраем», — сказаў «Настоящему времени» заснавальнік Conflict Intelligence Team Руслан Левіеў.
Нарэшце, паводле зьвестак контрвыведкі СБУ, 13 сакавіка «кадыраўцаў» эвакуавалі з тэрыторыі Кіеўскай вобласьці празь Беларусь і далей паветраным шляхам у Чачню. Адначасова Рамзан Кадыраў заявіў, што адпраўляе ва Ўкраіну яшчэ тысячу сваіх байцоў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
- У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
- 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.