Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор суду, які расьсьледуе магчымыя ваенныя злачынствы, накіраваў Расеі запыт аб сустрэчы


Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Хан
Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Хан

Раней прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн назваў Пуціна ваенным злачынцам.

Пракурор Міжнароднага крымінальнага суду Карым Хан накіраваў Расеі афіцыйны запыт аб сустрэчы з прадстаўнікамі кампэтэнтных органаў і абмеркаваньні сытуацыі ва Ўкраіне.

Пра гэта гаворыцца ў заяве пракурора, піша «Голас Амэрыкі».

«Праца пракуратуры адносна сытуацыі ва Ўкраіне заўсёды будзе ажыцьцяўляцца ў адпаведнасьці з асноватворнымі прынцыпамі Рымскага статуту, — адзначыў ён. — Мы вядзём сваю работу незалежна, бесстаронна і добрасумленна. Я падкрэсьліў, што хачу ўзаемадзейнічаць з усімі бакамі канфлікту».

«У адпаведнасьці з гэтым падыходам я накіраваў Расейскай Фэдэрацыі афіцыйны запыт для сустрэчы з прадстаўнікамі іх кампэтэнтных органаў і абмеркаваньня бягучай сытуацыі, — падкрэсьліў Хан. — На мой погляд, важна, каб Расейская Фэдэрацыя актыўна ўдзельнічала ў гэтым расьсьледаваньні, і я гатовы сустрэцца зь імі».

Украіна не ўваходзіць у Міжнародны крымінальны суд (МКС), аднак падала дзьве заявы, прызнаўшы юрысдыкцыю суду ў дачыненьні да магчымых злачынстваў, учыненых на тэрыторыі краіны з 21 лістапада 2013 году.

З улікам пашырэньня канфлікту Хан 28 лютага заявіў аб намеры ўключыць у працэс расьсьледаваньня і ўсе новыя магчымыя злачынствы, якія трапляюць пад юрысдыкцыю МКС.

Крэмль катэгарычна адпрэчыў словы Хана пра нібыта важкія падставы для справы супраць РФ у сувязі з «ваеннай апэрацыяй» на Ўкраіне. У сераду ў Белым доме прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна спыталі, ці можна называць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна ваенным злачынцам. Прэзыдэнт ЗША адказаў: «Так, я думаю, ён ваенны злачынец». Да апошняга часу амэрыканскі прэзыдэнт пазьбягаў выкарыстаньні гэтага тэрміна пры прамых пытаньнях.

Пазьней, на рэгулярным брыфінгу Белага Дома, прэс-сакратар Байдэна Джэн Псакі патлумачыла, што словы прэзыдэнта адлюстроўваюць рэальнасьць.

«Ён гаварыў пра тое, што мы ўсе бачым па тэлевізіі, — пра барбарскія дзеяньні жорсткага дыктатара, які ўварваўся ў іншую краіну», — дадала Псакі.

Днём раней Сэнат ЗША аднагалосна прыняў рэзалюцыю, у якой зьмяшчаецца заклік правесьці расьсьледаваньне меркаваных ваенных злачынстваў, учыненых урадам Расеі і самім Пуціным.

У дакумэнце, які быў унесены на разгляд верхняй палаты сэнатарам-рэспубліканцам Ліндсі Грэмам, рашуча асуджаецца «гвалт, ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці», якія, як мяркуецца, зьдзяйсьняюцца расейскімі ўзброенымі сіламі ва Ўкраіне пад кіраўніцтвам Пуціна.

У рэзалюцыі зьмешчаны заклік да Міжнароднага крымінальнага суду расьсьледаваць дзейнасьць Пуціна, чальцоў яго Рады бясьпекі, а таксама камандаваньня Ўзброеных сіл Расеі на прадмет зьдзяйсьненьня ваенных злачынстваў.

«Гэтыя злачынствы павінны быць расьсьледаваны на прадмет выяўленьня ваенных злачынстваў», — заявіў лідэр дэмакратычнай большасьці ў Сэнаце Чак Шумэр, кажучы аб дзеяньнях расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне.

Рэзалюцыя ня мае сілы закону, аднак адлюстроўвае агульны настрой заканадаўцаў.

Раней у гэтым месяцы пракурор Міжнароднага крымінальнага суду пачаў расьсьледаваньне магчымых ваенных злачынстваў, злачынстваў супраць чалавечнасьці ці генацыду ва Ўкраіне. Пракурор Карым Хан заявіў, што ён пачаў расьсьледаваньне пасьля таго, як з такім патрабаваньнем зьвярнуліся 39 дзяржаў-сяброў.

«Некалькі хвілін таму я апавясьціў прэзыдыюм МУС аб сваім рашэньні неадкладна прыступіць да актыўнага расьсьледаваньня, — заявіў Хан. — Наша праца ў зборы доказаў пачалася».

Хан заявіў, што расьсьледаваньне будзе разглядаць правапарушэньні, учыненыя зь лістапада 2013 году, «такім чынам ахопліваючы любыя мінулыя і цяперашнія заявы аб ваенных злачынствах, злачынствах супраць чалавечнасьці і генацыдзе на любой частцы тэрыторыі Ўкраіны і любой асобай».

Праваабарончая арганізацыя Amnesty International назвала расейскае ўварваньне ва Ўкраіну «злачынствам агрэсіі» ў адпаведнасьці зь міжнародным правам.

«Удары па ахоўных аб’ектах, такіх як лякарні і школы, прымяненьне зброі невыбіральнага дзеяньня, як балістычныя ракеты, а таксама выкарыстаньне забароненай зброі, такой як касэтныя бомбы, могуць кваліфікавацца як ваенныя злачынствы», — заявілі праваабаронцы.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG