Жанчына і двое дзяцей трапілі пад мінамётны абстрэл, калі беглі да разбуранага моста: менавіта па ім з Ірпяня выводзілі людзей, каб потым пасадзіць іх на аўтобус і адправіць у бок Кіева і далей у эвакуацыю, піша «Настоящее время».
«Гэты заплечнік быў на маім сыне. Яго пасекла мінамі, былі аскепкі. А гэта заплечнік, які быў на маёй дачцэ. На ім добра відаць сьляды крыві. Яна атрымала аскепкавае раненьне ў скронь. У момант выбуху міны яна знаходзілася справа ад брата, і ў яе трапіў адзін аскепак. А сын быў у аскепках з ног да галавы», — расказвае Сяргей Перабійніс.
Старэйшаму сыну Сяргея Мікіту было 18 гадоў. Ён вучыўся на другім курсе ва ўнівэрсытэце імя Тараса Шаўчэнкі на праграміста. Дачцэ Алісе было 9 гадоў, яна вучылася ў школе, а яшчэ ў сям’і былі двое сабак.
«Я выехаў з Ірпяня 17 лютага ў горад Данецк, на акупаваную тэрыторыю. Мая маці хварэла на COVID-19, і напярэдадні яна мне патэлефанавала, сказаўшы, што стан пагоршыўся, пачынаецца пнэўманія. Як толькі я туды заехаў, у горадзе пачалася прымусовая мабілізацыя ўсіх цывільных. Я да апошняга ня верыў, што пачнецца поўнамаштабная вайна на тэрыторыі Ўкраіны. Калі зьвязваўся з жонкай, я зьвязваў мабілізацыю з тым, што банальна пачнецца абвастрэньне толькі на Данбасе, як заўсёды гэта бывае».
Вярнуцца дадому да вайны Сяргею так і не ўдалося.
«24 лютага ўсё пачалося. А 5-й раніцы жонка мне напісала ў чат, што „над намі нешта праляцела“, ці то самалёты, ці то ракеты. У першы дзень я ім прапанаваў нікуды ня бегчы. Бо вы памятаеце, што ў той дзень былі велізарныя заторы, чэргі, хаос».
Празь некалькі дзён стала відавочна, што расейскія войскі ідуць на Кіеў з поўначы. Абстрэлы самой сталіцы Ўкраіны і яе прыгарадаў не спыняліся.
«У адзін зь дзён, па-мойму, гэта было ці 3 ці 4 сакавіка, наш мікрараён абстралялі зь мінамётаў. І ў наш жылы комплекс прыляцелі 3 міны. Гэта значыць, ужо было зразумела, што трэба ўцякаць. Яны з сынам загрузілі аўтамабіль з раніцы і ўжо хацелі зьяжджаць, але ў гэты дзень на нашу вуліцу зайшлі расейскія танкі. Пачаўся вулічны бой. Яны кінулі машыну і зноў схаваліся ў падвал. Мы ня тое каб разьвітваліся, але я папрасіў у іх прабачэньня за тое, што ня быў зь імі. За тое, што так атрымалася, што ня змог іх прыкрыць, абараніць. Але жонка не губляла аптымізму, яна сказала: „Мы прарвёмся, не хвалюйся, усё будзе добра“. Гэта былі апошнія яе словы».
Сяргей кажа, што яшчэ да вайны паставіў на тэлефоны сваіх родных праграму, якая вызначае геалякацыю. У дзень, калі ягоная жонка і дзеці загінулі, а 9-й гадзіне раніцы тэлефон жонкі паказаў геалякацыю ў 7-й гарадзкой лякарні, і ў гэты момант Сяргей зразумеў, што здарылася страшнае.
«Дзесьці яшчэ хвілін праз дваццаць-паўгадзіны я ўбачыў першы запіс у твітэры. У тэкставым выглядзе гаварылася, што на Раманаўцы быў мінамётны абстрэл і загінула сям’я. Затым прайшло яшчэ хвілін дваццаць і зьявілася першая фатаграфія. Вось гэтыя рэчы, раскіданыя на зямлі. Целы маіх дзяцей. А затым зьявілася першае відэа зь месца падзеі, дзе ўжо было выразна відаць падзеньне міны, сьмерць сям’і і гэты страшны крык сабакі зь пераноскі. Я патэлефанаваў у Кіеў сябрам і сказаў, што дзеці мёртвыя. Яны ляжаць у Раманаўцы на асфальце», — зь цяжкасьцю гаворыць Сяргей.
Таксама Сяргей Перабійніс адзначыў, што злачынствы Расеі ў вайне, яе забойствы мірных жыхароў трэба паказваць усяму сьвету.
«Я жыву і думаю на расейскай. І, нягледзячы на тое, што размаўляю на расейскай мове, я карэнны ўкраінец. Я хацеў бы пра гэта сказаць усім расейцам — я не нацыяналіст, ня нейкі там бандэравец! Я звычайны грамадзянін Украіны. Нас зьнішчаюць як нацыю! Я хачу, каб бачылі ва ўсім сьвеце, што робіцца ва Ўкраіне і як подла тут нас забіваюць».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.