13 сакавіка адбыўся абстрэл Аўдзееўскага коксахімічнага заводу (АКХЗ). Пакуль незразумела, наколькі вялікая шкода нанесена прадпрыемству. Украінскі бок заяўляе, што гэта зрабілі расейскія войскі.
Як напісаў у тэлеграме колішні генэральны дырэктар заводу і народны дэпутат ад Данецкай вобласьці Муса Магамедаў, пасьля абстрэлаў спыніла працу заводзкая ЦЭЦ, што забясьпечвае цяплом Аўдзееўку. Паводле папярэдняй інфармацыі, ахвяр сярод работнікаў АКХЗ няма.
Аўдзееўскі коксахімічны завод — найбуйнейшы ў Эўропе, заснаваны ў 1963 годзе. Ім валодала кампанія «Метінвест», што належыць алігарху Рынату Ахметаву. Да 2014 году, калі прарасейскія сэпаратысты так званай «ДНР» захапілі Аўдзееўку, завод вырабляў 12 тысяч тонаў коксу штодня. Пасьля баявых дзеяньняў і абстрэлаў заводу, аб’ёмы ўпалі на 2/3.
На гэты момант у Аўдзееўцы дзейнічае Тэрытарыяльная абарона, якая спрабуе бараніць горад ад захопу расейскімі сіламі. Пад кантролем расейскіх войскаў знаходзіцца Чарнобыльская АЭС, пэрсанал якой у закладніках. Таксама расейскія сілы падыходзілі пад Запароскую АЭС, абстрэльвалі яе і захапілі адміністрацыйны будынак.