На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае эканаміст Зьміцер Крук.
Крук
- Самыя адчувальныя санкцыі — тыя, якія тычацца экспарту. Новы пакет санкцыяў ЭЗ разам з папярэднімі прыводзіць да блякаваньня 15% усяго беларускага экспарту.
- Патэнцыйны ўплыў чацьвёртага пакету санкцыяў ЭЗ мы ацэньвалі ў 10% экспарту. Але я тады заўсёды падкрэсьліваў, што захоўваецца шмат магчымасьцяў яго пазьбегнуць. Тады было шмат геаграфічных кірункаў абыходу. Зараз гэтыя магчымасьці калі не зьнікаюць цалкам, то істотна абмяжоўваюцца.
- Зараз вельмі складана знайсьці шляхі абыходу санкцыяў. І пазьбегнуць экспартнага шоку практычна немагчыма.
- Раней можна было казаць, што калі нам перакрылі шлях у ЭЗ, мы пойдзем з нашымі таварамі ў Расею і яшчэ далей. Цяпер сама Расея пад наймацнейшымі санкцыямі, і нават калі б не было санкцыяў адносна Беларусі, можна было б чакаць кардынальнага скарачэньня попыту на наш экспарт з боку Расеі.
- Экспартны шок для Беларусі вынікае з санкцыяў адносна яе, з санкцыяў адносна РФ і са зьмены стаўленьня да Беларусі з прычыны яе ролі ў вайне. Шмат якія контрагенты цяпер адмаўляюцца мець справу зь беларускім бізнэсам.
- Яшчэ важны чыньнік гэтага шоку — гэта страта другога гандлёвага партнэра — Украіны. На яе прыпадала 12% нашага экспарту. На ільвінай долі гэтага экспарту зараз можна паставіць крыж.
- Патэнцыйна сумарны шок можа прывесьці да падзеньня экспарту на 40%. Гэта неймаверная лічба, з шокамі такога маштабу мы не сутыкаліся.
- На пачатку пандэміі каранавірусу — у сакавіку-траўні 2020 году — падзеньне экспарту склала 17–18%. У 2009–2010 гадах з прычыны глябальнага фінансавага крызісу падзеньне экспарту склала каля 20%.
- У найменшай ступені гэты шок закране галіны, якія працуюць на ўнутраны рынак. Гэта, у прыватнасьці, гандаль ураздроб і сфэра паслугаў.
- Найбольш пацярпяць стрыжневыя галіны, якія маюць шырокія міжгаліновыя сувязі. Гэта найперш нафтаперапрацоўка і вытворчасьць калійных угнаеньняў. Ужо зьяўляюцца чуткі пра спыненьне вытворчасьці на «Белкаліі».
- Ад абмежаваньняў на экспарт вельмі пацярпяць дрэваапрацоўка і вытворчасьць чорных мэталаў — БМЗ. Апошняя опцыя ўпершыню зьявілася ў апошнім пакеце санкцыяў ЭЗ.
- Магчыма, заробкі на паперы і застануцца ранейшымі, але будуць нарастаць даўгі па заробках і затрымкі іх выплаты.
- У пытаньні заробкаў вельмі шмат што будзе залежаць ад манэтарнай палітыкі ўладаў. Аднак, з улікам усіх агаворак і дапушчэньняў, пры экспартным шоку ў памеры 30% (я бяру ня самы пэсымістычны сцэнар) рэальныя заробкі ў сярэднім зьнізяцца на 15%.
- Гандаль з Украінай калі па інэрцыі яшчэ і ідзе, то ў хуткім часе ён зьнікне цалкам. Да апошняга часу пры любых палітычных стасунках лічылася, што гандаль Беларусі з Украінай недатыкальны, што ад яго не адмовіцца ні Менск, ні Кіеў.
- Так было да 24 лютага 2022 году. Цяпер ва Ўкраіне Беларусь успрымаецца як саўдзельнік нападу. І грамадзкая думка там не дапусьціць імпарту нафтапрадуктаў зь Беларусі.
- Інтэнсіўнасьць, жорсткасьць санкцыяў адносна Беларусі і адносна Расеі істотна адрозьніваюцца. Санкцыі адносна Беларусі беспрэцэдэнтныя ў параўнаньні з папярэднімі, але яны значна меншыя, чым цяперашнія санкцыі адносна Расеі.
- Адносна Беларусі яшчэ застаецца маленькі «пернік», адносна Расеі ўжываецца толькі «бізун». Але з прычыны сувязі беларускай эканомікі з расейскай мы ўскосна атрымліваем і санкцыі, накладзеныя на Расею.
- У нашым становішчы мы ўжо атрымалі амаль усе наступствы дэфолту. Фінансавая паніка навідавоку, усе спрабуюць пазбавіцца ад нацыянальнай валюты. Што тычыцца доступу да міжнародных крыніцаў фінансаваньня, то мы яго даўно страцілі. Са жніўня 2020 году крыніца адна — Расея праз Эўразійскі банк разьвіцьця.
- Мяркую, што пасьля 24 лютага ў Расеі ня будзе ні жаданьня, ні магчымасьці дапамагаць Беларусі.
- Тэхнічна ў найбліжэйшыя два месяцы імавернасьць дэфолту ў Беларусі меншая, чым у Расеі. У сакавіку-красавіку Беларусі трэба выплаціць па зьнешніх даўгах 350 мільёнаў даляраў. У адрозьненьне ад Цэнтрабанку РФ, Нацбанк пакуль можа распараджацца сваімі золатавалютнымі рэзэрвамі. 8,2 мільярда, якія мае Нацбанк у рэзэрвах, дазваляюць пэўны час плаціць зьнешнія даўгі.
* Інтэрвію запісвалася да абнародаваньня рашэньня Эўразьвязу аб спыненьні апэрацыяў з Нацбанкам Беларусі. На думку Зьмітра Крука, гэтае рашэньне можа істотна паўплываць на пэрспэктыву дэфолту Беларусі. «Няма дакладнай інфармацыі наконт таго, якая частка рэзэрваў знаходзіцца пад кантролем эўрапейскіх банкаў. Але, імаверна, значная. У гэтым выпадку дэфолт — справа ўжо тыдняў ці нават менш», — скарэктаваў свой прагноз эканаміст.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.