Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нас там няма». Ці можна верыць Лукашэнку?


Абстрэл Чарнігава 28 лютага 2022
Абстрэл Чарнігава 28 лютага 2022

Крамлю патрэбен расейскі сьцяг над кіеўскім Храшчацікам. Нават калі празь дзень яго сарвуць і спаляць. Нават калі тыя, хто будзе штурмаваць прэзыдэнцкі палац у Кіеве, потым усе да аднаго палягуць на вуліцах Кіева. Дзеля вобразу вялікага заваёўніка і пераможцы Пуцін, ашалелы ад зрыву свайго бліцкрыгу, ні перад якімі ахвярамі ня спыніцца. І менавіта дзеля гэтага зараз у крывавую мясарубку на кіеўскі кірунак кідаюць новыя і новыя войскі — бязьлітасна і бессэнсоўна. І ці няма сярод іх беларускіх — вялікае пытаньне.

Лукашэнка запэўнівае: «Беларускае войска ніякага ўдзелу ў баявых дзеяннях не прымала і не прымае».

«Расейскае кіраўніцтва ніколі ня ставіла перад намі гэтага пытаньня — аб нашым удзеле ва ўзброеным канфлікце».

«Мы і далей не зьбіраемся ўдзельнічаць у гэтай спэцаперацыі ва Ўкраіне. Няма такой неабходнасьці».

Веры гэтым запэўненьням — ніякай. Увесь сьвет ужо чуў ад яго, што зь беларускай зямлі «ніколі ня будзе агрэсіі супраць Украіны....» І што «ніякае ўварваньне не плянуецца — гэта ж толькі вучэньні».

А вось тое, што ён так часта стаў паўтараць: «расейскае кіраўніцтва ня ставіць пытаньня...», «мы не зьбіраемся ўдзельнічаць...» — відавочная прыкмета таго, што Крэмль на яго цісьне і што такія пляны ёсьць. (Калі толькі яны не пачалі ўжо рэалізоўвацца.)

Пасьля першых няўдалых для Крамля дзён агрэсіі расейскім военачальнікам здаецца: трэба толькі павялічыць націск, дадаць войскаў — і Ўкраіна капітулюе. Гэта — тыповы сцэнар любой агрэсіі, калі яўна больш магутны нападнік сутыкаецца зь нечаканым для сябе супрацівам ахвяры, якая здавалася лёгкаю здабычаю. Так было ў Афганістане, калі туды ўводзіў войскі СССР. Так было ў Чачні, у Грозным, які генэрал Грачоў абяцаў Ельцыну ўзяць за пару гадзін сіламі танкавага батальёну. Ацьверазеньне надыходзіць пазьней, з часам, калі стройныя танкавыя калёны ператвараюцца ў палаючыя паходні, горад ператвараецца ў папялішча, а навакольныя вуліцы ўсланыя тысячамі трупаў няшчасных хлопчыкаў.

Ідэальнае гарматнае мяса

Але гэта будзе потым. А зараз военачальнікам востра патрэбныя сьвежыя сілы — гарматнае мяса — бязмоўнае, паслухмянае, дысцыплінаванае, якое моўчкі пойдзе на бойню. Беларускія войскі для гэтага падыходзяць ідэальна.

Лукашэнка пакуль супраціўляецца. Ягоныя аргумэнты, якія ён пераказвае публічна: маўляў, будзем прыкрываць вас з поўначы і з захаду, ад Літвы і Польшчы. Няцяжка здагадацца, што яму кажуць у адказ расейцы: адтуль ніхто нападаць не зьбіраецца. Так што, саюзьнік, давай, пакажы сваю «союзную решимость» на справе, пад Чарнігавам і Кіевам.

Лукашэнка трапіў у нерат, зь якога не відаць бясьпечнага для яго выйсьця. Яшчэ больш пэцкацца ў кроў разам з Пуціным — небясьпечна. У гэтым выпадку месца на лаве ваенных злачынцаў будзе ўжо фактычна гарантавана. А не паслухацца Пуціна — можна «адгрэбці» ад яго ўжо зараз. І ні ў адным бункеры не схаваестся. Пакуль што «саюзьніка» ён асьцерагаецца яўна больш, чым Гаагі ці Нюрнбэргу. Прынамсі, цалкам паўтарае ўсе тэзісы расейскай прапаганды, падтрымлівае ўварваньне ва Украіну і нават спрабуе перакласьці адказнасьць за гэта на Захад. Усё ў рэчышчы расейскай палітыкі. Ён нібы рыхтуе падначаленае насельніцтва да абвяшчэньня ўсьлед за Пуціным, што і ў яго «іншага выйсьця не было», як толькі паслаць войскі, каб забіваць украінцаў.

Трэба быць пільнымі. Можна чакаць любых хітрыкаў. Беларускіх вайскоўцаў могуць пераапрануць ва ўніформу расейскіх войскаў і пасадзіць у расейскія танкі і аўтамабілі. Такі досьвед калісьці быў у гітлераўскай арміі. Калі стала зусім кепска на франтах, фашысцкі рэжым распарадзіўся выдаваць мундзіры Вэрмахту і латышам, і эстонцам, і літоўцам.

Але гэтага шыла ў мяху ня ўтоіш. Калі пачнуць трапляць у палон і гінуць — праўда абавязкова выявіцца. Так, як выяўлялася яна падчас Другой усясьветнай вайны.

Выжыць на чужой вайне

Як з усім гэтым жыць чалавеку зь беларускім пашпартам, які разумее, што заўтра вайна можа непасрэдна ўвайсьці ў ягоны дом — напрыклад, у выглядзе позвы з ваенкамату? Можна толькі захапляцца мужнасьцю тых соцень і тысяч людзей, якія адчайна выйшлі на вуліцы беларускіх гарадоў 24 лютага, ведаючы, што за два гэтыя словы «Не — вайне!» амаль са стопрацэнтнай пэўнасьцю трапяць у лукашэнкавыя засьценкі. Але — што далей? Як жыць? Што рабіць?

Калісьці я зьдзіўляўся: чаму гэта мае продкі выбралі для жыцьця такі глухі і далёкі кут, недзе сярод бясконцай пушчы, адрэзаныя ад вялікіх гарадоў і гасьцінцаў, акружаныя балотамі і ракой... Цяпер гляджу на гэта па-іншаму.

Нашыя продкі стагодзьдзямі сутыкаліся зь нечым падобным. Калі кожны акупант, урываючыся ў тваю хату, мала таго што забіраў апошняе — яшчэ і намагаўся напнуць мундзір і ўперці ў рукі стрэльбу твайму сыну, каб той ішоў ваяваць чорт ведае за чые інтарэсы — біць ці то швэдаў, ці немцаў, ці французаў, ці расейцаў. Адно, што ўкраінцаў ніколі раней не было ў гэтым сьпісе. Цяпер вось зьявіліся...

І што рабілі нашыя продкі ў такіх выпадках? Хапалі дзяцей, вузел з самым каштоўным, вяроўку на рогі карове — і ў лес. У будан, у зямлянку. Перачакаць навалу. Пакуль яны там пераб’юць адзін аднаго, намалююць новыя межы, утаймуюць свой імпэрскі сьверб, паложаць уласных салдатаў у бясконцыя магілы — і потым, можа, супакояцца.

Напэўна, гэта ня самая ганаровая пастава. Не пакідаючы уласнай хаты, нашыя продкі маглі апынуцца (і апыналіся) у зусім іншай дзяржаве. Але — жывыя, са сваімі дзецьмі... І так — выжылі на працягу стагодзьдзяў. Нейкія глыбінныя генэтычныя інстынкты самазахаваньня заклікалі да такіх паводзінаў.

І чым мы цяпер надта адрозьніваемся ад сваіх далёкіх продкаў? Хто зь беларусаў пагодзіцца, каб ягонага сына адправілі на танку ў Кіеў дзеля таго, каб уздымаўся расейскі сьцяг над Храшчацікам? Гэтая вайна — вайна Пуціна і Лукашэнкі. Не беларусаў.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG