Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што здараецца, калі маленькі дыктатар спрабуе перахітрыць вялікага


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Крамлі ў 2018 годзе
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін у Крамлі ў 2018 годзе

Пажылы імпэратар схіліўся з алоўкам і нажніцамі над геаграфічнай мапай, і ўсе раптам убачылі, што гэта мапа таго даўно зьніклага сьвету, які быў больш як стагодзьдзе таму. У тым сьвеце памежныя слупы Расейскай імпэрыі на захадзе былі ўкапаныя пад Познанем і Кракавам, а на поўначы пазначалі палярную мяжу са Швэцыяй недзе ў фінскай тундры. Адна рэч, калі б той сьвет існаваў толькі ў хваравітых уяўленьнях і трызьненьнях аматара імпэрскай гісторыі. Зусім іншая — калі ён рэальна мае магчымасьць паспрабаваць перакроіць сваімі нажніцамі гэты сьвет і калі пад гэтыя нажніцы могуць трапіць лёсы тысяч і мільёнаў людзей. Дзеля прыхамаці аднаго славалюбнага палітыка. Дзеля хімэраў мінулага.

Пушылін і Пасечнік чакаюць віншаваньняў зь Менску

У Крамлі, выглядае, трохі ачмурэлі, калі 22 лютага не дачакаліся ад Лукашэнкі ня тое што ўказу аб прызнаньні дзьвюх марыянэткавых дзяржаваў і ўстанаўленьня зь імі дыпляматычных адносінаў, але нават віншавальнай тэлеграмы на адрас Пуціна, Пушыліна і Пасечніка.

Лукашэнка нібы забыў, што на двары не 2014 год, што час геапалітычнага гандлю для яго даўно мінуў і што расейскія арміі стаяць ня толькі пад Марыюпалем і Данецкам, але і пад Асіповічамі і Жыткавічамі. Не апошні чалавек у Крамлі — сьпікер Дзяржаўнай думы Вячаслаў Валодзін — на ўсялякі выпадак прыгразіў: «Мы спадзяемся, што рашэньне падтрымаюць і іншыя краіны. І ня будуць імкнуцца для ўсіх быць добрымі Такая пазыцыя скончыцца дрэнна. У першую чаргу для тых, хто вось так вось спрабуе падладзіцца пад гэты зьменлівы сьвет».

Адрасатаў у гэтай непрыхаванай пагрозы — столькі ж, колькі саюзьнікаў у пуцінскай Расеі: фактычна — адзін.

Шкада, што Лукашэнку ня выклікалі на тое лёсавызначальнае крамлёўскае паседжаньне Савету бясьпекі Расеі, дзе высокапастаўленыя чыноўнікі адзін за другім перад тэлекамэрай вымушаныя былі дэманстраваць сваю ляяльнасьць і поўную падтрымку пуцінскага рашэньня аб агрэсіі супраць суседняй краіны. Вось паставілі б яго перад яснымі вачыма Пуціна і прымусілі б, як кіраўніка вонкавай выведкі Нарышкіна, проста і зразумела адказаць на пытаньне: падтрымлівае ён прызнаньне ДНР-ЛНР ці не. Калі б заблытаўся — падказалі б правільны адказ.

Мы моўчкі — хто з жахам, хто з надзеяй, а хто раўнадушна — назіраем, як лёс нашай краіны вырашаюць іншыя людзі ў іншых месцах. Ці застанецца Беларусь незалежнай — вызначаецца зараз у акопах пад Данецкам і Луганскам. І ў крамлёўскіх кабінэтах. І яшчэ недзе ў эўрапейскіх і амэрыканскіх сталіцах. Дзе заўгодна — толькі не ў Беларусі.

Не захаваецца незалежная Ўкраіна — пра дзяржаўнасьць Беларусі можна будзе забыць. Хто там яшчэ ў імпэрскім сьпісе Пуціна — няцяжка здагадацца. Але першая ў гэтым пераліку пасьля Ўкраіны — Беларусь. Тут сумневаў мала.

Ёсьць нешта прыніжальнае і крыўднае ў тым, што беларусы вымушаны маўчаць і сядзець склаўшы рукі ў той час, як іншыя вырашаюць іхны лёс. Калі б абаранялі ўласную незалежнасьць і думалі пра ўласную будучыню як сувэрэннай дзяржавы — усімі спосабамі дапамагалі б выстаяць Украіне. Літоўцы, палякі, латышы, эстонцы — не маўчаць. Іхныя заходнія партнэры нават крыху зьдзіўленыя настойлівасьцю і жорсткасьцю пазыцыі гэтай «чацьвёркі». Але насамрэч тут усё празрыста і зразумела. Калі расейскія танкі ўвойдуць у Кіеў, наступнымі кірункамі танкавых удараў Масквы будуць і Вільня, і Варшава, і Рыга, і Талін. Проста разгарніце мапу Расейскай імпэрыі 1914 году — і ўсё ўбачыце. А для тых, хто сумняецца — паглядзіце, як аднаўляў імпэрыю ў 1939–40 гадах папярэдні «зьбіральнік» «исконно русских земель» Ёсіф Сталін. У таго таксама ўсё ішло строга ў адпаведнасьці з мапай імпэрыі Раманавых: Хэльсынкі, Талін, Рыга, Вільня, Варшава, Кішынёў.

Як маленькі дыктатар спрабаваў перахітрыць вялікага

Нам толькі здаецца, што сьвет упершыню перажывае нешта падобнае. У сярэдзіне мінулага стагодзьдзя іншы аматар гісторыі таксама спрабаваў аднаўляць гістарычную справядлівасьць і перакройваць мапу кантынэнту паводле ўласных «хацелак». Маленькія краіны, сувымерныя зь сёньняшняй Беларусьсю, паводзіліся ў той сытуацыі па-рознаму. Адны (як, напрыклад, Данія, Грэцыя, Нарвэгія) спрабавалі супрацьстаяць агрэсіі. І, хоць былі асуджаныя на акупацыю, урэшце разам з усёй антыгітлераўскай кааліцыяй сьвяткавалі перамогу. Іншыя (іх няшмат, але яны былі: Вугоршчына, Славаччына, Баўгарыя) сталі на бок агрэсара.

Асабліва адметныя, на маю думку, гістарычныя паралелі з Баўгарыяй. На пачатак Другой сусьветнай вайны гэта была маленькая дыктатарская краіна на чале з царом Барысам. Ён спрабаваў лявіраваць паміж рознымі полюсамі сілы, але ўрэшце стаў на бок Гітлера, які выглядаў наймацнейшым. На пачатку 1941-га са згоды баўгарскага дыктатара тут зьявіліся першыя падразьдзяленьні вэрмахту. Баўгарыя далучылася да Бэрлінскага пакту. 6 красавіка 1941 году ў тым ліку з баўгарскай зямлі пачалося нямецкае ўварваньне ў Югаславію і Грэцыю. Адметна, што Баўгарыя прадаставіла немцам сваю тэрыторыю, у тым ліку аэрадромы, аднак выкрутлівы цар Барыс дамогся таго, каб самі баўгарскія арміі непасрэдна ва ўварваньні ня ўдзельнічалі.

Баўгарыя спаўна скарысталася з гітлераўскіх захопаў, значна пашырыла свае межы коштам суседзяў. Але як толькі Гітлер стаў прайграваць, пасьля Эль-Аламэйну і Сталінграду, пранырлівы баўгарскі дыктатар стаў шукаць кантакту з англа-амэрыканскімі коламі, каб пераскочыць на бок пераможцаў. Абвэр і СД гэта тут жа выкрылі, зьявіліся вялікія падозраньні ў Гітлера. Цар Барыс быў тут жа выкліканы ў стаўку фюрэра для тлумачэньняў. 28 жніўня 1943 году, падчас вяртаньня пасьля рандэву з Гітлерам у Сафію, цар Барыс раптоўна памёр. Ва ўзросьце 49 гадоў. Афіцыйна паведамілі: ад інфаркту. З кожным можа здарыцца.

Перажыць двух дыктатараў

Зьмены ў Расеі адбудуцца тады, калі ня стане Пуціна. У Беларусі — калі ня стане ні Пуціна, ні Лукашэнкі. Выглядае, нам няма на што спадзявацца, як толькі на час. І Пуцін, і Лукашэнка — ужо ня ў тым узросьце, калі закамплексаваныя фэльдфэбэлі вядуць вялікія шматгадовыя заваёўніцкія паходы дзеля пераўладкаваньня сьвету. Адольфу Гітлеру, калі ў яго канчаткова высьпелі пляны вялікай агрэсіі, а дзеля рэалізацыі тых плянаў зьявіліся танкавыя дывізіі і Люфтаффэ, было 49 гадоў. Пуціну сёлета 70 (Лукашэнку трохі меней — 68).

У Пуціна яўна няма наперадзе тых двух дзесяцігоддзяў фізычнай і інтэлектуальнай моцы і актыўнасьці, безь якіх наўрад ці магчыма кіраваць усёй гэтай вялізнай апэрацыяй пераўладкаваньня сьвету. Ягоныя неўтаймоўныя геапалітычныя апэтыты абмежаваныя найперш ягоным уласным жыцьцёвым рэсурсам. (Хоць, вядома, ня толькі гэтым — але і адзінствам заходняга сьвету.) І ёсьць надзея, што яму проста ня хопіць часу, каб на працягу многіх гадоў краіну за краінай вяртаць колішнія імпэрскія ўскраіны «ва ўлоньне нашага славянства».

Ён яўна заклапочаны ўласным месцам у сусьветнай гісторыі. Але пакуль што за 22 гады яму ўдалося адваяваць толькі нейкія ашмёткі былой вялікай імпэрыі. Чачня, Абхазія, Паўднёвая Асэтыя, Крым, Данбас — гэта толькі дробныя фрагмэнты, кавалачкі, якіх яўна недастаткова, каб застацца ў гісторыі вялікім зьбіральнікам, заваёўнікам. Пуцін — майстар малых войнаў, але гэтага яму яўна мала. Вяртаньне Ўкраіны — вось што магло б зрабіць яго вялікім для нашчадкаў. І рэалізацыю гэтай ягонай мары мы, хутчэй за ўсё, зараз і назіраем. З жахам.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG