Супрацьпраўныя дзеяньні гэтых людзей, паводле ведамства, палягалі ў рассыланьні лістоў з заклікам да сяброў выбарчых камісій «лічыць галасы сумленна».
Увечары ў этэры праграмы «Контуры» на АНТ паказалі сюжэт з затрыманымі ў гэтай справе. Усім ім можа пагражаць да 5 гадоў калёніі паводле ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэксу (Перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў, права на ўдзел у рэфэрэндуме, альбо рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян, альбо рабоце Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, выбарчых камісій, камісій па рэфэрэндуме, камісій па правядзеньні галасаваньня аб адкліканьні дэпутата).
А яшчэ раней МУС паведаміў аб тым, што ў Беларусі распачалі дзевяць крымінальных спраў, зьвязаных з правядзеньнем рэспубліканскага рэфэрэндуму.
Начальнік Галоўнага ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі МУС Аляксандар Купчэня паведаміў на прэс-канфэрэнцыі, што ў Беларусі завялі дзевяць крымінальных спраў, зьвязаных з надыходзячым канстытуцыйным рэфэрэндумам, прызначаным на 27 лютага.
На гэты момант праваабаронцам вядомыя прозьвішчы 5 чалавек, затрыманых у гэтай справе. Гэта жыхары Менску Вячаслаў Дашкевіч, Міхаіл Хаміцэвіч, берасьцейскі студэнт Раман Карпук (яго маці таксама паказалі ў сюжэце АНТ), а таксама Тацяна Заяц, Мікалай Карабко і Кацярына Купрыянава.