Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне засудзілі грамадзяніна Беларусі, які нібыта дапамагаў у кантрабандзе вайсковых тавараў


Экс-камандзір украінскага батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка ў судзе ў сакавіку 2021.
Экс-камандзір украінскага батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка ў судзе ў сакавіку 2021.

Грамадзянін Беларусі, ураджэнец Ганцавічаў, які, паводле вэрсіі сьледзтва, дапамагаў экс-камандзіру ўкраінскага добраахвотніцкага батальёну «Данбас» Сямёну Сяменчанку і добраахвотніку Яўгену Шаўчэнку незаконна перамяшчаць вайсковыя запчасткі для продажу на тэрыторыі Ўкраіны, прызнаў сваю віну.

Такім чынам ён пазьбег пакараньня ў выглядзе пазбаўленьня волі.

Беларусу інкрымінавалі частку 2 артыкула 333 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны: парушэньне ў складзе арганізаванай групы парадку ажыцьцяўленьня міжнародных перадач тавараў, якія падлягаюць дзяржаўнаму экспартнаму кантролю, караецца абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да пяці гадоў.

Грамадзянін Беларусі пайшоў на ўгоду са сьледзтвам, у выніку чаго суд пастанавіў спагнаць зь яго штраф у памеры 42,5 тысячы грыўняў (1,5 тысячы даляраў у эквіваленце). Адметна, што беларуса не зьмяшчалі пад варту на час расьсьледаваньня.

Ягоная справа была выдзеленая ў асобнае вядзеньне і разглядалася ў Рэпкінскім раённым судзе Чарнігаўскай вобласьці, бо злачынства было ўчыненае на тэрыторыі гэтага раёну — у Новых Ярылавічах, празь якія незаконна перамяшчаліся запчасткі для вайсковай тэхнікі.

У судовым рашэньні прозьвішча беларуса няма. Ягоная адвакатка Тацяна Глушкова адмовілася назваць імя свайго падабароннага. «Я ня буду размаўляць па гэтай справе», — сказала Свабодзе адвакатка.

Свабода высьветліла, што гаворка ідзе пра беларускага індывідуальнага прадпрымальніка Алега Шыбута, які займаецца перавозкамі.

Згодна з фабулай справы, запчасткі (а гэта клістроны для сыстэм супрацьпаветранай абароны ЗРК С-300 і запчасткі для танкаў Т-64 і Т-72) набываліся ў Расеі і празь Беларусь перамяшчаліся ва Ўкраіну па-за зонай мытнага кантролю. Запчасткі перавозіліся ў грузавіку IVECO, які належаў прадпрыемству грамадзяніна Беларусі, на адрас кіеўскай кампаніі «Скайлайн Логістік» пад выглядам запчастак для будаўнічай дарожнай тэхнікі.

Што кажуць пра справу беларуса адвакаты Сяменчанкі і Шаўчэнкі

«Наколькі я ведаю, у справе Сямёна Сяменчанкі некалькі эпізодаў выдзеленыя ў асобныя справы. Імаверна, што і гэтая справа таксама. Але пры гэтым хачу заўважыць, што Сямёну гэты артыкул — аб парушэньні правілаў міжнародных перадач тавараў, якія падлягаюць дзяржаўнаму экспартнаму кантролю, — не інкрымінуецца, хоць ён у гэтай справе і згадваецца. Гэты артыкул інкрымінуецца іншаму фігуранту справы Яўгену Шаўчэнку», — сказаў Свабодзе Ўладзіслаў Добаш, адвакат Сямёна Сяменчанкі.

Паводле яго, калі суд зацьвярджае ўгоду са сьледзтвам, то доказы не правяраюцца. «Уласна кажучы, суд прымае на веру тое, на што чалавек пагадзіўся. Калі падазраваны ідзе на ўгоду, то справа выдзяляецца асобна. А калі так, як у выпадку Сяменчанкі і Шаўчэнкі, якія не пагаджаюцца на ўгоду, то суд разглядае справу па сутнасьці, вывучае абставіны і дасьледуе ўсе доказы», — патлумачыў адвакат.

«Рашэньне пайсьці на ўгоду са сьледзтвам — выключна асабістая справа чалавека, хоць мог быць ціск, шантаж ці нейкія абяцаньні. Але гэта ніякім чынам не паўплывае на разгляд агульнай справы», — падкрэсьліў Уладзіслаў Добаш.

Андрэй Наход, адвакат Яўгена Шаўчэнкі, сказаў Свабодзе, што ні ягоны падабаронны, ні Сямён Сяменчанка ніколі не перасякаліся, не кантактавалі і не супрацоўнічалі з грамадзянінам Беларусі Шыбутам. «І Шаўчэнка яго ня ведае, што найбольш цікава. Шаўчэнку ўпісалі ў гэтую справу як таго, хто нібыта арганізоўваў далейшы продаж гэтых незаконна ўвезеных празь мяжу запчастак, які ажыцьцяўлялі іншыя грамадзяне Ўкраіны пры спрыяньні грамадзян Беларусі. Вось такая схема», — удакладніў ён.

Што папярэднічала

У сакавіку 2021 году Служба бясьпекі Ўкраіны заявіла, што спыніла дзейнасьць незаконнага ўзброенага фармаваньня, так званай «прыватнай вайсковай кампаніі», якая плянавала і рыхтавала цяжкія злачынствы, у тым ліку і супраць асноў нацыянальнай бясьпекі. Паводле сьледзтва, яе арганізатарамі былі экс-дэпутат і экс-камандзір батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка і добраахвотнік Яўген Шаўчэнка, які пасьля працаваў агентам Нацыянальнага антыкарупцыйнага бюро.

У траўні 2021-га стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў межах двухбаковага пагадненьня аб міжнароднай прававой дапамозе зьвярнуўся ў праваахоўныя органы Ўкраіны па правядзеньне допытаў зь некалькімі фігурантамі справы Мікалая Аўтуховіча.

У прыватнасьці, гаворка ішла пра беларуску Алену Васільеву, якая ўцякла ва Ўкраіну ў верасьні 2020-га, беларускага добраахвотніка Дзьмітрыя Палойку, экс-камандзіра батальёну «Данбас» Сямёна Сяменчанку, а таксама шэраг іншых грамадзян Украіны, зь якімі Мікалай Аўтуховіч нібыта сустракаўся ў часе сваёй паездкі ва Ўкраіну ў лістападзе 2020 году.

Адпаведнае даручэньне КДБ накіраваў СБУ 24 лютага 2021 году, а празь месяц ва Ўкраіне арыштавалі Сямёна Сяменчанку паводле падазрэньня ў стварэньні прыватнай вайсковай кампаніі і ў тэрарыстычным акце. 14 ліпеня яго вызвалілі пад хатні арышт, але СБУ абскардзіла гэтае рашэньне, і 26 ліпеня экс-камандзіра батальёну «Данбас» зноў узялі пад варту.

У судзе Сямён Сяменчанка заявіў пра сувязь ягонай справы з запытам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі і фабрыкацыяй аналягічнага расьсьледаваньня ў Беларусі супраць Мікалая Аўтуховіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG