Чэхія ўпершыню ў сваёй гісторыі стала цалкам незалежнай ад паставак расійскай нафты. Аб гэтым у чацьвер 17 красавіка заявіў прэм’ер-міністар Чэхіі Пэтар Фіяла, паведамляе чэскае інфармацыйнае агенцтва ČTK.
Гэта адбылося пасьля завяршэньня мадэрнізацыі магутнасьцяў нафтаправоду TAL, па якім нафта паступае з італьянскага порту Трыест. Праект пашырэньня магутнасьцяў нафтаправоду пачалі рэалізоўваць на ініцыятыву чэскага ўраду восеньню 2022 году, пасьля расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Выдаткі склалі 70 мільёнаў эўра.
Цяпер Чэхія можа перапампоўваць да 8 мільёнаў тон сырой нафты ў год з трубаправодаў, не зьвязаных з Расеяй, што цалкам пакрые спажываньне нафтаперапрацоўчых заводаў у Чэхіі.
«Мы зрабілі яшчэ адзін крок на шляху да нашай энэргетычнай незалежнасьці», — заявіў прэм’ер-міністар краіны.
Па нафтаправодзе «Дружба» з Расеі нафта паступала ў Чэхаславакію і потым у незалежную Чэхію з 1962 году. Яшчэ летась па ім паставілі ў Чэхію 2,7 мільёна тон нафты, што складала прыкладна 42% ад агульнага абʼёму паставак нафты ў краіну. Ужо некалькі тыдняў, аднак, нафта па гэтым нафтаправодзе ў Чэхію не паступае. Улады Чэхіі раней заяўлялі, што да сярэдзіны году будуць цалкам гатовыя да адмовы ад расейскай нафты.
Раней Украіна ўжо спыніла пастаўкі ў Вугоршчыну расейскай нафты праз нафтаправод «Дружба», які ідзе па беларускай тэрыторыі.
Нафтаправод «Дружба» праходзіць ад расейскага Татарстану праз Самару і Бранск у беларускі горад Мазыр, адкуль ідуць разгалінаваньні ў Польшчу і Ўкраіну (там паўднёвая галіна разьдзяляецца на Вэнгрыю і Славакію, Чэхію.
Беларусь мае даход ад транзыту расейскай нафты.
Форум