Фонд салідарнасьці BySol разам з партнэрамі абвясьціў пра адкрыцьцё традыцыйнага збору ў падтрымку дзяцей беларускіх палітвязьняў напярэдадні летніх вакацыяў.
Сем’і палітвязьняў ужо могуць падаць заяўку на атрыманьне дапамогі, а ўсе астатнія — падтрымаць акцыю ахвяраваньнем.
Сабраныя грошы плянуюць выдаткаваць на летнія экскурсіі, паездкі і падарожжы для дзяцей палітвязьняў, дзіцячыя лягеры, а таксама на адукацыйныя гурткі, спартовыя сэкцыі і рыштунак для гульняў і спорту.
На кожнае дзіця да 16 гадоў плянуюць выплаціць па 100 эўра.
Заяўку на атрыманьне дапамогі да 18 траўня ўключна могуць падаць
- сем’і палітвязьняў зь дзецьмі, у якіх адзін з бацькоў (ці абое) знаходзяцца ў зьняволеньні ня менш за тры месяцы (у тым ліку, на «хіміі» з накіраваньнем ці без);
- былыя палітвязьні зь дзецьмі;
- бацькі, якія адбываюць «хатнюю хімію» і пры гэтым маюць інваліднасьць, або пэнсіянэры, або выхоўваюць дзяцей да 3 гадоў.
Заяўкі на атрыманьне дапамогі прымаюць ад бацькоў як у Беларусі, так і за яе межамі — для гэтага трэба запоўніць адпаведную форму. Пры асьцярогах за ўласную бясьпеку бацькоў просяць запоўніць форму, не дасылаючы дакумэнты — зь імі зьвяжуцца.
Арганізатар акцыі — праект «Хуткая гуманітарная дапамога», у які ўваходзяць Фонды BYSOL, By_Help, «Краіна для Жыцьця» і Dissidentby.
Усіх неабыякавых заклікаюць падтрымаць збор для дзяцей палітвязьняў.
«Калі адзін з бацькоў апынаецца за кратамі, а другі вымушаны ратавацца за мяжой, пакутуюць у першую чаргу дзеці. Сёньня сотні сем’яў палітвязьняў жывуць у эміграцыі, сутыкаючыся з фінансавымі і побытавымі праблемамі. Іх дзеці пазбаўленыя свайго дому, сувязяў і часьцяком самага неабходнага. Гэта не абстрактная дабрачыннасьць, а канкрэтная дапамога дзецям, якія проста цяпер маюць патрэбу ў нашай салідарнасьці», — гаворыцца на старонцы збору.
BySol і праект «Хуткая гуманітарная дапамога» рэгулярна арганізуюць дабрачынныя зборы для дзяцей беларускіх палітвязьняў таксама напярэдадні новага навучальнага году, на Каляды.
Летась у рамках арганізаванага фондам салідарнасьці BySol дабрачыннага збору для дзяцей беларускіх палітвязьняў сабралі больш за 20 тысяч эўра.
У 2023 годзе на адпачынак дзяцей палітвязьняў сабралі 28 006 эўра. Дапамогу тады атрымалі 270 дзяцей са 149 семʼяў.
Міжнародны дзень абароны дзяцей адзначаецца штогод 1 чэрвеня. Цягам пяці апошніх гадоў перад гэтым днём стартуе акцыя для дзяцей палітвязьняў.