Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высьветлілася, што ў СБУ ня ведаюць, хто ў Кіеве сачыў за Аўтуховічам і запісваў ягоныя размовы


Мікалай Аўтуховіч
Мікалай Аўтуховіч

Служба бясьпекі Ўкраіны адказала Свабодзе, што ня мае інфармацыі, хто адсочваў перамяшчэньні і сустрэчы Мікалая Аўтуховіча ў Кіеве і запісваў ягоныя размовы, якія пазьней прагучалі ў фільме дзяржаўнага тэлеканалу ОНТ «Тратыл пратэсту».

«На ліст Беларускай службы Радыё Свабода наконт сачэньня за грамадзянінам Рэспублікі Беларусь і праслухоўваньнем ягоных размоў паведамляем пра адсутнасьць інфармацыі, якую запытвалі», — гаворыцца ў адказе, падпісаным начальнікам упраўленьня СБУ па ўзаемадзеяньні з сродкамі масавай інфармацыі і грамадзкасьцю Арцёма Дзехцярэнкі.

У сваім запыце Беларуская служба Радыё Свабода прасіла адказаць на наступныя пытаньні:

  • Ці былі датычныя супрацоўнікі СБУ да праслухоўваньня і сачэньня за грамадзянамі Беларусі і Ўкраіны на ўкраінскай тэрыторыі?
  • Ці магчымыя былі такія дзеяньні з боку беларускіх спэцслужбаў і ці ўзгаднялі яны з СБУ такія дзеяньні?
  • Хто і на якой падставе ажыцьцяўляў праслухоўваньне, і каму перадаваліся гэтыя запісы?
  • Хто і на якіх падставах сачыў за Мікалаем Аўтуховічам ва Ўкраіне?
  • Якім чынам запісы размоў трапілі ў Беларусь?

У фільме ОНТ былі прадэманстраваныя высакаякасныя тэлефонныя размовы зь нібыта экс-камандзірам добраахвотніцкага батальёну «Данбас» Сямёнам Сяменчанкам, з вэтэранам гэтага батальёну, былым грамадзянінам Беларусі Дзьмітрыем Палойкам, з уласьніцай кватэры, у якой нібыта жыў Мікалай Аўтуховіч у Кіеве, з прадаўцом украінскай крамы зброі, а таксама шэрагам неідэнтыфікаваных асобаў з указаньнем нумароў украінскіх мабільных апэратараў і з грамадзянкай Беларусі Аленай Васільевай, якая зьвярнулася ва Ўкраіне па статус уцекача.

Што папярэднічала

Сёлета ў траўні стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў межах двухбаковага пагадненьня аб міжнароднай прававой дапамозе зьвярнуўся ў праваахоўныя органы Ўкраіны па правядзеньне допытаў зь некалькімі фігурантамі справы Мікалая Аўтуховіча.

У прыватнасьці, КДБ хоча дапытаць беларуску Алену Васільеву, якая ўцякла ва Ўкраіну летась у верасьні, беларускага добраахвотніка Дзьмітрыя Палойку, а таксама шэраг грамадзян Украіны, зь якімі Мікалай Аўтуховіч нібыта сустракаўся ў часе сваёй паездкі ва Ўкраіну ў лістападзе 2020 году.

Адпаведнае даручэньне КДБ накіраваў СБУ 24 лютага 2021 году, а празь месяц ва Ўкраіне арыштавалі Сямёна Сяменчанку паводле падазрэньня ў стварэньні прыватнай вайсковай кампаніі і ў тэрарыстычным акце. 14 ліпеня яго вызвалілі пад хатні арышт, але СБУ абскардзіла гэтае рашэньне, і 26 ліпеня экс-камандзіра батальёну «Данбас» зноў узялі пад варту.

У судзе Сямён Сяменчанка заявіў пра сувязь ягонай справы з запытам Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі і фабрыкацыяй аналягічнага расьсьледаваньня ў Беларусі супраць Мікалая Аўтуховіча.

«Гэта даручэньне, якое ў часе вайны КДБ краіны, кіраўніцтва якой не прызнана ўсім сьветам, выдае ўкраінскаму СБУ», — падкрэсьліў Сямён Сяменчанка.

Экс-камандзір батальёну «Данбас» таксама заявіў, што цягам усяго 2020 году ягоная кампанія бясьпекі працавала «ў якасьці структуры прыкрыцьця Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны».

«Канкрэтна — дапамагалі беларускім патрыётам, якія сюды прыяжджалі, бо чакалі ўварваньня Расеі ў Беларусь, як гэта адбылося ў 2014 годзе ва Ўкраіну, дапамагалі ім атрымаць навыкі самаабароны, тлумачылі, куды магчыма вывезьці сем’і на выпадак чаго. То бок фактычна мы зьяўляемся спэцыялістамі, і ўнікальнымі спэцыялістамі, па стварэньні атрадаў самаабароны, па стварэньні добраахвотніцкіх батальёнаў. І ў гэтай якасьці мы былі далучаныя Галоўным упраўленьнем выведкі Мінабароны», — патлумачыў Сямён Сяменчанка.

Галоўнае пра «справу Аўтуховіча» ў Беларусі

Пра затрыманьне «групы Аўтуховіча» дзяржаўныя СМІ расказалі 8 сьнежня. Паводле іх, за падпаламі дома міліцыянта ў Ваўкавыску і падрывам аўтамабіля супрацоўніка міліцыі ў Горадні стаіць групоўка, якой кіраваў ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч.

Спачатку Сьледчы камітэт пачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 218 КК (наўмыснае пашкоджаньне маёмасьці, учыненае агульнанебясьпечным спосабам). Потым Генпракуратура перакваліфікавала яго на ч. 1 арт. 289 (акт тэрарызму), які прадугледжвае пазбаўленьне волі да 15 гадоў.

На пачатку лютага абноўлены сьпіс арганізацый і фізычных асобаў, якія маюць дачыненьне да тэрарыстычнай дзейнасьці, зьявіўся на сайце КДБ Беларусі. Паводле ведамства, апроч самога Аўтуховіча, у ягоную «групу» ўваходзілі 12 чалавек. Сярод іх Сяргей Разановіч, ягоная жонка Людміла і дарослы сын Павал, якія нібыта дапамагалі Аўтуховічу хавацца ад праваахоўнікаў.

Уладзімер Гундар і былая актывістка АГП, жыхарка Крупскага раёну Вольга Маёрава зналі Аўтуховіча, падтрымлівалі зь ім сувязь і, па вэрсіі сьледзтва, могуць быць датычнымі да злачынства, якое ён нібыта рыхтаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG