Што ён сказаў у судзе пра прычыны свайго перасьледу і як гэта зьвязана з сытуацыяй у Беларусі?
«Мы працавалі пад прыкрыцьцём украінскай выведкі»
Сямён Сяменчанка быў затрыманы сёлета ў сакавіку паводле падазрэньня ў стварэньні незаконнага ўзброенага фармаваньня. Пазьней яму выставілі дадатковае абвінавачаньне ў тэрарызьме паводле факту ўзброенага нападу ў ліпені 2019 году на тэлеканал «112» (сёлета Рада нацыянальнай бясьпекі і абароны ўхваліла рашэньне аб закрыцьці гэтага канала як прарасейскага. — РС).
У сваёй прамове Сямён Сяменчанка непасрэдна зьвязаў усе падзеі, якія адбываліся ў Беларусі з кастрычніка 2020 году, са сваім затрыманьнем.
«Усе абвінавачаньні ў незаконных узброеных фармаваньнях і тэрарызьме выстаўленыя, каб даць магчымасьць Лукашэнку сфабрыкаваць крымінальную справу супраць беларускіх патрыётаў, якія, як і я ў Кіеве, сядзяць у Менску і Горадні па абвінавачаньні ў тэрарызьме», — заявіў Сямён Сяменчанка.
Ён пераказаў храналёгію таго, як у Беларусі затрымлівалі «групу Ігара Аліневіча» (беларускіх анархістаў), а пазьней «групу Міколы Аўтуховіча», якія потым былі абвінавачаныя ў тэрарызьме.
«Гэта нахабна сфальсыфікаваная справа і вынік здрады, учыненай кіраўніцтвам Украіны, якое выдала загад сфабрыкаваць супраць нас крымінальную справу. Першае. Не існуе ніякіх чальцоў ПВК (прыватнай вайсковай кампаніі) Сяменчанкі, ніякіх тэрарыстаў. Ёсьць людзі, арыштаваныя, якія з рызыкай для жыцьця, канфідэнцыйна супрацоўнічалі з украінскай вайсковай выведкай у інтарэсах нацыянальнай бясьпекі Ўкраіны і выконвалі дзеяньні па супрацьдзеяньні Пуціну на акупаваных тэрыторыях і за межамі Ўкраіны», — заявіў Сямён Сяменчанка.
«Абвінавачаньні выстаўленыя пасьля запыту КДБ Беларусі»
Былы дэпутат і добраахвотнік асобна зьвярнуў увагу на тое, што яму выставілі абвінавачаньні толькі пасьля таго, як СБУ атрымала запыт Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі, паводле якога ад яго цяпер патрабуюць «выдаць усе канфідэнцыйныя тэлефоны базы прыкрыцьця і апэрацыі ўкраінскай вайсковай выведкі».
«Гэта даручэньне, якое ў часе вайны КДБ краіны, кіраўніцтва якой не прызнана ўсім сьветам, выдае ўкраінскаму СБУ», — падкрэсьліў Сямён Сяменчанка.
Ён дадаў, што цягам усяго 2020 году ягоная кампанія бясьпекі працавала «ў якасьці структуры прыкрыцьця Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны».
«Канкрэтна — дапамагалі беларускім патрыётам, якія сюды прыяжджалі, бо чакалі ўварваньня Расеі ў Беларусь, як гэта адбылося ў 2014 годзе ва Ўкраіну, дапамагалі ім атрымаць навыкі самаабароны, тлумачылі, куды магчыма вывезьці сем’і на выпадак чаго. То бок фактычна мы зьяўляемся спэцыялістамі, і ўнікальнымі спэцыялістамі, па стварэньні атрадаў самаабароны, па стварэньні добраахвотніцкіх батальёнаў. І ў гэтай якасьці мы былі далучаныя Галоўным упраўленьнем выведкі Мінабароны», — патлумачыў Сямён Сяменчанка.
Пра запісы размоваў зь беларусамі
Сямён Сяменчанка таксама зьвярнуў асобную ўвагу на тое, што ў прапагандысцкім фільме на адным зь дзяржаўных тэлеканалаў былі выкарыстаныя запісы тэлефонных размоў з затрыманымі беларусамі.
«Дзяржаўны канал апублікаваў дзьве сэрыі фільму пра справу Аўтуховіча, і ў перадачы зброі Аўтуховічу КДБ абвінаваціла мяне і майго былога байца батальёну „Данбас“ Дзьмітрыя Палойку. Мяне ўразіла нават ня тое, што нас абвінавацілі, а тое, што ў руках КДБ апынуліся тэлефонныя перамовы ўсіх людзей, якія сюды прыяжджалі і якіх мы перанакіроўвалі ў Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны. Цалкам усе іхныя размовы. За імі сачылі ва Ўкраіне і затрымалі па прыбыцьці ў Беларусь. Такія магчымасьці, прабачце, ёсьць толькі ў СБУ», — заявіў Сямён Сяменчанка.
Ён дадаў, што цягам усяго знаходжаньня пад вартай яго дапытвалі толькі паводле пытаньняў, вызначаных у запыце КДБ.
«Раз на 10 дзён выклікаюць майго адваката, прыходзіць чарговы сьледчы і 15–20 хвілін (яму сказалі па такім графіку кантактаваць) запытваецца: „Ну што вы можаце сказаць? Нічога? Дзякуй, да пабачэньня“. Увесь іншы час мяне дапытвалі па запыце КДБ на падставе тэлефонных перамоў з Аўтуховічам. Насамрэч гэтыя перамовы вёў супрацоўнік вайсковай выведкі, а запісалі, што гэта быў я. І далей — ці быў я знаёмы з такім, ці карыстаюся я такім нумарам тэлефона... Ад мяне патрабуюць назваць нумары тэлефонаў людзей з вайсковай выведкі, іхнай базы прыкрыцьця, і расказаць, фактычна сфармаваць, базу доказаў, каб пасадзілі гэтых бедных беларусаў фактычна пажыцьцёва, ці каб можна было нават іх расстраляць».
Паводле Сямёна Сяменчанкі, супрацоўнікі пракуратуры добра ведаюць пра ягоную супрацу з вайсковай выведкай. «Прадстаўнік СБУ сустракаўся непасрэдна і з пракурорамі, якія вядуць гэтую справу. Усё яны цудоўна ведаюць. Гэта першае. Другое. Некаторым нашым палітычным дзеячам вельмі хочацца нахіліцца перад рэжымам Лукашэнкі і падарыць яму мой скальп».
Што кажуць у СБУ пра заявы Сяменчанкі ў судзе
У прэсавым цэнтры Службы бясьпекі Ўкраіны пакуль не камэнтуюць інфармацыю пра перадачу КДБ запісаў тэлефонных размоў зь Мікалаем Аўтуховічам, якую агучыў Сямён Сяменчанка ў судзе.
«Я не магу камэнтаваць тое, што сказаў спадар Сяменчанка. У нас актуальная навіна па Сяменчанку — гэта тое, што яму зьмянілі меру папярэдняга стрыманьня на кругласуткавы хатні арышт. І цяпер праваахоўныя органы будуць падаваць апэляцыю на такое рашэньне суду», — сказаў Свабодзе сьпікер СБУ Арцём Дзехцярэнка.
У той жа час ён паабяцаў удакладніць інфармацыю пра магчымую перадачу запісаў тэлефонных размоў у межах запыту КДБ Беларусі.
Сёлета ў траўні стала вядома, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі ў межах двухбаковага пагадненьня аб міжнароднай прававой дапамозе зьвярнуўся ў праваахоўныя органы Ўкраіны па правядзеньне допытаў зь некалькімі фігурантамі справы Мікалая Аўтуховіча.
У прыватнасьці, КДБ хоча дапытаць беларуску Алену Васільеву, якая ўцякла ва Ўкраіну летась у верасьні, беларускага добраахвотніка Дзьмітрыя Палойку, а таксама шэраг грамадзян Украіны, зь якімі Мікалай Аўтуховіч нібыта сустракаўся ў часе сваёй паездкі ва Ўкраіну ў лістападзе 2020 году.