Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: жонка Івашына адмовілася ад допыту ў ягонай справе


Журналіст Дзяніс Івашын, архіўнае фота 2018 году
Журналіст Дзяніс Івашын, архіўнае фота 2018 году

Паводле стану на 3 лютага беларускія праваабаронцы прызналі палітычнымі зьняволенымі 1022 чалавек. Свабода працягвае сачыць за лёсамі палітвязьняў.

Жонка зьняволенага журналіста Дзяніса Івашына Вольга адмовілася ісьці на допыт у сьледчы аддзел упраўленьня КДБ па Горадзенскай вобласьці і даваць якія-кольвек паказаньні. Пра гэта Вольга Івашына напісала ў Фэйсбуку.

Як патлумачыла Вольга, сьледчы Лаўранчук спачатку перадаваў жаданьне яе пабачыць праз адваката Дзяніса, кажучы, што хоча «вярнуць ёй некаторыя рэчы з вынятага 12 сакавіка 2021» падчас ператрусу, хоць рэчы павінны былі вярнуць маці Івашына, пра што той зьвяртаўся з адпаведнай заявай. Пазьней сьледчы паведаміў адвакату, што хоча выклікаць Вольгу на «допыт у якасьці сьведкі па справе мужа». А 31 студзеня патэлефанаваў маці журналіста Людміле Івашынай і папрасіў перадаць Вользе, што даслаў ёй позву на хатні адрас.

Паводле Вольгі Івашынай, у гэтыя дні яе не было ў горадзе, таму ні атрымаць позву, ні трапіць на допыт у той жа дзень, калі сьледчы пазваніў маці Івашына (у позьве значыцца дата 31 студзеня), яна фізычна не магла.

«Таму ані часу, ані магчымасьцяў, а тым больш аніякага жаданьня бегаць на размовы зь непрыемнымі мне асобамі, калі і размаўляць нам няма пра што, я ня маю. Таму я, даведаўшыся пра існаваньне гэтай „позвы“, напісала ў адказ заяву пра тое, што ніякіх паказаньняў я нікому зь іх даваць не зьбіраюся, і даслала адрасатам разам з чарговым патрабаваньнем спатканьня зь Дзянісам (фатакопію таксама прыкладаю)», — напісала Вольга Івашына.

2 лютага стала вядома, што Вольгу Івашыну выклікалі на допыт у сьледчы аддзел упраўленьня КДБ па Горадзенскай вобласьці ў якасьці сьведкі ў крымінальнай справе. Пра якую канкрэтна справу вядзецца, у позьве не паведамляецца.

Дзяніс Івашын за кратамі ўжо 327 дзён — з сакавіка 2021 году — і фактычна адрэзаны ад камунікацыі з роднымі, сілавікі блякуюць любую перапіску з журналістам.

Яго затрымалі 12 сакавіка 2021 году за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў». Івашын валянтэрыў як рэдактар сайта міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час». У «здрадзе дзяржаве» Дзяніса вінавацяць за супрацоўніцтва з InformNapalm. Ён сядзіць у СІЗА турмы № 1 у Горадні.

Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх бэркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

Цяпер у няволі ў Беларусі застаюцца 32 прадстаўнікі мэдыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG