Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны палітвязьняў: журналіст Дзяніс Івашын зноў у карцары, перадачу ад жонкі не прынялі


Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

У Беларусі на 24 сьнежня праваабаронцы прызналі палітвязьнямі 953 чалавекі.

Жонка палітвязьня Вольга ў тэлеграм-канале паведаміла, што яе палітзьняволены муж Дзяніс Івашын зноў зьмешчаны ў карцар.

Пра гэта яна даведалася сёньня, 24 сьнежня, калі спрабавала перадаць яму перадачу. На колькі дзён яго зьмясьцілі ў карцар і чаму — невядома. Перадачу ў Вольгі прымаць адмовіліся. Яна мяркуе, што Дзяніса будуць там трымаць увесь сьвяточны час.

Горадзенскі журналіст Дзяніс Івашын за кратамі ўжо 287-ы дзень. Яго затрымалі 12 сакавіка 2021 году ў Горадні, пасьля чаго зьмясьцілі ў абласную турму № 1. Неўзабаве яго абвінавацілі паводле артыкулу 365 КК («умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных справаў»). У адным з артыкулаў Івашын выкарыстаў апублікаваныя на афіцыйным сайце горадзенскай міліцыі зьвесткі, што стала падставай для затрыманьня.

У канцы кастрычніка Івашыну выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве» (частка 1 артыкулу 356 КК Беларусі). Цяпер яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня.

Родныя Дзяніса ня раз адзначалі праблемы ліставаньня зь ім, жонка кажа, што ад яго няма лістоў ужо 100 дзён.

Таксама журналіста ўжо неаднойчы зьмяшчалі ў карцар. Жонка Івашына паведамляла, што пасьля карцару Дзяніс Івашын схуднеў, у яго абвастрыліся праблемы са здароўем, яму патрэбнае мэдычнае абсьледаваньне. Сам ён у лістападзе напісаў заяву на сустрэчу з доктарам у турме, з жончыных словаў, ён па-ранейшаму адчувае праблемы з сэрцам (улетку ў яго здарыўся сардэчны прыступ).

Падтрымаць палітвязьня можна, напісаўшы яму ліст на адрас: Івашын Дзяніс Яўгенавіч. Турма № 1, 230023, г. Гродна, вул. Кірава, 1.

Хто такі Дзяніс Івашын

  • Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
  • Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
  • Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
  • Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
  • Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»). Яму пагражае да 3 год пазбаўленьня волі.
  • Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
  • Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
  • У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
  • Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
  • У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
  • Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG