Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паводле артыкулу «здрада дзяржаве» сядзяць 12 палітвязьняў. Хто яны?


Сілавікі на маршы падтрымкі страйкоўцаў «Гродна Азот» у Горадні, кастрычнік 2020 году
Сілавікі на маршы падтрымкі страйкоўцаў «Гродна Азот» у Горадні, кастрычнік 2020 году

Праваабаронцам вядома пра 12 палітвязьняў, якіх беларускія ўлады абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве».

Гэта дзевяць работнікаў заводаў, якія праходзяць у справе «Рабочага руху», два журналісты і адзін былы вайсковец, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Нагодамі для абвінавачаньня ў розных выпадках служылі фота сакрэтнага ліста ў Генэральным штабе і перадача яго «экстрэмісцкаму» тэлеграм-каналу, журналісцкія расьсьледаваньні, дзейнасьць страйкамаў і незалежных прафсаюзаў на заводах.

Артыкул 356 Крымінальнага кодэксу Беларусі прадугледжвае пазбаўленьне волі ад 7 да 15 гадоў, для вайскоўцаў — да 20 гадоў калёніі. Гэтыя справы ў Беларусі вядуць органы дзяржаўнай бясьпекі. У Савецкім Саюзе існаваў аналягічны артыкул — «здрада Радзіме», за які маглі расстраляць.

1. Вайсковец Дзяніс Урад

Да затрыманьня Ўрад займаў пасаду спэцсувязіста Генштаба Ўзброеных Сіл Беларусі. Яму 30 гадоў. Мужчыну затрымалі 15 сакавіка 2021 году.

Паводле інфармацыі праўладных мэдыя, 14 сакавіка на дзяжурстве Урад сфатаграфаваў сакрэтны ліст ад міністра ўнутраных спраў міністру абароны пра ўцягваньне 50 вайскоўцаў Узброеных сіл у барацьбу з пратэстоўцамі ў Бараўлянах і Копішчы і «адправіў польскаму тэлеграм-каналу».

Дзяніс Урад
Дзяніс Урад

Вярхоўны суд асудзіў Урада на 18 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама яго пазбавілі званьня капітана. Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Дзяніс адбывае тэрмін у наваполацкай калёніі № 1.

Праваабаронцы «Вясны» даведаліся, што яшчэ аднаго вайскоўца асудзілі за «здраду дзяржаве». Менскі гарадзкі суд пакараў 19 гадамі калёніі падпалкоўніка Галоўнага выведвальнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Дзьмітрыя Самсонава. Аднак сутнасьць абвінавачаньняў невядомая, таму незразумела, ці мае ягоная справа палітычную афарбоўку.

2. Мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў

Журналіста і мэдыямэнэджара зь Менску Андрэя Аляксандрава затрымалі 12 студзеня 2021 году праз падазрэньне ў «фінансаваньні пратэставай дзейнасьці».

Андрэй Аляксандраў
Андрэй Аляксандраў

Аляксандраў, паводле МУС, нібыта супрацоўнічаў з фондам By_help і дапамагаў пратэстоўцам фінансава, у тым ліку аплаціць 250 штрафаў. За што менавіта яму выставілі абвінавачаньне ў «здрадзе дзяржаве», невядома.

Ён знаходзіцца на «Валадарцы».

3. Журналіст Дзяніс Івашын

Журналіста з Горадні Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных справаў». Івашын валянтэрыў як рэдактар сайту міжнароднай расьследніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».

Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Івашын вядомы сваімі расьследаваньнямі пра ўплыў «рускага сьвету» на Беларусь і Сырыю, пра скандальную забудову ў Курапатах, а таксама пра пераход былых украінскіх бэркутаўцаў у сілавыя структуры Беларусі.

У «здрадзе дзяржаве» Дзяніса вінавацяць за супрацоўніцтва з InformNapalm. Ён сядзіць у СІЗА турмы № 1 у Горадні.

4. Былы работнік «Гродна Азот» Сяргей Шэлест

Працаваў апаратчыкам «самага пратэставага» цэху «Аміяк-3».

5. Былы работнік «Гродна Азот» Андрэй Пагерыла

Працаваў сьлесарам-рамонтнікам цэху «Аміяк-3».

Андрэй Пагерыла (зьлева), Сяргей Шэлест (у цэнтры)
Андрэй Пагерыла (зьлева), Сяргей Шэлест (у цэнтры)

6. Былы работнік «Гродна Азот» Уладзімер Жураўка

Працаваў апэратарам ДПК цэху «Аміяк-3».

7. Работнік «Хімвалакно» (у складзе «Гродна Азот») Валянцін Цераневіч

Працаваў памочнікам майстра. Таксама быў намесьнікам старшыні Беларускага незалежнага прафсаюзу «Гродна Азот».

Валянцін Цераневіч
Валянцін Цераневіч

8. Супрацоўнік БМЗ Аляксандар Гашнікаў

9. Супрацоўнік Беларускай чыгункі Сяргей Дзюба

11. Супрацоўніца Беларускай чыгункі Ганна Аблаб

11. Былы юрысконсульт «Нафтану» Аляксандар Капшуль

Яго затрымалі на тэрыторыі Расеі. Пасьля затрыманьня ў яго была зламаная нага і пашкоджаная рука.

12. Супрацоўнік «Нафтану» Ігар Мінц

Гэтыя дзевяць чалавек сядзяць у справе «Рабочага руху» ў СІЗА № 3 у Гомлі.
Ініцыятыва «Рабочы рух» зьявілася летась у красавіку. Яна аб’ядноўвае работнікаў Беларусі з мэтай абароны іхных грамадзянскіх і працоўных правоў і свабод.

Празь пяць месяцаў затрымалі 13 завадчан і страйкамаўцаў з «Гродна Азот», БМЗ, «Беларускай чыгункі» і «Нафтану» ў межах справы «Рабочага руху».

Пазьней чацьвярых выпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе, заклад і паручальніцтва. Гэта работнікі БМЗ Дзьмітры Елісееў і Сьвятлана Зыль, супрацоўнік Беларускай чыгункі Максім Саковіч, дэфэктоляг Натальля Белабехава. Яны застаюцца ў статусе абвінавачаных.

Як вядома зь фільма «Нерабочы рух» на АНТ, завадчан вінавацяць у «зборы закрытай інфармацыі на прамысловых прадпрыемствах па заданьні замежных спэцслужбаў (Літвы і ЗША)».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG