Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 14 студзеня: затрымалі распрацоўніка праграмы дэанону сілавікоў; 3 гады калёніі за «ўдзел у масавых беспарадках»


Сілавікі ў цэнтры Менску, 2021
Сілавікі ў цэнтры Менску, 2021

Перасьлед беларусаў за іх грамадзянскую пазыцыю працягваецца. Свабода вядзе хроніку рэпрэсій.

МУС сьцьвярджае, што затрымалі распрацоўніка праграмы для дэанону сілавікоў

Як паведамляе МУС, ГУБАЗіК затрымаў 31-гадовага інжынэра-праграміста з Пухавіцкага раёну, які ў кастрычніку 2020 году распрацаваў мабільную праграму, што выяўляла беларускія тавары для адмовы іх купляць (гаворка ідзе пра аплікацыю «BelScan»), і дапамагаў у «дэананімізацыі супрацоўнікаў праваахоўных органаў».

Сілавікі таксама сьцьвярджаюць, што затрыманы браў удзел у пляне «Перамога» і «быў гатовы да спансаваньня яго дзейнасьці».

Берасцейца асудзілі на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за «ўдзел у масавых беспарадках»

23-гадовага жыхара Берасьця Станіслава Несьцерука асудзілі на тры гады пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, паведамляе «Вясна». Судзьдзя Кацярына Рамашка прызнала яго вінаватым паводле ч.2 арт.293 Крымінальнага кодэксу.

Хлопца абвінавацілі ў тым, што ён разьбіваў тратуарную плітку, вырабляючы «сродкі злачынства». Таксама, згодна з абвінавачаньнем, ён прычыніў фізычную шкоду «ў выглядзе дзьвюх ранаў у вобласьці першага пальца правай кісьці» Ігару Калягіну, нанёс «пабоі» іншым пацярпелым. У выніку дзеяньняў была вылічаная агульная шкода ў памеры амаль 45 тысяч рублёў.

Пацярпелымі па справе былі прызнаныя ажно 15 сілавікоў. Некаторыя на судзе сказалі, што на месцы падзей у дачыненьні да іх не ўжываўся фізычны гвалт, але пагрозы ўспрымаліся як рэальныя.

Несьцярук прызнаў віну цалкам. «Я стаяў на тратуары і здымаў на тэлефон, — расказаў ён на судзе. — Да мяне нехта падбег і сказаў, каб я хоць нешта зрабіў. Я зрабіў, каб мяне не чапалі. Я баяўся. Я кінуў камяні. Я гэта зрабіў. Пасьля нешта трапіла ў маю жонку. Яна атрымала траўму».

Пасьля пытаньняў пракурора ён удакладніў, што падняў два камяні і ўжо дэмантаваны кавалак пліткі і кінуў на адлегласьць паўмэтра ад сябе. Таксама ён адзначыў, што адмаўляў шматлікія моманты ў абвінавачаньні — такія, як разьбітыя машыны і напады на супрацоўнікаў, бо хоча адказваць толькі за тое, што зрабіў.


Другі раз асудзілі палітвязьня Яўгена Шчурко: гэтым разам адправілі ў калёнію

12 і 13 студзеня 2022 году ў Маскоўскім судзе Берасьця судзьдзя Яўген Брэган разглядаў крымінальную справу ў дачыненьні да Дзьмітрыя Шчурко. З лістапада 2021 году яго ўтрымліваюць у берасьцейскім СІЗА, паведамляе берасьцейская «Вясна».

Гэтым разам Дзьмітрыя абвінавачвалі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • арт.188 (Паклёп) — за тое, што на Youtube-канале «Берасьцеец2» апублікаваў відэа пра выклікі ў СК. У роліку Шчурко таксама кажа пра свой першы суд (за нібыта скрадзеную ў амапаўца рацыю на акцыі пратэсту 20.09.2020 у Берасьці): «Старшы сьледчы Шулькін сумесна з пракуратурай сфабрыкавалі справу».
  • ч.1 арт.368 (зьнявага прэзыдэнта РБ) — бо ў Viber-чаце пра страйкбол падчас дыялёгу напісаў фразу: «Ты выконваеш загады шызіка».
  • арт.369 (Зьнявага прадстаўніка ўлады) — за камэнтар у тэлеграм-чаце «Брэст 97%» пад пастом пра падпалкоўніка міліцыі Аляксандра Тарасевіча. У пасьце гаварылася пра датычнасьць міліцыянта да катавальных умоваў у ізалятарах, а таксама да разгону пінскай акцыі пратэсту ў 2020 годзе.

Пракурор запытаў для Дзьмітрыя Шчурко 2 гады 6 месяцаў калёніі агульнага рэжыму і 1600 рублёў штрафу. Судзьдзя Брэган пастанавіў прызначыць менавіта такое пакараньне. Дома ў Дзьмітрыя засталіся двое малых дзяцей.

Раней яго ўжо асудзілі на 2 гады «хатняй хіміі».

Жыхару Менску за перадачу асабістых зьвестак сілавікоў пагражае да 7 гадоў турмы

У суд накіравалі крымінальную справу менчука, які перадаў тэлеграм-каналам асабістыя зьвесткі 660 супрацоўнікаў пракуратуры і Камітэту дзяржкантролю, паведамляе прэс-служба пракуратуры.

Паводле сьледзтва, мужчына па працы меў доступ да службовай інфармацыі з асабістымі звесткамі канкрэтных службовых асоб дзяржаўных органаў. Пасьля апублікаваньня гэтай інфармацыі ў тэлеграм-каналах на іх адрас пачалі прыходзіць пагрозы і абразы.

Менчуку выставілі абвінавачаньне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • Незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да інфармацыі аб прыватным жыцьці і пэрсанальных зьвестках — да трох гадоў пазбаўленьня волі;
  • Дапамога ў распальваньні іншай сацыяльнай варожасьці — ад пяці да дванаццаці гадоў пазбаўленьня волі;
  • Дапамога ў пагрозе гвалтам у дачыненьні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, а таксама іншай асобы, якая выконвае грамадзкі абавязак, — да сямі гадоў пазбаўленьня волі.

У Мазыры за ўдзел у пратэстах асудзілі дваіх чалавек

14 студзеня ў Мазыры на 1,6 года калёніі асудзілі Мікіту Сілівона і Максіма Куксачанку, паведамляе «Гомельская вясна». Іх прызналі вінаватымі па арт.342 ч.1 КК РБ («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»). Падчас судовага сьледзтва маладыя людзі былі пад падпіскай аб нявыезьдзе. Пасьля абвяшчэньня прысуду ў залі суду іх узялі пад варту.

Жыхарку Сьветлагорску Тацяну Наскову арыштавалі на 10 сутак

Жанчыну затрымалі 12 студзеня пасьля 15 гадзіны ў Жлобіне праз падазрэньне «ў крадзяжы кашалька». Кашалька пры ёй не знайшлі. Аднак пры аглядзе рэчаў у ейным мабільным тэлефоне адшукалі перасланую яшчэ летась спасылку на матэрыял тэлевізійнага канала, які беларускія ўлады ўключылі ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, паведамляе «Вясна».

За распаўсюд інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, судзьдзя Іна Шаршнёва 13 студзеня прысудзіла Тацяне 10 сутак арышту.

Тацяна Наскова — мэдычны тэхнік па прафэсіі, пэнсіянэрка. Падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году яна была назіральніцай ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі ў адной з участковых выбарчых камісій у Сьветлагорску.

Прысуд 19 берасьцейцам па «карагоднай справе» пакінулі бязь зьменаў

14 студзеня Берасьцейскі абласны суд разгледзеў апэляцыю на прысуд 5-й групе абвінавачаных ва ўдзеле ў пратэставай акцыі на скрыжаваньні бульвара Касманаўтаў і праспэкта Машэрава ў Берасьці, паведамляе «Весна | Брест». Бок абароны спрабаваў аспрэчыць прысуд 19 фігурантам, але калегія пастанавіла скаргу адхіліць, а прысуд (які прызнае ўсіх 19 чалавек вінаватымі) пакінуць бязь зьменаў.

8 лістапада 2021 году Ленінскі суд Берасьця прызнаў вінаватымі па ч.2 арт.293 КК («Удзел у масавых беспарадках») 19 палітвязьняў, абвінавачаныя атрымалі тэрміны ад 4,5 да 5,5 года калёніі.

Тэлеграм магілёўскіх праваабаронцаў прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-каналу магілёўскіх праваабаронцаў «MAYDAY» прызнаная экстрэмісцкімі матэрыяламі. Такое рашэньне прыняў суд Ленінскага раёну Магілёва 5 студзеня, паведамляе «Вясна».

У Беларусі чатырох новых палітвязьняў

Праваабаронцы абвясьцілі палітвязьнямі Паўла Крашакова, Кірыла Рамашку, Даніла Басяка і Ігната Ігнаценю. Суд Салігорскага раёну Менскай вобласьці асудзіў Крашакова, Рамашку і Басяка на 2,5 году пазбаўленьня волі кожнага, а Ігнаценю на 3 гады пазбаўленьня волі, абвінаваціўшы іх у супраціве з ужываньнем гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка МУС падчас пратэставых акцый. Паводле стану на 14 студзеня, у Беларусі прызнаны палітычнымі вязьнямі 984 чалавекі.

Суд не зьмяніў меру стрыманьня для Эдуарда Бабарыкі

Скарга абароны палітвязьня Эдуарда Бабарыкі на меру стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту пакінутая без задавальненьня. Паседжаньне прайшло ў судзе Першамайскага раёну Менску.

Эдуарда Бабарыку затрымалі 18 чэрвеня 2020 года. Яго абвінавачвалі ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Праз 18 месяцаў, калі скончыўся максымальны тэрмін, на працягу якога можна ўтрымліваць пад вартай падчас папярэдняга сьледзтва, стала вядома, што яму выстаўлены новыя абвінавачаньні: распальваньне сацыяльнай варожасьці і арганізацыя масавых беспарадкаў. Сын экс-банкіра Віктара Бабарыкі, асуджанага на 14 гадоў пазбаўленьня волі, знаходзіцца ў СІЗА № 1.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG