2021 год быў працягам эпідэміі COVID-19, якая забрала мільёны жыцьцяў ва ўсім сьвеце. Афіцыйная статыстыка сьмерцяў у Беларусі падае лічбу (з моманту пачатку эпідэміі летась) у больш як 5 тысяч чалавек. Аднак на думку незалежных экспэртаў яна істотна заніжаная (для параўнаньня, агульная колькасьць сьмерцяў ад эпідэміі COVID-19 у Чэхіі, па колькасьці насельніцтва супастаўляльнай зь Беларусьсю — больш як 35 тысяч).
Сьмерці ад каранавірусу закранулі ў Беларусі і тых, хто быў асуджаны за свае палітычныя перакананьні, пры гэтым праваабаронцы зафіксавалі сьвядомае ігнараваньне ў турмах санітарных і супрацьэпідэміялягічных нормаў.
Некаторым палітычным вязьням — сярод іх Павал Севярынец і Валерыя Касьцюгова — не дазволілі праводзіць у апошні шлях сваіх родных.
Студзень
Арнольд Сьмеяновіч, нэўрахірург, акадэмік, доктар мэдычных навук і заслужаны дзеяч навукі Беларусі, за сваю шматгадовую практыку правёў велізарную колькасьць апэрацый на адкрытым мозгу. Прычына сьмерці — каранавірус.
Леанід Шчамялёў, народны мастак Беларусі.
«Пасьля апошняй вайны ў Беларусь улілася вялізная колькасьць расейскіх людзей — 48%. Лічы, палова! Зь цягам часу ў такіх умовах многія беларусы нівэляваліся як нацыя, як носьбіты культуры, моўнага коду. Дапускаю, што нават размаўляць можна на зручнай мове, іншая справа, кім ты сябе ў гэтым асяродзьдзі бачыш, як ідэнтыфікуеш. Па якіх крытэрах вызначаеш літаратуру, мастацтва, кіно — беларускае яно ці нейкае іншае. Маса ўзьнікае пытаньняў. Грамадзтва павінна падтрымліваць. А няма грамадзтва нармальнага, якое аналізуе, думае ў беларускім стылі. Гавару пра культурны аспэкт, таму што трэба ведаць, як арганізаваныя іншыя нацыі, як яны прыйшлі да цяперашняга ўзроўню. Гэта крыху вышэй, чым проста „мне хочацца“. Шмат да чаго яшчэ трэба расьці» — казаў Шчамялёў у інтэрвію Радыё Свабода.
Фелікс Шкірманкоў — вэтэран Другой сусьветнай вайны, кавалер баявых ордэнаў, адзін з найстарэйшых сябраў БНФ, пісьменьнік. Прычына сьмерці — каранавірус.
У траўні 2019 году на знак прызнаньня яго заслугаў у нацыянальным дэмакратычным руху Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла Фэлікса Шкірманкова мэдалём да 100-годзьдзя БНР.
Анатоль Цітоў, гісторык і геральдыст. У 1991-м Анатоль Цітоў уваходзіў у камісію Вярхоўнага Савету, якая распрацавала эталёны выкарыстаньня бел-чырвона-белага сьцяга.
Мітрапаліт Філарэт, які больш за 20 гадоў кіраваў Беларускай праваслаўнай царквой.
Барыс Забораў, мастак, кніжны графік. З 1980-х гадоў жыў у Францыі.
«Што тычыцца яго месца ў сусьветным мастацтве, то гэта вырашыць час. Але ўжо цяпер тая колькасьць ягоных выставаў у сусьветных музэях, такіх як Уфіцы, як Галерэя акадэміі ў Флярэнцыі, як Трацьцякоўская галерэя ў Маскве, як Расейскі музэй у Санкт-Пецярбургу або Нацыянальны мастацкі музэй Беларусі, сьведчыць пра тое, што гэта мастак сусьветнага ўзроўню», — сказаў у дні разьвітаньня мастак Раман Заслонаў.
Леанід Лыч, гісторык, публіцыст, доктар гістарычных навук, прафэсар. Прычына сьмерці — каранавірус.
Леанід Лыч дасьледаваў пытаньні сацыяльна-клясавых адносін у савецкі час, гісторыю беларускай культуры, моўную палітыку ў Беларусі ў XIX–XX ст., міжнацыянальныя адносіны ў краіне ў XX стагодзьдзі, а таксама ўплыў наступстваў рэферэндуму 1995 года на стан беларускай мовы ў сучаснай Беларусі.
Люты
Лявон Дзейка, дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Памёр ад каранавірусу.
Лявон Дзейка ўдзельнічаў у распрацоўцы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, законапраектаў для абвяшчэньня незалежнасьці на сэсіі 24–25 жніўня 1991 году, працаваў у парлямэнцкай камісіі па культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны. Быў сузаснавальнікам Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ). Браў удзел у галадоўцы дэпутатаў апазыцыі 11–12 красавіка 1995 году супраць ініцыяванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб зьмене дзяржаўнай сымболікі, скасаваньні статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, праве прэзыдэнта распускаць Вярхоўны Савет і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.
Сакавік
Уладзімер Роўда, кандыдат філязофскіх навук, прафэсар Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, выкладчык Беларускага калегіюму.
Красавік
Леанід Барткевіч, сьпявак, адзін зь лідэраў гурту «Песьняры».
Гаворыць сьпявак Данчык (Багдан Андрусішын): «У гісторыі сучаснай беларускай музыкі Лёня меў унікальны двайны дар — ён быў прыгожым чалавекам і меў такі цудоўны голас. Я ўпэўнены, што для папулярнасьці „Песьняроў“ менавіта два гэтыя фактары былі важныя і адыгралі немалую ролю. Ён вельмі шмат зрабіў для таго, каб я ў 1989 годзе ўпершыню прыехаў у Беларусь. Ён даслаў запросіны, што ў той час зрабіць было няпроста, і арганізаваў наш побыт у Беларусі. Зь вялікім энтузіязмам ён дапамагаў араганізоўваць нашы сумесныя канцэрты і штурхаў мяне на сцэну нават тады, калі мне ня вельмі гэтага хацелася. Ніколі не забуду дні, прыведзеныя ў іх з Вольгай Корбут кватэры на вуліцы Камсамольскай у Менску».
Травень
Вячаслаў Янушка, хірург, старшыня Беларускай асацыяцыі ангіёлягаў і сасудзістых хірургаў, чалец Эўрапейскага таварыства кардыёлягаў. За час практычнай дзейнасьці правёў больш за 7000 апэрацый на сэрцы і сасудах.
Станіслаў Гусак, адзін з пачынальнікаў дэмакратычнага руху ў Беларусі, адзін з кіраўнікоў Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сябра Ценевага кабінэту Апазыцыі БНФ у ВС-12, аўтар праекту Балта-Чарнаморскага нафтавага калектару.
Вітольд Ашурак, палітычны вязень.
Вітольд Ашурак у 2010 годзе прыйшоў у палітыку. Вырашаў экалягічныя пытаньні ў сваім рэгіёне, неаднаразова ўдзельнічаў у парлямэнцкіх выбарах, ушаноўваў месцы паўстаньня 1863-1864 гадоў.
Стаў лідэрам пратэстаў у Лідзе ў 2020 годзе. Атрымаў 5 гадоў зьняволеньня пасьля пасьлявыбарных акцый. Памёр у Шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах. 21 траўня сваякам паведамілі, што ў яго спынілася сэрца. Цела сваякам выдалі зь перабінтаванай да носу галавой. Сваякі дагэтуль ня ведаюць, чаму і пры якіх абставінах памёр Вітольд. Яны сумняваюцца нават у даце ягонай сьмерці. Вітольд Ашурак пражыў 50 гадоў. Пахаваны на бярозаўскіх могілках пад бел-чырвона-белым сьцягам.
Чэрвень
Протаярэй Фёдар Крыванос, дасьледнік рэпрэсій бальшавікоў супраць духавенства.
Ігар Жалязоўскі, канькабежац. Ён стаў першым у гісторыі атлетам, хто здабыў алімпійскую ўзнагароду для незалежнай Беларусі — срэбра Лілехамэра ў 1994 годзе (шасьцю гадамі раней была бронза ў Калгары, але ў складзе зборнай СССР).
Юры Гарулёў, кінарэжысэр і апэратар
Гаворыць дырэктар беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук: «Я быў на здымках зь ім у Парыжы і Курапатах, на землятрусе ў Армэніі і ў бібліятэцы Скарыны ў Лёндане, у маскоўскім шпіталі і чарнобыльскай царкве. Апошнія чвэрць стагодзьдзя мы жылі ў розных краінах і не працавалі разам.
Але сёньня перад вачыма ноч 19 жніўня 1991-га. Мы зь Юрам, сябрамі, сядзім у мяне дома ў Менску, з тэлевізара лезуць у пакой нейкія чорныя згусткі сукравіцы, як зь яшчэ ненапісанага і нязьнятага фільма пра Гары Потэра. На стале пустыя бутэлькі, халодная макарона, за вакном жнівеньская густая ноч, але ніхто не зьвяртае ўвагі на час — энэргія маладой весялосьці, бясстрашнай і лятучай, здольнай лёгка стаць перад танкамі з камэрай, зь мікрафонам, з усьмешкай. Усё яшчэ заўтра».
Ліпень
Леў Гумілеўскі, скульптар. Працаваў у галіне станковай і манумэнтальнай скульптуры. Стварыў вобразы Максіма Багдановіча, Мікалая Гусоўскага, Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, Адама Міцкевіча, Міхаіла Агінскага, Канстанціна Астроскага, Аляксандра Пушкіна, князёў Радзівілаў, Францішка Скарыны, Уладзіміра Караткевіча, Анатоля Сыса, Максіма Танка і іншых.
Жнівень
Алесь Разанаў, паэт. Аўтар паэтычных зборнікаў, якія лічыцца этапнымі для беларускай паэзіі, — «Каардынаты быцьця» (1976), «Шлях 360» (1981), «Сума немагчымасьцяў: зномы» (2009). У 1969-м яго выключылі зь ліку студэнтаў БДУ за падпісаньне ліста ў ЦК КПБ за аднаўленьне выкладаньня ва ўнівэрсытэце на беларускай мове. Пры спрыяньні Максіма Танка і Ўладзімера Калесьніка скончыў адукацыю ў берасьцейскім пэдінстытуце.
Юры Пудышаў, футбаліст. У 1982 годзе абаронца ў складзе менчукоў стаў чэмпіёнам СССР — тады беларуская каманда ў першы і апошні раз стала найлепшай у Савецкім Саюзе.
Верасень
Уладзімер Ляхоўскі, дасьледчык БНР і Слуцкага збройнага чыну.
Ігар Шклярэўскі, паэт, перакладчык беларускай паэзіі на расейскую мову. У гэтым шэрагу Мікола Гусоўскі, Янка Купала, Максім Танк, Анатоль Вялюгін, Рыгор Барадулін, Пімен Панчанка, Аляксей Пысін, Генадзь Бураўкін ды іншыя.
Сяргей Герасімец, футбаліст. У складзе зборнай Беларусі Сяргей Герасімец правёў 25 матчаў і забіў 7 галоў, самы знакаміты зь якіх у браму зборнай Нідэрляндаў у 1995 годзе ў Менску.
Андрэй Зельцар, супрацоўнік EPAM Systems.
28 верасьня супрацоўнікі КДБ узламалі дзьверы і ўварваліся ў кватэру, дзе знаходзіўся супрацоўнік EPAM Systems Андрэй Зельцар і ягоная жонка. Паводле афіцыйнай вэрсіі, Зельцар двойчы стрэліў і сьмяротна параніў супрацоўніка КДБ. У адказ яго застрэлілі. Жонку арыштавалі. Па ўсёй краіне былі затрыманыя дзясяткі асобаў, якія камэнтавалі гібель супрацоўніка КДБ.
Кастрычнік
Канстанцін Севярынец — журналіст. У савецкія часы працаваў карэспандэнтам БелТА, ён аўтар кніг вершаў. Браў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці Віцебшчыны. Бацька палітвязьня Паўла Севярынца.
Павал Сібілёў — кіроўца аўтобуса, якога падчас разгону пратэстаў 10 жніўня 2020 году паранілі гранатай.
Алена Амеліна, пасьля Акрэсьціна трапіла на штучную вэнтыляцыю лёгкіх і памерла.
Зь ёю ў камэры была супрацоўніца «Нашай Нівы» Кацярына Карпіцкая. «Сукамэрніца Алена, самая энэргічная і бойкая з нас, памерла ад кароны, — кажа Карпіцкая. — На Акрэсьціна мы ўсё на яе хварэлі. Алене за адзін дзень стала вельмі блага, яна амаль трупам ляжала пад нарамі, мы прымушалі яе хоць нешта зьесьці. Лячылася ўсё гэта парацэтамолам і, калі зусім чалавеку блага, антыбіётыкам. Зь ЦІП Алена адправілася на ШВЛ і так і ня выкараскалася. Жанчыне было ўсяго 53 гады».
Юры Станкевіч, пісьменьнік.
Напісаў некалькі раманаў, шмат аповесьцяў і апавяданьняў, каля дзясятка п’ес і кінасцэнарыяў. Найважнейшыя кнігі — «Любіць ноч — права пацукоў» (1998), «Апладненьне ёлупа» (2005), «Мільярд удараў» (2008), «П’яўка» (2010). У большасьці сваіх твораў маляваў апакаліптычную карціну рэчаіснасьці, што чакае чалавецтва ў недалёкай будучыні.
Чэслаў Сэнюх, польскі перакладчык беларускай літаратуры.
Гаворыць пісьменьнік Уладзімер Арлоў: «Ён дасканала валодаў некалькімі славянскімі мовамі, але самай важнай у перакладчыцкай дзейнасьці лічыў беларускую. Дзякуючы Сэнюху да палякаў прыйшлі Караткевічаў „Хрыстос прызямліўся ў Гародні“ і Быкаўская „Аблава“, „Споведзь“ Ларысы Геніюш, паэмы і вершы Янкі Купалы, Максіма Танка, Рыгора Барадуліна, Уладзімера Някляева... Дзякуючы Сэнюху загаварыла па-польску „Беларуска“ таямнічай Марты Піньскай — таленавітая містыфікацыя пачатку ХХІ стагодзьдзя. Менавіта ён першым пераклаў на польскую маё эсэ „Незалежнасьць — гэта..“ З канца 1980-х Чэслаў са старонак прэсы ў Польшчы і Беларусі зьвяртаўся да чытачоў і як публіцыст, нязьменна праводзячы думку, што дзьве паяднаныя гістарычным лёсам краіны непазьбежна сустрэнуцца ў агульнаэўрапейскай будучыні».
Уладзімер Пучынскі, журналіст, галоўны рэдактар «Краязнаўчай газеты». Сьмерць наступіла ад наступстваў COVID.
Уладзімер Сытчанка, мастак. Уладзімер Сытчанка аздабляў як дзіцячыя кніжкі, так і творы беларускіх клясыкаў, сярод якіх Васіль Быкаў, Анатоль Вярцінскі ды іншыя аўтары. У ягоным афармленьні выйшла амаль паўтысячы рознажанравых выданьняў.
Алег Шабетнік, грамадзкі і палітычны актывіст. Быў кіраўніком Гомельскага абласнога аддзяленьня грамадзкай арганізацыі «Гавары праўду», сябрам Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі.
Антон Фурс, дзяяч беларускага нацыянальнага супраціву, сябра паваеннай беларускай моладзевай падпольнай арганізацыі «Саюз беларускіх патрыётаў».
Піша Ўладзімер Арлоў: «Памятаю, як Фурсы, гледзячы на дзясяткі нашых нацыянальных сьцягоў, плакалі срэбнымі сьлязьмі радасьці ў 1990-м на Скарынаўскім сьвяце кнігі ў Полацку. Памятаю — па тэлефонных званках, па сустрэчах за іхнім нязьменна шчодрым беларускім сталом у пастаўскім доме — якім шчасьцем было для іх абвяшчэньне незалежнасьці, а затым рэабілітацыя ў 1992-м „за адсутнасьцю складу злачынства“.
Антось стаў сябрам Грамады і Таварыства беларускай мовы, пісаў успаміны для „Гарту“, часопісаў „Спадчына“ і „Полымя“, для дэмакратычнага друку. Разам з Алесяй яны ўжо ў новыя часы, можна сказаць, выконвалі колішнюю праграму СБП. Не спыніліся і тады, калі маятнік найноўшай беларускай гісторыі кіўнуўся ў адваротны бок і ў краіне зноў пачалі зьяўляцца палітвязьні».
Аляксандар Коктыш, журналіст.
Ад 1994 году і да пачатку 2000-х — адказны за эканамічную тэматыку ў тыднёвіку «Свободные новости». Быў намесьнікам галоўнага рэдактара ў беларускім выпуску маскоўскай газэты «Труд». Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, быў задзейнічаны ў працы кіроўных органаў арганізацыі. Паралельна ў якасьці прэс-сакратара ўдзельнічаў у палітычных кампаніях Віктара Ганчара і Васіля Лявонава.
Лістапад
Вальмен Аладаў, архітэктар, аўтар менскага Камароўскага рынку, «Раўбічаў», «Цэнтральнага» і «Акіяна».
Сяргей Шклярэўскі, самы вядомы фэльчар Беларусі. Бесьперапынны стаж працы ў мэдыцыне ў покрашаўскага мэдыка быў 70 гадоў.
Юлія Барсукова, 38-гадовая грамадзкая віцебская актывістка. Юлію затрымлівала міліцыя, суды давалі ёй штрафы, у яе кватэры праходзілі ператрусы. Прычына сьмерці — каранавірус.
Ганад Чарказян, беларускі паэт курдзкага паходжаньня.
Дзяніс Коўба, былы гулец футбольнай зборнай Беларусі.
Ураджэнец Віцебску выступаў пераважна на пазыцыі цэнтральнага паўабаронцы. Большую частку сваёй кар’еры правёў у расейскіх «Крылах Саветаў» з Самары, таксама быў чэмпіёнам Чэхіі ў складзе праскай «Спарты». За зборную Беларусі правёў 35 матчаў, забіў 2 галы.
Сяргей Філімонаў, вядоўца культавай тэлепраграмы «Відзьмо-невідзьмо».
Гаворыць музычны журналіст Зьміцер Падбярэскі: «Чаму гэта праграма прыцягвала? Па-першае, сама постаць вядоўцы: ён надзвычай абаяльны і інтэлігентны чалавек, хоць спачатку ня вельмі добра валодаў беларускай мовай, але вельмі хутка ўсё ў яго пайшло нармальна. Па-другое, праграма прываблівала менавіта актуальнай інфармацыяй з галіны кіно, якое тады ня надта шырока можна было ў нас глядзець, толькі на відэамагнітафонах, і з галіны музыкі. Калі ўлічыць той факт, што інтэрнэт тады толькі-толькі нараджаўся, інфармацыя, якую падаваў Сяргей, была вельмі і вельмі запатрабаваная».
Мікалай Лапацік, генэрал міліцыі, які напісаў рапарт пра забойствы беларускіх палітыкаў.
У 2000 годзе ў выніку сьледзтва генэрал маёр міліцыі Мікалай Лапацік падаў на імя тагачаснага міністра ўнутраных спраў Уладзімера Навумава рапарт, у якім абвінаваціў Віктара Шэймана ў тым, што той даў загад на зьнішчэньне Юрыя Захаранкі. Паводле рапарту, загад выконваў Дзьмітры Паўлічэнка пры дапамозе Юрыя Сівакова, які забясьпечыў групу пісталетам ПБ 9, часова забраным зь менскага СІЗА № 1.
Як вынікала з рапарту генэрала Лапаціка, Віктар Шэйман загадаў свайму падначаленаму Юрыю Сівакову арганізаваць выкраданьне і зьнішчэньне Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, што было выканана пры ўдзеле Дзьмітрыя Паўлічэнкі. Тагачаснага генпракурора Алега Бажэлку адправілі ў адстаўку, а ягонае месца заняў Віктар Шэйман.
Мікола Мятліцкі, паэт, перакладчык, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь імя Янкі Купалы, заслужаны дзеяч культуры Беларусі.
Раман Якаўлеўскі, журналіст, палітычны аглядальнік шэрагу беларускіх і замежных мэдыя. Супрацоўнічаў з выданьнямі «Белорусская деловая газета», «Белорусская газета», «Белорусы и рынок», агенцтвам Delfi ды іншымі. Рэгулярна выступаў з камэнтарамі на Радыё Свабода.
Сьнежань
Генадзь Кесьнер, журналіст, сябра Рады Беларускай асацыяцыі журналістаў. Быў адным зь першапраходцаў незалежнай радыёжурналістыкі ў Беларусі: у пачатку 1990-х працаваў у рэдакцыі «Беларуская маладзёжная», пазьней на «Радыё 101,2», быў шматгадовым карэспандэнтам Deutche Welle у Беларусі.
Міхаіл Фінберг, дырыжор, народны артыст Беларусі.
Ўладзімер Пац, шматгадовы карэспандэнт Польскага радыё ў Беларусі і Расеі.
Журналіст асьвятляў усе падзеі ў краіне ад першых выбараў прэзыдэнта 1994 году да пратэстаў 2020-га. Шмат пісаў пра адносіны дзьвюх краін, перасьлед лідэраў польскай меншасьці ў Беларусі. Некалькі год працаваў карэспандэнтам Польскага радыё ў Маскве, асьвятляў Смаленскую катастрофу, у якой загінуў прэзыдэнт Польшчы Лех Качынскі.
Ксёндз Міхал Сапель, які адрадзіў беларускамоўную імшу на Залатой Горцы які адрадзіў беларускамоўную імшу на Залатой Горцы.
Ад арцыбіскупа і будучага кардынала Казімера Сьвёнтка ён атрымаў заданьне душпастырскай апекі над тымі, хто ў Менску жадаў маліцца па-беларуску. «Дзякуючы грамадзка-палітычным пераменам на пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя аднавіліся набажэнствы ў адной з забраных савецкімі ўладамі менскіх святынь — касьцёле Найсвяцейшай Тройцы (святога Роха) на Залатой Горцы», — паведамляў catholic.by.
Міхал Сапель перакладаў літургічныя тэкстаў на беларускую мову, галоўным плёнам ягонай працы стаў выдадзены ў 2004 годзе «Рымскі Імшал для дыяцэзій на Беларусі».
Антон Качанаў, трэнэр культурызму. У сьнежні мінулага году яго пабілі з палітычных прычын. Ён прабыў 2 тыдні ў коме.
Сяргей Гоўша, адзін з найстарэйшых сябраў праваабарончага цэнтру «Вясна», сябра Рады арганізацыі.
Пачынаючы з 1997 году спадар Гоўша аказваў дапамогу землякам, абараняў іх на судовых працэсах, дапамагаў абскардзіць рашэньні ў вышэйшых інстанцыях. Праваабаронца адстойваў права беларусаў на свабодныя і празрыстыя выбары, абараняў беларускую мову. За праваабарончую дзейнасьць Сяргея Гоўшу перасьледавалі ўлады, некалькі разоў яго затрымлівала міліцыя.
Міхаіл Казінец – дырыгент і пэдагог, народны артыст Беларусі.
На працягу многіх гадоў Міхаіл Казінец быў прафэсарам Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, стваральнікам і кіраўніком аркестру «Маладая Беларусь», рэктарам акадэміі. Пад яго кіраўніцтвам выхаваны сотні выбітных музыкаў, якія складаюць цьвет беларускай акадэмічнай школы.
Васіль Шаранговіч, народны мастак Беларусі.
Васіль Шаранговіч лічыцца адным з найбольш выбітных кніжных мастакоў. Зрабіў ілюстрацыі да твораў Адама Міцкевіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Гарэцкага, Якуба Коласа, Уладзімера Караткевіча. У 1986 атрымаў Дзяржаўную прэмію, а ў 1991 — званьне народнага мастака Беларусі.