23 верасьня 2020 году Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі зьвярнуліся ў Камітэт супраць катаваньняў са скаргай на Швэцыю. У скарзе яны заявілі, што калі ў выніку дзеяньняў ці бязьдзейнасьці ўладаў Швэцыі яны будуць затрыманыя ўладамі Беларусі, то сутыкнуцца з рэальнай рызыкай катаваньняў.
У кастрычніку Камітэт на запыт Кузьнечыкаў зьвярнуўся да Швэцыі з просьбай забясьпечыць недатыкальнасьць сына і бацькі, пакуль будзе разглядацца скарга.
Цяпер скаргу Кузьнечыкаў прызналі прымальнай. Паводле адваката Вадзіма Драздова, гэта азначае, што Камітэт правярае, ці адпавядае скарга фармальным крытэрам. Сярод іншага, правяраюць наяўнасьць у заяўнікаў статусу ахвяры.
«Камітэт пагадзіўся з нашай пазыцыяй, далей ён будзе разглядаць сутнасьць скаргі», — сказаў Вадзім Драздоў.
Камітэт супраць катаваньняў папрасіў урад Швэцыі цягам чатырох месяцаў даць пісьмовыя заўвагі да зьместу скаргі. Пасольства Швэцыі ня можа выдаць Кузьнечыкаў уладам Беларусі.
«Разгляд сутнасьці скаргі азначае, што камітэт будзе ацэньваць, ці будуць заяўнікам пагражаць катаваньні, калі яны трапяць у рукі ўладаў Беларусі. Да вынясеньня рашэньня Ўладзіслаў і Віталь могуць па-ранейшаму знаходзіцца на тэрыторыі пасольства Швэцыі», — сказаў Вадзім Драздоў.
Да разгляду сутнасьці скаргі Камітэт заклікаў бакі шукаць дружалюбнае вырашэньне гэтага пытаньня на аснове павагі да правоў чалавека і асноўных свабодаў.
Паводле Вадзіма Драздова, пакуль Віталю і Ўладзіславу Кузьнечыкам не далі магчымасьць мэдычнага абсьледаваньня, пра якое яны прасілі швэдзкія ўлады.
Як Кузьнечыкі трапілі ў амбасаду
Удзельнікі пратэстаў Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі, якім на той час было 47 і 29 гадоў, папрасілі палітычнага прытулку ў Швэцыі, асьцерагаючыся перасьледу сілавікоў. У швэдзкай амбасадзе ў Менску ім адмовілі, бо не адказваюць за гэтую працэдуру. Тады Кузьнечыкі пераскочылі праз агароджу дыпляматычнага прадстаўніцтва і застаюцца на яго тэрыторыі з 11 верасьня 2020 году — ужо больш за год.