Партал Zerkalo.io даведаўся, як вырашаецца сытуацыя бацькі і сына і як арганізаваны іхны побыт.
Віталь і Ўладзіслаў Кузьнечыкі хацелі папрасіць палітычнага прытулку ў Швэцыі. Паводле мужчын, іх перасьледавалі сілавыя органы за ўдзел у акцыях пратэсту. 11 верасьня 2020 году ў пасольстве Швэцыі ў Менску ім адмовілі, бо дыпляматычнае ведамства не адказвае за гэтую працэдуру. Тады мужчыны пералезьлі цераз плот і засталіся на тэрыторыі дыппрадстаўніцтва.
У той жа дзень побач з пасольствам дзяжурылі прадстаўнікі органаў унутраных спраў і невядомыя ў масках. Сілавікі прасілі амбасаду выдаць ім беларусаў, якія схаваліся на тэрыторыі дыппрадстаўніцтва, але гэтага не адбылося. Пазьней стала вядома, што супраць Кузьнечыкаў пачалі крымінальную справу па артыкуле 364 КК (гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
«Дзеці сумуюць»
З журналістамі Кузьнечыкі наўпрост не кантактуюць, таму прадстаўнікі СМІ даведаліся пра навіны ад іх празь іхнага адваката Вадзіма Драздова.
«Тут ёсьць усе ўмовы для жыцьця: пральная машына, мультыварка, халадзільнік, посуд, душ, прыбіральня. Ёсьць турнік, эспандэры для заняткаў спортам. Мы самі гатуем сабе ежу, і гэта вялікі плюс — так час ідзе хутчэй. А прадукты, якія патрэбныя, нам купляюць. На сьвежае паветра выходзім у любы час. Тут не дазволены тэлевізар і кампутар. Але мы карыстаемся смартфонам, які быў у нас з сабой», — перадае словы Ўладзіслава ягоны абаронца.
Нягледзячы на адсутнасьць інтэрнэту, бацька і сын сочаць за падзеямі ў краіне.
«Немагчыма паверыць, што такое ўвогуле можа адбывацца. Што сказаць — часам не да законаў. Толькі працягвацца вечна гэта ня можа», — камэнтуе Ўладзіслаў.
Больш за ўсё, кажа ён, не хапае сустрэч зь дзецьмі (іх у яго двое), зь сям’ёй. Сувязь з блізкімі — толькі праз тэлефон і часам празь відэасувязь.
Раней Уладзіслаў перанёс рак, пасьля якога павінен праходзіць абсьледаваньне штогод. У 2020-м ён не пасьпеў гэта зрабіць да падзей, якія прывялі яго ў амбасаду Швэцыі. Цяпер пытаньне з мэдычным абсьледаваньнем таксама не вырашаецца: пасольства кажа, што ня мае права яго арганізаваць, а адвакат Кузьнечыкаў зьвярнуўся ў Камітэт супраць катаваньняў, каб удакладніць, ці магчыма такое абсьледаваньне ў ягоным становішчы.
«Вярнуўшыся на год таму ў сытуацыю з бацькам, калі яго зьбівалі, паступіць па-іншаму мне б не дазволіла сумленьне, гэтаксама як і не хадзіць на пратэсты. Але калі б мы ведалі, што з пасольствам так надоўга ўсё зацягнецца, вядома, прадумалі б іншы варыянт. Ня факт, што ён быў бы лепшым, — разважае Кузьнечык-малодшы.
Ідэальным выйсьцем з сытуацыі мужчыны бачаць магчымасьць жыць у сваёй краіне і быць спакойнымі за будучыню сваёй сямʼі.
«Гэта магчыма, калі ў краіне адбудуцца новыя сумленныя выбары і вернецца закон», — лічыць Уладзіслаў.
Як рухаецца працэс атрыманьня палітычнага прытулку
Летась адвакат Кузьнечыкаў Вадзім Драздоў ад іх імёнаў зьвярнуўся ў Камітэт супраць катаваньняў. Пасьля скаргі Кузьнечыкаў Камітэт прыняў рашэньне аб часовых забясьпечвальных захадах — папрасіў урад Швэцыі не перадаваць бацьку і сына ўладам Беларусі да канчатковага рашэньня.
6 жніўня сакратарыят Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека паведаміў адвакату Драздову, што разгляд іхнай скаргі заплянаваны на сэсіі Камітэту супраць катаваньняў, якая мае адбыцца ў лістападзе 2021 году.
Кузьнечыкі могуць знаходзіцца на тэрыторыі амбасады як мінімум да вынясеньня Камітэтам рашэньня аб прымальнасьці прымяненьня забясьпечвальных захадаў, а ў выпадку, калі Камітэт палічыць, што іх скарга прымальная, то і, па сутнасьці, да яе разгляду, адзначае юрыст.
Пытаньне аб прадстаўленьні палітычнага прытулку ці якога-небудзь іншага статусу бацьку і сыну застаецца за ўрадам Швэцыі. За год мужчыны яго так і не атрымалі.
Крымінальная справа супраць Кузьнечыкаў яшчэ адкрытая. У матэрыялах справы гаворыцца, што Віталь і Ўладзіслаў «з мэтай перашкодзіць законнай дзейнасьці супрацоўнікаў органаў унутраных спраў ужылі гвалт у дачыненьні да супрацоўніка Фядотава Д.І. і іншых неўстаноўленых супрацоўнікаў, прычыніўшы апошнім цялесныя пашкоджаньні, пабоі і фізычны боль».