Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 15 сьнежня: затрымалі тэставальніцу «Яндэксу»; далі калёнію за 7 камэнтароў


Сілавікі ў форме без пазнак на жаночай акцыі ў Менску, ілюстрацыйнае фота. 26 верасьня 2020 г.
Сілавікі ў форме без пазнак на жаночай акцыі ў Менску, ілюстрацыйнае фота. 26 верасьня 2020 г.

Перасьлед беларусаў не спыняецца.

Больш за год калёніі за сем камэнтароў у чаце

27-гадовага тэхніка-электрыка Ціхана Шлюхціца асудзілі на 1 год і 3 месяцы калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна». Прысуд агучыў суд Кастрычніцкага раёну Горадні 14 сьнежня.

Шлюхціца абвінавацілі ў «арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу).

Справу разглядала судзьдзя Маргарыта Ланцэвіч, дзяржаўнае абвінавачваньне падтрымліваў памочнік пракурора Горадні Ігар Якімовіч.

Ціхана Шлюхціца затрымалі 13 верасьня. Паводле абвінавачваньня, ён 6 верасьня 2020 году праз мабільны тэлефон пакінуў у тэлеграм-чаце «Гродно для жизни» сем камэнтароў:

  • «Сёньня вельмі шмат людзей, студэнты рухайцеся групамі»;
  • «Філярмонія можа прарвацца праз мост»;
  • «Драмтэатар, патрэбная дапамога»;
  • «Агульны збор на Савецкай, патрэбная падтрымка з усіх бакоў»;
  • «На Савецкай змаглі абараніцца, усе сюды, патрэбная маса»;
  • «Янкі Купалы, усе выходзьце і далучайцеся».

Таксама яму ставілі ў віну ўдзел у Маршы адзінства ў Горадні.

Ціхан Шлюхціц цалкам прызнаў віну, папрасіў прабачэньня і сказаў, што яму цяпер вельмі сорамна за свае дзеяньні. Дадаў, што пісаў паведамленьні з мэтай, каб людзі разам усталі і нікога не забралі, у натоўпе бясьпечней, і што, па сутнасьці, дубляваў паведамленьні, якія ўжо былі ў чаце.

Сьведкі-сілавікі Мацейка, Сафонава і іншыя на суд не зьявіліся. Падчас суду апыталі прадавачку кнігарні «Раніца» Алену Савіцкую.

Пракурор прасіў суд пакараць фігуранта ў два разы большым тэрмінам калёніі.

Затрымалі жыхара Менску нібыта за «шкоду нацыянальнай бясьпецы»

У Менску затрымалі Ігара Ярковіча, піша «Вясна». Дома ў яго правялі ператрус у межах крымінальнай справы па 361 артыкуле («Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь»). Цяпер ён у СІЗА КДБ.

Затрымалі супрацоўніцу «Яндэксу»

Сілавікі затрымалі тэставальніцу «Яндэксу» Вераніку Мароз.
У відэа, якое апублікавалі праўладныя тэлеграм-каналы, яна расказала, што ўдзельнічала ў несанкцыянаваных акцыях у жніўні 2020-га, была падпісаная на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы.

Далі тры гады калёніі за пахавальны вянок

Жыхару Дзяржынску Андрэю Рунцо далі 3 гады калёніі агульнага рэжыму за пахавальны вянок каля дому міліцыянта. Асуджаны мае інваліднасьць, інфармуе «Вясна».

Яго прызналі вінаватым у «гвалце над міліцыянтам» і «пагрозе судзьдзі або народнаму засядацелю». Прысуд агучыў судзьдзя Дзяржынскага суду Раман Крыловіч 14 сьнежня. Падтрымліваў абвінавачаньне пракурор Аляксандар Кардзіс.

Рунцо таксама мае выплаціць 1500 рублёў маральнай шкоды на карысьць міліцыянта Калкоўскага. Рэчавыя доказы — два рытуальныя кошыкі — суд пастанавіў зьнішчыць.

Андрэй Рунцо — грузчык, бацька дваіх дзяцей, яму 40 гадоў. Мае інваліднасьць трэцяй групы. У апошнім слове ён папрасіў прабачэньня ў пацярпелых, суду і прысутных у залі людзей, прасіў не караць яго строга.

У крымінальнай справе за скандаваньне «Ганьба» пасьля прысуду Вітольду Ашурку сьведкі сталі падзраванымі

18 студзеня 2021 году актывіст з Бярозаўкі Вітольд Ашурак атрымаў 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму. Такі прысуд вынес судзьдзя Максім Філатаў. Пасьля абвяшчэньня прысуду прысутныя абурыліся і пачалі скандаваць «Ганьба», «Верым, можам, пераможам». 21 траўня палітвязень Вітольд Ашурак памёр у шклоўскай калёніі пры нявысьветленых абставінах.

Гарадзенская абласная пракуратура распачала крымінальную справу паводле артыкулу 339 ч.2 Крымінальнага кодэксу «Злоснае хуліганства» па гэтым інцыдэнце. Цяпер тых, хто прысутнічаў на працэсе, апытваюць ужо не як сьведак, а як падазраваных, у прыватнасьці, Натальлю Шарлан, Андрэя Ашура, Ирэну Бярнацкую, Сяргея Пантуса. Дома ў іх праводзяць ператрусы, зь іх бяруць падпіску аб нявыезьдзе і аб неразгалошваньні.

Затрымалі асуджаную на «хатнюю хімію» і ейную дачку

14 сьнежня ў Менску затрымалі Сьвятлану Бараноўскую, якую асудзілі на тры гады «хатняй хіміі» за абразу дзевяці супрацоўніц АМАП. Таксама затрымалі ейную дачку Анастасію Альгерыску, перадае праваабарончы цэнтар «Вясна».

Абедзьве жанчыны цяпер на Акрэсьціна. Іх абвінавачваюць у «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

У Менску жорстка затрымалі мужа і жонку

Раніцай 15 сьнежня ў Менску жорстка затрымалі сужэнцаў Алега і Тацяну Булько, піша праваабарончы цэнтар «Вясна».

«Уварваліся шэсьць чалавек да маіх бацькоў у кватэру ў Малінаўцы. Забралі бацьку і маці. Бацьку папярэдне, паставіўшы да сьцяны, моцна пабілі. Дома засталася мая непаўналетняя сястра, 13 гадоў», — паведамілі родныя сям’і.

У Магілёве зьнік пісьменьнік Кастусь Шанцаў

Не выходзіць на сувязь больш за тры гадзіны пісьменьнік Канстанцін Шанцаў. Пра гэта паведамляе магілёўская «Вясна».

Вядома, што ён вяртаўся з Бабруйску ў Магілёў прыкладна ў 14:40. Як паведамляе сьведка, за ім сачылі два супрацоўнікі міліцыі.

Калі Шанцаў сеў у маршрутку, супрацоўнікі бабруйскай міліцыі сфатаграфавалі нумар мікрааўтобуса. З таго часу сувязі зь ім няма, у Магілёў ён не прыбыў. Верагодна, ён затрыманы.

У Шанцава дыягназавалі цяжкое захворваньне, якое пагражае ягонаму жыцьцю.

У Рэчыцы завялі справу за фота ў нямецкай форме

На жыхара Рэчыцы Ўладзімера Прадкіна завялі крымінальную справу за фатаздымак 10-гадовай даўнасьці ў нямецкай форме, паведамляе «Гомельская вясна».

54-гадовага мужчыну вінавацяць у «распальваньні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасьці» (артыкул 130 Крымінальнага кодэксу Беларусі).

Па вэрсіі сьледзтва, Прадкін разьмясьціў на старонцы «ЎКантакце» фатаздымак сябе ў форме нямецкага афіцэра, зроблены падчас здымкаў мастацкага фільму ў Падмаскоўі.

Да таго ж Прадкіна абвінавацілі ў разьмяшчэньні ў VK кнігі з мэмуарамі нацысцкага генэрала, а ў «Аднаклясьніках» — камэнтароў, дзе ён хваліць Гітлера. Гэтая кніга не ўваходзіць у сьпіс матэрыялаў, якія беларускія ўлады прызналі экстрэмісцкімі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG