«Пра гэтыя 16 гадоў... Веру я ці не? Ня ведаю. Спадзяюся на цуд», — сказала Ларыса, маці Арцёма Сакава. Яна лічыць, што да людзей, якія ўчынілі несправядлівасьць ці беззаконьне, гэта можа «вярнуцца бумэрангам».
Яна абураная паводзінамі дзяржаўных СМІ, якія былі сёньня пад СІЗА. «Наколькі я ведаю — не прадстаўляліся, паводзілі сябе нахабна, як гаспадары там. Чапляліся да людзей, адчувалі ўсёдазволенасьць і беспакаранасьць», — сказала маці палітвязьня.
Натальля, жонка блогера Ўладзімера Цыгановіча, не зьдзівілася прысуду, бо ў лістах палітвязень намякаў, колькі ён атрымае, колькі запатрабаваў пракурор.
«Уладзімер прысуд успрыняў спакойна. Ён жа ведаў, колькі прасіў пракурор. Я — нармальна. Зьмяніць нічога не магу, таму як ёсьць, так ёсьць. Думаю, хто хутка ўсё будзе добра, бо дрэннае ўжо надакучыла», — выказалася Натальля.
Прысуд Уладзімер будзе абскарджваць.