Дарʼя Лосік, жонка палітвязьня Ігара Лосіка, прысутнічала на вынясеньні прысуду ў СІЗА № 3 Гомля. Дарʼя Лосік бачыла Ігара на працягу 15 хвілін.
«На шчасьце, я змагла пабачыць свайго мужа. Ён цудоўна выглядае, як заўсёды. Прыгожа пастрыжаны. Бледны, але гэта праз адсутнасьць сонца і ўмовы ў СІЗА. Але выглядае добра і трымаецца добра. Малойца! Ён найлепшы. Я вельмі рада была яго бачыць. Усе хлопцы, што там былі, — проста прыгажуны. Змагаюцца да канца за справядлівасьць».
Дарʼя Лосік расказала, што Ігар выкрыкнуў, што падчас судовага паседжаньня не было прадʼяўлена ніводнага паста, не было зроблена ніводнай экспэртызы, якая б даказвала ягоную віну.
«Я гэта абавязкова данясу да ўсіх. Успрынялі яны прысуд скептычна, канечне. Любыя лічбы можна прызначыць, абсалютна любыя, але факт застаецца фактам — так ня будзе доўга. Я са свайго боку прыкладу максымум намаганьняў для таго, каб гэта скончылася як мага хутчэй».
Паводле Дарʼі Лосік, усе палітвязьні добра трымаліся, зараджалі родных сваёй энэргіяй, гаварылі пра тое, што суд несправядлівы і не павінен быў адбывацца.
«Ігар крыкнуў, што ён мяне моцна кахае, у адказ я крыкнула яму тое самае, а таксама што абяцаю выцягнуць яго адсюль. Думаю, што мне ўдасца гэта зрабіць, што б ні адбылося».
Цяпер Дарʼя выпраўляецца ў Гомельскі абласны суд, каб там напісаць заяву на спатканьне. На абвяшчэньні прысуду таксама былі жонкі Міколы Статкевіча і Ўладзімера Цыгановіча. Дарʼя кажа, што прысуд будуць абавязкова абскарджваць.
«Так трэба. Я разумею, што апэляцыя, магчыма, ні на што не паўплывае, але ў любым выпадку мы будзем гэта рабіць... Я кахаю яго яшчэ болей. І цяпер, калі я ў стане здаровай злосьці, мяне наўрад ці нешта спыніць, каб дапамагчы яму апынуцца найхутчэй зь сямʼёй».
Дарʼя Лосік расказала, што на працэсе прысутнічалі супрацоўнікі дзяржаўнага ТБ.
«Яны спрабавалі „атакаваць“ усіх прысутных яшчэ на ўваходзе ў СІЗА, але яна на іх не глядзела, бо мяне больш цікавіў мой муж».
Паводле жонкі палітвязьня, прысуд абвяшчалі ў памяшканьні, якое не прызначана для судовых паседжаньняў. Там была клетка, дзе былі падсудныя, нейкія крэслы стаялі. Родных папрасілі прысесьці, але яны стаялі...
Што, на думку Дарʼі Лосік, можна зрабіць для Ігара і іншых палітвязьняў?
«Я заўсёды кажу адно — трэба гаварыць праўду, якой бы яна ні была. Не хаваць яе і не замоўчваць. Калі хаваць яе, ствараецца ўражаньне, што гэтага няма і ўсё ў парадку, як сказаў вядомы нам грамадзянін, усё супакоілася і сьціхла. Але не. Катаваньні, расправы, паказальныя суды — усё гэта працягваецца. Беларусам у Беларусі я жадаю быць сьмелымі і гаварыць пра ўсё беззаконьне, што тут адбываецца, хай гэта нават і страшна. А тым, хто за мяжой, — нагадваць пра палітвязьняў, ладзіць акцыі ў іх падтрымку. Трэба неяк ціснуць на рэжым, таму што ён перайшоў усе магчымыя межы. Другога выйсьця я ня бачу».
14 сьнежня ў будынку СІЗА-3 у Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:
- Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
- Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
- Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
- Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
- Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
- Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.