Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская пра выракі мужу і іншым палітвязьням: «Будзьце моцнымі. Мы змагаемся за вас кожны дзень»


Cьвятлана Ціханоўская
Cьвятлана Ціханоўская

Скончыўся адзін з самых доўгіх і самых закрытых палітычных судовых працэсаў у Беларусі. Справа Ігара Лосіка, Міколы Статкевіча, Сяргея Ціханоўскага, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова завяршылася велізарнымі турэмнымі прысудамі.

«Абсалютна відавочна для ўсіх, што гэта ня суд — гэта расправа над апанэнтамі. Віна гэтых людзей толькі ў тым, што яны кінулі выклік сыстэме, якая 27 гадоў зьневажала народ. Людзі, якіх судзяць як злачынцаў, бачылі Беларусь свабоднай. Гэта іх адзіная віна. Яны нават не дайшлі да дня выбараў», — сказала Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію Свабодзе Premium.

Яна адзначыла, што рэжым адчувае: за палітвязьнямі стаіць цэлы народ, за імі сапраўдная падтрымка, якой у рэжыму няма.

«Наша задача сёньня — вызваліць кожнага. І кожны з нас можа рабіць нешта невялікае, — падпісаць паштоўку, раскідаць „Честную газету“ па суседзях. Так, яно невялікае, але калі нас будзе шмат, то і эфэкт будзе іншы. Я кожны дзень думаю пра палітвязьняў. Мне цяжка. Але ўявіце — як ІМ цяжка! Яны знаходзяцца ў засьценках і разьлічваюць на кожнага з нас. „Я буду сядзець столькі, колькі мне дазволіць беларускі народ“, — такія словы перадаваў з турмы Сяргей Ціханоўскі. А што б вы сказалі цяпер Сяргею, Міколу Статкевічу, Ігару Лосіку, Уладзімеру Цыгановічу, Арцёму Сакаву і Дзьмітрыю Папову?

Я скажу тут відавочныя рэчы: будзьце моцныя. Мы змагаемся за вас кожны дзень. Хтосьці ў Беларусі, хтосьці за мяжой. Мы гаворым пра вас і гаворым за вас. Нават калі вы ў турмах, гэта ня значыць, што вас ня чуюць — увесь сьвет з вамі. У вас нашмат больш сяброў, чым можа здавацца. Вы нашыя героі. Мы будзем прынцыповыя і пасьлядоўныя. Давядзём справу да перамогі. Мы вас любім і чакаем на волі».

Ціханоўская заклікала беларусаў актыўна пісаць лісты падтрымкі за краты і сказала, што перамовы ў Эўропе вядуцца рэгулярна.

«Замежным палітыкам я кажу заўжды — бярыце патранаж над зьняволенымі. Насамрэч — зашмат увагі не бывае. Трэба кожны дзень сьвету нагадваць. Палітвязьняў нашмат жа болей, чым 900. Іх тысячы. На днях я падымала пытаньне наведваньня палітвязьняў у турмах. Мы спрабуем дамагчыся, каб дыпляматы, міжнародныя арганізацыі, прадстаўнікі царквы маглі наведаць палітвязьняў у турмах».

Таксама Ціханоўская паразважала пра беларускае мірнае змаганьне супраць дыктатуры.

«Праўда ў тым, што наша мірная рэвалюцыя пакуль не перамагла. Няма той чароўнай кнопкі, якую мы націсьнем — і вось яна, свабода. Але наша рэвалюцыя і не прайграла. Гэта працэс. Мы павінны быць пасьлядоўнымі, цярплівымі. Мы ведаем, што на правільным шляху і змагаемся за правільную справу. Летась мы пабачылі, што нас большасьць. Зразумелі, што мы ня проста рахманыя беларусы, а ўмеем за сябе пастаяць. А сёлета быў тэст на трываласьць, вытрымку. Мы абавязкова давядзём справу да канца. Іначай проста ня можа быць. Мы рыхтуем навагодні зварот зь лідэрамі дэмакратычных сілаў і паспрабуем дадаць беларусам энэргіі і натхненьня».

14 сьнежня ў будынку СІЗА-3 у Гомлі судзьдзя Мікалай Доля вынес выракі 6 падсудным:

  • Ігару Лосіку прысудзілі 15 гадоў зьняволеньня,
  • Арцёму Сакаву — 16 гадоў,
  • Міколу Статкевічу — 14 гадоў,
  • Дзьмітрыю Папову — 16 гадоў,
  • Сяргею Ціханоўскаму — 18 гадоў,
  • Уладзімеру Цыгановічу — 15 гадоў зьняволеньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG