Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі яшчэ 9 чалавек. Агульны іх лік склаў 920


Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

Праваабарончая супольнасьць выступіла з сумеснай заявай аб прызнаньні палітычнымі зьняволенымі шэрагу фігурантаў крымінальных спраў.

Падставай сталі выстаўленыя абвінавачаньні, узяцьці пад варту і вынясеньні прысудаў наступным асобам:

  • Віталь Барысевіч: абвінавачаны паводле ч. 2 арт. 293 КК (масавыя беспарадкі);
  • Мікіта Аўдзік, Станіслаў Блашко, Ігар Токараў, Анастасія Вайтовіч: ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак);
  • Ігар Сямыкін, Аляксандар Жук, Арцём Ласкі: ч. 1 арт. 342 КК (групавыя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), накіраваныя для адбыцьця пакараньня ў выглядзе абмежаваньня волі ў папраўчыя ўстановы;
  • Данііл Дзіткоўскі: ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства), фігурант «карагоднай справы», накіраваны адбываць пакараньне ў папраўчую ўстанову.

«Свабода мірных сходаў гарантаваная артыкулам 21 Міжнароднага Пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах. Гэтая свабода не падлягае ніякім абмежаваньням, акрамя вызначаных законам і неабходных у дэмакратычных краінах у мэтах нацыянальнай і грамадзкай бясьпекі, аховы здароўя і маральнасьці насельніцтва ці абароны правоў і свабод іншых людзей», — гаворыцца ў заяве праваабаронцаў.

Праваабаронцы ацэньваюць перасьлед названых асобаў як палітычна матываваны перасьлед у сувязі з рэалізацыяй імі свабоды мірных сходаў і выказваньня сваіх думак адносна абвешчаных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і прызнаюць іх палітычнымі зьняволенымі.

Агульны лік палітвязьняў у Беларусі па стане на 14 сьнежня склаў 920.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG