Як паведамляе «Вясна», цырымонія ўручэньня прэміі адбудзецца 10 сьнежня падчас пленарнай сэсіі CCBE з удзелам у якасьці асноўнай дакладчыцы аб правах чалавека Вярхоўнага камісара ААН Мішэль Бачэлет празь відэасувязь.
Чатыры беларускія юрысты атрымалі прэмію за тое, што вызначыліся сваёй мужнасьцю, рашучасьцю і адданасьцю абароне асноўных правоў грамадзян і вяршэнства закона ў Беларусі. CCBE хоча аказаць падтрымку ўсім беларускім адвакатам, якія змагаюцца за павагу да вяршэнства закона і асноўных каштоўнасьцяў юрыдычнай прафэсіі, рызыкуючы сваёй свабодай і магчымасьцю займацца юрыдычнай практыкай. Чатыры ляўрэаты Прэміі сталі ахвярамі судовага перасьледу за іх законную дзейнасьць у якасьці юрыстаў і адвакатаў. Усім ім цяпер перашкаджаюць займацца сваёй прафэсіяй: трое зь іх знаходзяцца пад вартай, чацьвёрты быў пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі.
- Лілія Ўласава была арыштаваная 31 жніўня 2020 году. 16 кастрычніка Ўласаву вызвалілі з-пад варты і зьмясьцілі пад хатні арышт. 23 кастрычніка хатні арышт быў скасаваны.
- Максім Знак прадстаўляў інтарэсы многіх кліентаў у палітычных справах і быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі пасьля аднаго году папярэдняга зьняволеньня. Ён па-ранейшаму знаходзіцца пад вартай.
- Леанід Судаленка прадстаўляў інтарэсы праваабаронцаў і актывістаў і быў арыштаваны 18 студзеня 2021 году праз абвінавачаньне ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і фінансаваньні такой дзейнасьці». Цяпер ён знаходзіцца пад вартай.
- Дзьмітры Лаеўскі — выбітны юрыст, які гучна расказваў аб сытуацыі зь вяршэнствам закону, незалежнасьцю судовай сыстэмы, юрыдычнай прафэсіяй і правам на абарону ў Беларусі. У судзе ён прадстаўляў інтарэсы некалькіх палітвязьняў. Ахвяра неабгрунтаванага ціску цягам некалькіх гадоў, ён быў афіцыйна пазбаўлены адвакацкай ліцэнзіі 9 ліпеня 2021 году пасьля двух дысцыплінарных разглядаў супраць яго.
Рада адвакацкіх аб’яднаньняў і юрыдычных таварыстваў Эўропы (CCBE) — міжнародная некамэрцыйная асацыяцыя. Аб’ядноўвае калегіі адвакатаў і юрыдычныя супольнасьці краін-сяброў, асацыяваных сяброў і краін-назіральнікаў. ССВЕ выступае пасярэднікам паміж ЭЗ, нацыянальнымі калегіямі адвакатаў і юрыдычнымі супольнасьцямі Эўропы. Акрамя таго, асацыяцыя цесна супрацоўнічае зь юрыдычнымі арганізацыямі за межамі Эўропы.
У розныя гады прэміяй «За абарону правоў чалавека» ўзнагароджваліся Станіслаў Маркелаў (пасьмяротна), юрыст «Вясны» Павал Сапелка ды іншыя.