У Беларусь з гэтай нагоды прыехаў Найвышэйшы патрыярх і каталікос усіх армянаў Гарэгін ІІ, паведаміла БЕЛТА.
Будаўніцтва царквы пачалі ў жніўні 2022 году. На сайце армянскай дыяспары ў Беларусі зьбіралі ахвяраваньні для аплаты будоўлі.
Храм збудаваны з армянскага вульканічнага каменю туфу. Яго адмыслова прывезьлі з Армэніі. Унутраная аздоба таксама з армянскага каменю — травэртыну, — апавёў ярэй Саркіс, настаяцель новазбудаванага храму Сьвятога Грыгора Асьветніка.
«Армяне — як на радзіме, так і па-за радзімай — згуртаваны народ, але калі зьяўляюцца царква і парафіяльны дом, то гэта яшчэ мацней яднае народ з царквой, якая гістарычна яго аб’ядноўвае. Нават у цяжкія часы царква замяняла дзяржаўнасьць, школу і адукацыю», — дадаў ён.
Намесьнік старшыні Менскага гарвыканкаму Андрэй Стрыгельскі сказаў, што храм ня проста ўпрыгожаньне гораду, а яшчэ адзін цэнтар, куды могуць прыходзіць людзі, каб дакрануцца да шматвяковай армянскай культуры.
У Беларусі жывуць больш за 9500 армянаў, гэта шостая паводле колькасьці нацыянальнасьць у краіне, сказаў упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Аляксандар Румак.
Храм пабудавалі паводле праекту архітэктара Самвэла Мак’яна. У 2023 годзе ён апублікаваў відэа, на якім бачна, як будавалася царква. У сваім блогу ён адзначыў, што армянская дыяспара ў Беларусі выбрала распаўсюджаны ў архітэктуры армянскіх цэркваў праект.
Службы ў царкве будуць праходзіць штонядзелі. Месьціцца яна ў зялёнай зоне на вуліцы Філімонава, 32.
Форум