У 2021 годзе ляўрэатамі сталі:
Андрэй Аляксандраў. Вершы з-за кратаў.
Аляксандар Васілевіч. «Папа и пингвин». Казкі пра ўнутраную свабоду, напісаныя ў Менскім СІЗА.
Максім Знак. Цыкль турэмных вершаў.
Вольга Калацкая. Турэмны дзёньнік. Зьмешчаны ў фэйсбуку.
Сьвятлана Купрэева. Цыкл турэмных вершаў.
Мікола Папека. Цыкл турэмных вершаў.
Андрэй Скурко. Казкі і вершы для сына.
Журы таксама адзначае творчасьць паэтаў Эдуарда Акуліна, Ганны Комар, Дзьмітрыя Строцава, Андрэя Такінданга і іншых аўтараў, якія таленавіта інтэрпрэтуюць тэмы зла, свабоды, няволі і асабістага выбару.
Новыя творы ў розных жанрах, ад літаратуразнаўства да мэмуарыстыкі і прыпавесьцяў за кратамі ўжо стварылі і працягваюць ствараць Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, якія ўжо зьяўляюцца ляўрэтамі прэміі імя Аляхновіча (прэмія прысуджаецца аднойчы).
Радыё Свабода і Беларускі ПЭН віншуюць ляўрэатаў, жадаюць найхутчэйшага вызваленьня і плянуюць правесьці ўрачыстую цырымонію ўзнагароджаньня ў Беларусі адразу, калі гэта стане магчыма.
Дырэктар Радыё Свабода Аляксандар Лукашук:
«Беларускія пісьменьнікі і інтэлектуалы ў сучаснай Беларусі паводле дэфолту палітычныя вязьні, нават калі яны не за кратамі. Чытаць іх творы, купляць кнігі, пісаць рэцэнзіі, цытаваць, згадваць, адпраўляць ім лісты — справа ня проста маральнай падтрымкі і салідарнасьці, а акт супраціву і культуры, пашырэньня свабоды і сьвятла».
Прадстаўніца Беларускага ПЭНа Тацяна Нядбай:
«Ляўрэаты сёньняшняй Прэміі Аляхновіча — гэта толькі невялікая частка людзей, якія сёньня пішуць, знаходзячыся ў зьняволеньні. Літаратура становіцца для іх, з аднаго боку, легальнымі ўцёкамі з турмы, спробай выйсьці з той рэальнасьці, спосабам перажыць яе ў творчасьці. З іншага боку — гэта таксама фіксацыя рэальнасьці і помнік нашаму часу і яго героям. У бліжэйшыя гады перад намі як супольнасьцю яшчэ будзе стаяць агромная праца па зборы і апрацоўцы турэмнай літаратуры».
Адрасы ўвязьненых ляўрэаўтаў прэміі імя Францішка Аляхновіча можна знайсьці тут.
***
Прэмія заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам супольна з Радыё Свабода і носіць імя драматурга і рэжысэра Францішка Аляхновіча (1883–1944), аўтара кнігі «У капцюрох ГПУ».
Ад пачатку яна ўручалася 10 сьнежня ў Міжнародны дзень правоў чалавека. Летась арганізатары вызначылі новую дату абвяшчэньня ляўрэатаў — 15 лістапада, сусьветны Дзень зьняволенага пісьменьніка, які ад 1981 году адзначае Міжнародны ПЭН. Прэмія ўручаецца аднойчы, журы можа вырашыць не ўручаць прэмію, калі ў нейкі пэрыяд не зьяўляліся новыя творы турэмнай літаратуры.
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя
- 2013: Ігар Аліневіч;
- 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп;
- 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка;
- 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык.