49-гадовы Нэгамэр, як і яго папярэднікі Сэбастыян Курц і Аляксандар Шаленбэрг, прадстаўляе правакансэрватыўную Народную партыю.
Курц быў вымушаны пакінуць пасаду кіраўніка кааліцыйнага ўраду ў кастрычніку ў сувязі з карупцыйным скандалам — пракуратура расьсьледуе справу аб выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў для публікацыі ў найбуйнейшай газэце краіны выгадных для Народнай партыі апытаньняў. Яго пераемнік Шаленбэрг нечакана падаў у адстаўку на мінулым тыдні, адразу пасьля таго, як Курц заявіў аб поўным сыходзе з палітыкі.
Нэгамэр стане пераемнікам Курца на пасадзе старшыні Народнай партыі. У партыі спадзяюцца, што зьмена лідэра дапаможа захаваць кіроўную кааліцыю з партыяй Зялёных.
Зьмена канцлера адбылася на фоне напружанай сытуацыі з пандэміяй каранавіруснай інфэкцыі ў краіне. Аўстрыя стала адной зь нямногіх краін Эўропы, дзе ўведзены поўны локдаўн — як для вакцынаваных, так і для невакцынаваных. Супраць локдаўну рэгулярна праходзяць масавыя акцыі пратэсту.