Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шрайбман: Санкцыі ня ставяць рэжым на калені, яны дэстабілізуюць Лукашэнку і правакуюць на неадэкватныя адказы


Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман

Чаму цяперашнія санкцыі, якія ўвялі краіны Захаду, — не «пякельныя»? Як Лукашэнка адкажа на цяперашні санкцыйны ўдар? Ці адбываецца залагоджваньне міграцыйнага крызісу? Што азначаюць прызнаньне Лукашэнкам Крыму расейскім і заявы пра ўдзел у гіпатэтычнай вайне Расеі і Ўкраіны?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Шрайбман

Санкцыі

  • Цяперашнія санкцыі заходніх краінаў — не «пякельныя».
  • Яны ў ахопе і маштабе саступаюць тым санкцыям, якія былі ўведзеныя ў папярэднім раўндзе (чацьвёрты пакет санкцый ЭЗ).
  • Паглядзім, як будуць працаваць абмежаваньні, якія ЗША ўвялі на дзяржаўны доўг, як будуць працаваць санкцыі адносна калійнай кампаніі.
  • У цэлым гэта ўсё яшчэ кропкавыя санкцыі, яны тычацца канкрэтных прадпрыемстваў, а значыць, тэарэтычна тыя могуць іх абыходзіць.
  • Нашмат важнейшым неўзабаве будзе ўступленьне ў сілу чацьвёртага пакету санкцый ЭЗ.
  • З 8 сьнежня займее праблемы «Беларуськалій» з прычыны амэрыканскіх санкцый.
  • Роля санкцый — справакаваць Менск на рэакцыю ў адказ.
  • Лукашэнка ўжо зрабіў некалькі заяваў наконт гэтага, паабяцаўшы перакрыць транзыт.

Чым адкажа Менск?

  • На тле таго, што Лукашэнка ўжо зрабіў, любыя «хатнія» рэпрэсіі ўжо ня будуць моцным і адэкватным адказам на 5-ы пакет санкцый.
  • Ня так шмат каго рэпрэсаваць засталося ў Беларусі.
  • Яшчэ 150 ТГ-каналаў экстрэмісцкімі прызнаць можна, але гэта ня тое, што заўважыць Захад.
  • І нават свая аўдыторыя ня ўспрыме гэта як выразную праяву «ненахіляльнасьці».
  • Адказ можа тычыцца бізнэс-інтарэсаў Захаду, транзытных інтарэсаў, прынамсі ў пэўных сэктарах.
  • Можна выслаць дыпляматаў, некаторых паспрабаваць запалохаць.
  • У Беларусі яшчэ засталося крыху эўрапейскага бізнэсу.
  • Нейкае А1 мае ад бізнэсу ў Беларусі больш рэпутацыйных праблемаў, чым прыбытку.
  • Ён, можа, шчасьлівы будзе, калі яго выкінуць з краіны.
  • Яшчэ адзін канал адказу — гэта мяжа. Ужо паспрабавалі правакацыі зь мігрантамі. Можна яшчэ паспрабаваць паабвастраць.
  • Рызыкі збройных сутыкненьняў на мяжы з Польшчай ужо аналізуюць многія вайсковыя і палітычныя экспэрты.
  • Ёсьць рызыкі, што РФ і Кітай стануць на дыбкі, бо Лукашэнка дазваляе сабе парушаць іх таварныя патокі.
  • Ад Менску можна чакаць няўклюдных і рызыкоўных дзеяньняў у адказ.
  • У гэтым функцыя санкцый. Яны ня ставяць рэжым на калені. Яны дэстабілізуюць Лукашэнку і правакуюць яго на неадэкватныя адказы.
  • Гэта можа скончыцца збройнымі сутыкненьнямі.
  • Разьвіцьцё сытуацыі можа прывесьці да мікра-Карыбскага крызісу.
  • У выпадку збройных інцыдэнтаў я ня бачу палітычнай волі ў Крамля разьдзьмуваць рэгіянальную вайну.

Чаму санкцыі — не максымальныя?

  • Чаму санкцыйны ціск не максымальны — бо ня хочуць выкладваць на стол усе козыры.
  • Калі ўвесьці ўсе санкцыі, як адносна Паўночнай Карэі, то ў Менску таксама ёсьць магчымасьці псаваць паветра ў рэгіёне.
  • Працэс увядзеньня санкцый пакрокавы, Лукашэнку на кожным кроку прапаноўваюць разьвілку — ён можа пайсьці далей або павярнуць назад.
  • ЭЗ — гэта 27 краінаў, любыя санкцыі — гэта прадукт кансэнсусу.
  • Былі спрэчкі наконт санкцый адносна «Белавія», Бэльгія хацела ці зьняць, ці аслабіць калійныя санкцыі.
  • Тое, што гэтыя меры палавіністыя — гэта таму, што Эўразьвяз інакш ня ўмее, гэта не адна дзяржава.
  • Для ЗША Беларусь — гэта далёка, там няма палітычнай волі ўжываць адносна Беларусі такія ж санкцыі, якія ўжываліся адносна Ірану.

Ці залагоджваецца міграцыйны крызіс?

  • Эўразьвязу ў цэлым і такім краінам, як Нямеччына, важна паказаць, што ў ЭЗ няма расколу перад зьнешняй пагрозай.
  • Таму яны анансуюць пакеты падтрымкі Польшчы і краін Балтыі, таму яны прымаюць гэтыя санкцыі, яны салідарызуюцца з Польшчай у праблеме міграцыі, нягледзячы на спрэчкі зь ёй па іншых пытаньнях.
  • Таму Мэркель адразу пасьля званка Лукашэнку тэлефануе кіраўнікам гэтых краінаў і дае тлумачэньні.
  • І Ціханоўскай тэлефануе, якая стала як бы яшчэ адной краінай Балтыі, перад якой трэба тлумачыцца.
  • Такія «ястрабы», як краіны Балтыі і Польшча, маюць пэўнае права вэта.
  • Ніхто не пасьмее зрабіць кардынальныя крокі адносна Беларусі, калі гэта будзе насуперак думцы Польшчы і краінаў Балтыі.
  • У Польшчы палітыка кіроўнай партыі адносна мігранцкага крызісу мае падтрымку свайго электарату, яе электарат расьце.
  • Варшава размаўляе зь Менскам на такой мове, на якой зь ім даўно ніхто не размаўляў.
  • Польшча дала тры дні, каб расчысьціць прастору вакол пераходу Брузгі, інакш — перакрыцьцё транзыту.
  • І за тры дні — расчысьцілі.
  • І гэта пераконвае Польшчу, што трэба быць жорсткімі.
  • Як бачыцца сытуацыя Лукашэнку? Як ён сказаў у інтэрвію Кісялёву — я сваю частку абавязаньняў у мігранцкім крызісе выканаў. Эўрапейцы нічога ня робяць, ды яшчэ і санкцыі ўводзяць.
  • Я сумняюся, што ён зробіць з гэтага выснову, што трэба саступаць.
  • Наўрад ці ён пойдзе па шляху хісткай дээскаляцыі мігранцкага крызісу, па якім ён ішоў два апошнія тыдні.
  • Я б зараз чакаў абвастрэньня мігранцкага крызісу.

Крым і вайна з Украінай

  • Я не чакаў, што Лукашэнка саступіць у пытаньні Крыму так хутка.
  • Рэальныя саступкі — здаць расейцам «Беларуськалій», уніфікаваць падатковую сыстэму, дазволіць вайсковую базу.
  • А Крым — гэта сымбалічная саступка.
  • Ён і будзе працягваць рабіць сымбалічныя крокі, ён хоча здаваць мінімум.
  • Саступка па Крыме зьвязаная з крэдытам, які зараз абмяркоўваецца.
  • Пуцін абяцаў 630 мільёнаў даляраў, а Беларусі спатрэбіцца больш за 3 мільярды даляраў.
  • А на пачатку 2023 году — пікавы плацёж па эўрабондах.
  • Заплаціць гэта можна, толькі альбо «высушыўшы» золатавалютныя рэзэрвы, чаго не дазваляе сабе ніводная краіна, альбо атрымліваючы новае рэфінансаваньне.
  • Лукашэнка зразумеў, што балянсаваньне ў пытаньні Ўкраіны яму ўжо нічога ня дасьць, Лукашэнка больш ня будзе мэдыятарам у перамовах Кіева і Масквы.
  • Макей наўпрост казаў, што нашая пазыцыя па Крыме будзе залежаць ад таго, якія наступствы для нашага гандлю з Украінай гэта будзе мець.
  • Сумесныя вучэньні на мяжы з Украінай, бразганьне зброяй (расейскай) — гэта жэсты, якімі Лукашэнка сыгналізуе Расеі — я ваш надзейны саюзьнік.
  • Гэта і сродак уцягваньня Расеі, каб яна лічыла, што гэта канфлікт не Лукашэнкі з Маравецкім, а славянскага сьвету з NATO.
  • Ва Ўкраіне разумеюць, што Лукашэнка не зьбіраецца аддаваць Маскве менскі сталец.
  • Ва Ўкраіне лічаць, што калі Пуцін захоча выкарыстаць Беларусь, то ў Лукашэнкі ня будзе інструмэнтаў, каб адмовіцца.
  • Зараз ва Ўкраіне «ястрабы» кажуць — ну вось у Менску форма прыйшла ў адпаведнасьць са зьместам, цяпер сам Лукашэнка кажа, што будзе ваяваць з Украінай разам з Расеяй.
  • Ня думаю, што вайсковыя стратэгі Ўкраіны яшчэ спадзяюцца, што ў выпадку поўнамаштабнай вайны з Расеяй паўночная мяжа будзе для іх бясьпечнай.
  • Палітыкі будуць рабіць розныя заявы, яны мала што губляюць, яны могуць пакідаць Лукашэнку яшчэ пэўную свабоду манэўру.
  • Вайсковыя аналітыкі ва Ўкраіне, як і ў краінах Балтыі, даўно перасталі разглядаць Беларусь як нешта аўтаномнае.
  • І зараз яны разумеюць, што іх ранейшыя разьлікі пацьвярджаюцца.

Што варта ведаць пра санкцыі ЗША

Першыя санкцыі, якія ўвяла адміністрацыя прэзыдэнта Джорджа Буша пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2006 годзе, прадугледжвалі блякаваньне ўласнасьці і актываў групы высокіх чыноўнікаў, уключна з Аляксандрам Лукашэнкам. Санкцыі распаўсюджваліся таксама і на сем’і гэтых чыноўнікаў. Ім таксама забаранілі ўезд на тэрыторыю ЗША.

Пазьней асобам, у тым ліку і новым, якія папоўнілі сьпісы, забаранілі мець актывы на тэрыторыі ЗША і весьці бізнэс з амэрыканскімі партнэрамі.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі напрыканцы 2010 году ЗША пашырылі сьпіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЗША. Акрамя таго, грамадзянам ЗША забаранілі весьці бізнэс зь дзяржаўным канцэрнам «Белнафтахім» і шэрагам іншых прадпрыемстваў. Гэтак Злучаныя Штаты адрэагавалі на рэпрэсіі пасьля выбараў, у тым ліку на зьняволеньне шэрагу кандыдатаў у прэзыдэнты.

Пра якія беларускія прадпрыемствы ідзе гаворка

  • «Белнафтахім»,
  • «Белнафтахім ЗША»,
  • «Нафтан»,
  • «Беларускі нафтавы гандлёвы дом»,
  • «Белшына»,
  • «Гродна Азот»,
  • «Гроднахімвалакно»,
  • ААТ «Лякафарба»,
  • ААТ «Полацак-Шкловалакно».

Прадпрыемствам i грамадзянам ЗША было забаронена ўступаць у эканамічныя і фінансавыя дачыненьні з гэтымі арганізацыямі, а ўся іх маёмасьць і рахункі, якія знаходзяцца на тэрыторыі ЗША, былі замарожаныя. Да таго ж многія краіны і кампаніі адмаўляюцца працаваць з прадпрыемствамі, якія знаходзяцца пад санкцыямі ЗША.

  • У кастрычніку 2015 году Міністэрства фінансаў ЗША прыпыніла санкцыі супраць гэтых дзевяці беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з «пэўным прагрэсам у сфэры дэмакратыі і правоў чалавека», а таксама з мэтай падтрымкі незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі.
  • Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ў жніўні 2020 году і рэпрэсій, якія адбыліся пасьля іх, ЗША аднавілі санкцыі ад 3 чэрвеня 2021 году. Адпаведнае рашэньне 19 красавіка 2021 году апублікавала Міністэрства фінансаў ЗША.​ Злучаныя Штаты дабіваюцца вызваленьня ўсіх палітвязьняў.

Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі

Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.

У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.

24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:

  • У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
  • У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
  • У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
  • У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
  • У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
  • Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.

Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў

Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.

Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.

Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.

Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG