Як паведамляюць чэскія СМІ, паліцыя падазрае, што Базанаў і яго жонка прыехалі ў Чэхію на матч паміж чэскай і беларускай жаночымі камандамі, парушыўшы правілы перабываньня іншаземцаў у краіне, у тым ліку правілы, устаноўленыя Міністэрствам аховы здароўя.
Раней міністар замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганэк , якога цытуе Беларускі фонд спартовай салідарнасьці, заявіў, што Ўладзімера Базанава дэпартуюць з Чэхіі, калі ён сапраўды там знаходзіцца.
Базанаў, былы вайсковец, знаходзіцца ў санкцыйных сьпісах краін Балтыі. У адрозьненьне ад Кіпру, дзе Базанаў з жонкай пабываў напярэдадні, Чэхія гэтыя сьпісы падтрымлівае.
Уладзімір Базанаў быў дэпутатам Нацыянальнага сходу двух скліканьняў, з 2010 па 2014 год узначальваў інфармацыйна-аналітычны цэнтар пры Адміністрацыі прэзыдэнта.
Як стала вядома раней Беларускаму фонду спартовай салідарнасьці, футбольны функцыянэр разам з жонкай зьбіраўся наведаць шэраг выязных гульняў жаночай зборнай Беларусі, уключна з матчам у чэскай Опаве. Паводле крыніцы Радыё Свабода, Базанаў меў італьянскую шэнгенскую візу.
Прэсавы прадстаўнік Чэскай футбольнай асацыяцыі (ЧФА) паведаміў журналістам, што УЭФА і Беларуская футбольная фэдэрацыя ўжо зьвярнуліся ў ЧФА з просьбай аб дапамозе, аргумэнтуючы, што Ўладзімір Базанаў прыехаў у Чэхію ў якасьці старшыні спартовай арганізацыі, а ня ў якасьці палітычнага прадстаўніка.