Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь на шляху да свабоды». Новая кніга тлумачыць чэхам, што такое сёньняшняя Беларусь


Прэзэнтацыя кнігі «Беларусь на шляху да свабоды» ў Бібліятэцы Вацлава Гаўла, 8 лістапада 2021
Прэзэнтацыя кнігі «Беларусь на шляху да свабоды» ў Бібліятэцы Вацлава Гаўла, 8 лістапада 2021

У Бібліятэцы Вацлава Гаўла ў Празе 8 лістапада адбылася прэзэнтацыя кнігі «Беларусь на шляху да свабоды» чэскіх журналістак Адэлы Дражанавай і Тэрэзы Шупавай. Аснову кнігі склалі інтэрвію з прадстаўнікамі некалькіх пакаленьняў апанэнтаў рэжыму Лукашэнкі. Іх лёсы разам з поглядамі чэскіх журналістаў жыва малююць карціну сучаснай гісторыі «апошняй дыктатуры Эўропы».

Пісаць журналісцкую кнігу пра падзеі, якія ўсё яшчэ адбываюцца, заўсёды справа крыху далікатная: сытуацыя можа зьмяніцца за месяц, за тыдзень, а можа і за дзень. «І гэта дакладна тое, на што мы спадзяёмся», — пісалі аўтаркі кнігі ў чэрвені. На момант выхаду кнігі ў сьвет і яе прэзэнтацыі гэтае спадзяваньне яшчэ ня спраўдзілася.

Аўтаркі пагаварылі з Алесем Бяляцкім пра беларускі дысэнт 1980-х і пра рэфэрэндум 1996 году, з Ірынай Халіп — пра выбары 2010 году і іх наступствы, з Алесем Міхалевічам — пра ўмовы ў беларускіх турмах, з прадстаўнікамі новага пакаленьня Франакам Вячоркам і Тацянай Гацурай-Яворскай — пра падзеі 2020 году. Погляд звонку прадстаўлены ў размове з Максам Шчурам, паэтам, які ўжо больш за 20 гадоў жыве ў Празе.

Гэтыя тэксты дапоўніла інтэрвію з найвядомейшай чэскай рэпартэркай Пэтрай Прохазкавай, якая прыблізіла беларускую рэальнасьць чэскаму чытачу і параўнала яе з сытуацыяй у іншых постсавецкіх краінах, а таксама з праскай беларускай дасьледніцай Аленай Маркавай, якая знаёміць чытачоў з праблемай беларускай мовы і нацыянальных сымбаляў.

Завяршае кнігу інтэрвію зь Сьвятланай Ціханоўскай, дзе палітычная лідэрка расказала і пра асабістае — пра дзяцей, як яны сумуюць па тату, як кожны вечар пытаюцца пра яго.

Прадмову да кнігі напісаў адзін з найбольш дасьведчаных у справе Беларусі і постсавецкай прасторы чэхаў, журналіст Ондра Соўкуп, які і быў мадэратарам прэзэнтацыі кнігі. Апрача яго і абедзьвюх аўтарак, у прэзэнтацыі ўдзельнічаў журналіст, экспэрт у расейскіх пытаньнях і перакладчык расейскай літаратуры Лібар Дворжак.

Пятае крэсла на сцэне Бібліятэкі Вацлава Гаўла засталося пустое — рэпартэрка Пэтра Прохазкава, пачуўшы ў ранішніх навінах пра драматычныя падзеі на польска-беларускай мяжы, тэрмінова выехала на месца здарэньняў.

Прэзэнтацыя прыцягнула шырокую ўвагу — нягледзячы на пандэмічныя абмежаваньні, заля бібліятэкі, якая ўмяшчае каля паўсотні чалавек, была цалкам запоўненая. Сярод наведнікаў былі і чэхі, і прадстаўнікі беларускай дыяспары — як «старой», так і той хвалі, што прыехала ў Чэхію пасьля падзеяў лета і восені 2020 году.

Прэзэнтацыя і «хрост» кнігі прайшлі зьмястоўна і ўрачыста, але частка, прысьвечаная пытаньням з залі, нечакана набыла больш драматычны характар. Некалькі слухачоў — і беларусаў, і чэхаў — катэгарычна і эмацыйна зрэагавалі на некаторыя выказваньні русіста Лібара Дворжака, які спрабаваў параўнаць беларускія пратэсты 2020-га з украінскім «Майданам» і выказаў думку, што беларусы, магчыма, не гатовыя рызыкаваць, ісьці на ахвяры дзеля зьмены сытуацыі і што пакуль у Менску не адбудзецца сапраўдны «майдан», зрынуць аўтарытарную дыктатуру ня ўдасца.

Ня згодныя з гэтым меркаваньнем казалі, што нават на гэтай прэзэнтацыі прысутічаюць удзельнікі беларускіх пратэстаў, якія не пабаяліся рызыкаваць і заплацілі за гэта ў тым ліку сваім здароўем, дзясяткі тысяч беларусаў прайшлі праз арышты і зьняволеньне, у краіне застаецца больш за 800 палітычных вязьняў, таму гаварыць пра нейкую «нерашучасьць» беларусаў і нежаданьне ісьці на рызыку як мінімум недарэчна. Спадар Дворжак збольшага пагадзіўся з заўвагамі і не настойваў на сваіх аргумэнтах.

Адэла Дражанава і Тэрэза Шупава
Адэла Дражанава і Тэрэза Шупава

Кніга Адэлы Дражанавай і Тэрэзы Шупавай «Беларусь на шляху да свабоды» (Bělorusko na cestě ke svobodě) выйшла ў выдавецтве Kniha Zlin, яна багата ілюстраваная, сярод амаль сотні здымкаў некалькі дзясяткаў належаць фотакарэспандэнтам Радыё Свабода.

Адэла Дражанава —журналістка часопісу Reportér, Тэрэза Шупава — рэдактарка замежнай рэдакцыі агенцтва ČTK.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG