Паводле крыніцы Радыё Свабода ў Брусэлі, сьпіс з 17 чыноўнікаў і 11 арганізацый ухваляць 1 сьнежня. Санкцыі пачнуць дзейнічаць з дня падпісаньня і публікацыі.
Эўрапейская Рада ўнесла зьмены ў крытэры прызначэньня санкцый, каб «дазволіць прымяненьне мэтавых абмежавальных захадаў у дачыненьні фізычных і юрыдычных асобаў, аб’ектаў або органаў, якія арганізуюць або спрыяюць дзейнасьці рэжыму Лукашэнкі ў садзейнічаньні незаконнаму перасячэньню зьнешніх межаў дзяржавы-члена або кантрабандзе забароненых або небясьпечных грузаў на тэрыторыю дзяржавы-сябра».
Асобы, якія трапяць пад санкцыі:
- Ігар Кручкоў, начальнік асобнай службы актыўных мерапрыемстваў спэцназу Дзяржаўнага памежнага камітэту;
- Анатоль Лапо, генэрал-лейтэнант, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь;
- Канстанцін Моластаў, начальнік Горадзенскай памежнай групы;
- Павал Харчанка, начальнік Полацкай памежнай групы;
- Ігар Гутнік, начальнік Берасьцейскай групы аховы;
- Аляксандар Давідзюк, кіраўнік Лідзкага памежнага атраду;
- Максім Бутранец, кіраўнік Смаргонскага памежнага атраду;
- Анатоль Глаз, прэс-сакратар МЗС Беларусі;
- Сяргей Епіхаў, судзьдзя Менскага раённага суду;
- Ігар Любавіцкі, судзьдзя Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь;
- Сяргей Гіргель, старшы пракурор Генэральнай пракуратуры;
- Валянціна Кулік, судзьдзя Вярхоўнага суду;
- Андрэй Пракапук, выканаўчы дырэктар у фінансавых расьсьледаваньнях Дзяржкантролю;
- Ігар Маршалаў, дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю;
- Ганна Сакалоўская, судзьдзя Калегіі Вярхоўнага суду ў грамадзянскіх справах;
- Марат Маркаў, кіраўнік тэлеканала АНТ;
- Дзьмітры Карсюк, судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Беларусі.
Кампаніі і арганізацыі, якія апынуцца пад санкцыямі:
- авіякампанія «Белавія»;
- турыстычная фірма «Цэнтаркурорт»;
- турыстычнае агенцтва «Оскартур»;
- гатэль «Мінск»;
- гатэль «Плянэта»;
- Асобная служба актыўных мерапрыемстваў (АСАМ);
- авіякампанія Cham Wings Airlines (Сырыя);
- пашпартна-візавы цэнтар VIP Grub (Турэччына);
- «Гродна Азот»;
- «Беларусьнафта»;
- «Гродна Хімвалакно»;
- «Белшына».
Гэта будзе пяты пакет санкцый супраць тых, хто падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Яны пакараныя за тое, што дапамагалі антыдэмакратычнай палітыцы сваімі дзеяньнямі або фінансава.
Санкцыі Эўразьвязу супраць рэжыму Лукашэнкі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі
Эканамічныя сэктаральныя санкцыі былі ўведзеныя Эўразьвязам пасьля інцыдэнту з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску 23 траўня 2021 году і наступнага затрыманьня журналіста Рамана Пратасевіча і ягонай партнэркі Соф'і Сапегі, а таксама з прычыны парушэньняў правоў чалавека і рэпрэсій.
У матывацыйнай частцы прынятага рашэньня прыгадваюцца, у прыватнасьці, эскаляцыя сур’ёзных парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці, дэмакратычнай апазыцыі і журналістаў, а таксама асобаў, якія належаць да нацыянальных меншасьцяў.
24 чэрвеня 2021 году Эўразьвяз увёў наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе Інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў падвойнага прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў з Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў з Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.
Санкцыі супраць асобаў і прадпрыемстваў
Раней, на пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня 2021 году, міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, быў апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набывае моц.
Яшчэ раней, у кастрычніку, лістападзе і сьнежні 2020 году Эўразьвяз увёў тры пакеты санкцый супраць уладаў Беларусі. Абмежавальныя захады тычацца афіцыйных асобаў, а таксама некаторых прадпрыемстваў. Агулам у санкцыйным сьпісе тады апынуліся 84 асобы, якім забаронены ўезд у краіны ЭЗ. У сьпіс уваходзіць Аляксандар Лукашэнка, ягоны сын Віктар Лукашэнка, кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына, старшыня КДБ Іван Тэртэль, старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч, генэральны пракурор Андрэй Швед і іншыя сілавікі, а таксама судзьдзі і чальцы выбарчых камісіяў.
Сярод іншага, ЭЗ увёў санкцыі супраць юрыдычных асобаў: ЗАТ «Белтэхэкспарт», «Дана Холдынгз/Дана Астра», Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, ТАА «Сінэзіс», ААТ «АГАТ — электрамэханічны завод», ААТ «140-ы рамонтны завод» і ААТ «Менскі завод колавых цягачоў».