Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 22 лістапада: бабруйчаніна з хваробай Паркінсона арыштавалі на 10 дзён


Сяргей Бяляеў
Сяргей Бяляеў

Улады Беларусі працягваюць перасьледаваць грамадзян за іх пазыцыю. Свабода сочыць за падзеямі.

Менчука арыштавалі чацьвёрты раз запар, агулам асудзіўшы на 57 сутак

22 лістапада прайшоў суд над 51-гадовым кіраўніком праектаў адной са сталічных фірмаў Віталём Умрэйкам.

За кратамі ён ад 7 кастрычніка — пасьля гэтага яго перазатрымлівалі чатыры разы. Гэтым разам ягоную справу разглядала судзьдзя Ленінскага раёну Менску Юлія Інчына.

Як адзначаюць праваабаронцы, 21 лістапада Віталя Ўмрэйку зноў ня вызвалілі зь ЦІП на Акрэсьціна. Згодна з пратаколам, ён «каля 19:40, знаходзячыся ў Ленінскім РУУС, паводзіў сябе агрэсіўна і задзірліва, нецэнзурна лаяўся, а на заўвагі не рэагаваў».

Сьведка-міліцыянт «асабіста бачыў», як Віталь Умрэйка нібыта «хуліганіў».

Сваю віну мужчына на судзе прызнаў і адмовіўся даваць паказаньні.

Працэс завяршыўся за 14 хвілін. Судзьдзя Юлія Інчына прызнала фігуранта справы вінаватым паводле арт. 19.1 КаАП і пакарала яго 13-суткавым арыштам.

Калі ня здарыцца новых перазатрыманьняў, мянчук правядзе за кратамі 57 сутак.

Тры гады «хіміі» ўдзельніку жнівеньскіх пратэстаў

Суд Заводзкага раёну Менску агучыў прысуд 33-гадоваму Максіму Пражэніку, паведамляюць праваабаронцы.

Судзьдзя Алег Каляда прызнаў яго вінаватым паводле ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэксу і асудзіў на 3 гады «хіміі». Пазоў прадпрыемства «Менсктранс» на суму 3621 рубель будзе вылучаны ў асобнае грамадзянскае вядзеньне.

Максіма Пражэніка абвінавачвалі ў тым, што ў ноч пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ён «браў актыўны ўдзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, не падпарадкаваўся патрабаваньням супрацоўнікаў міліцыі, выкрыкваў лёзунгі, пляскаў у далоні, рухаўся па праезнай частцы ў счэпцы».

Мужчына расказаў, што 9 жніўня выйшаў у цэнтар, каб «паказаць, што мы прагаласавалі». Ён пагадзіўся не з усім абвінавачаньнем: сказаў, што не разумее, адкуль узялася такая сума пазову, калі ён быў не адзін.

Хворага з нэўрастымулятарам кінулі на суткі за рэпост

Бабруйчаніна Сяргея Бяляева з хваробай Паркінсона і ўжыўленым нэўрастымулятарам асудзілі за рэпост паводле арт. 19.11, частка 2 КаАП (распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці або якая прапагандуе такую дзейнасьць), паведамляе «Новы час».

10 лістапада ў кватэры Сяргея Бяляева супрацоўнікі ГУБАЗіК правялі ў ператрус. Паводле блізкіх мужчыны, яны шукалі доказы, якія пацьвярджаюць абразу супрацоўніка міліцыі Комара.

Аднак адміністрацыйны працэс супраць Сяргея распачалі ўжо па іншым артыкуле ў Ленінскім РАУС Бабруйску. Сваякі Бяляева паведамілі, што там адзін з супрацоўнікаў без усялякай прычыны ўдарыў яго па галаве, хоць праз хваробу Бяляеву супрацьпаказаныя любыя рэзкія рухі.

Сяргей Бяляеў, інвалід з Бабруйску, якога тры дні трымалі ў турме
Сяргей Бяляеў, інвалід з Бабруйску, якога тры дні трымалі ў турме

Перасьлед Сяргея Бяляева пачаўся яшчэ мінулай зімой. Тады мужчыну забіралі з дому пасьля ператрусу і абшуквалі ў міліцыі з ужываньнем мэталашукальніка. Ад гэтага нэўрастымулятар зьбіўся з рытму. Гэтай восеньню Сяргею зрабілі апэрацыю ў Менску і стымулятар наладзілі.

Ужо раніцай наступнага дня па прыезьдзе дадому пасьля лякарні да Сяргея ўварваліся сілавікі, паклалі на падлогу, надзелі кайданкі. Але тады не затрымалі, а зрабілі гэта празь месяц пасьля ператрусу, 10 лістапада.

У пятніцу 12 лістапада на судзе ў ІЧУ Сяргей Бяляеў падаў хадайніцтва на абарону, запатрабаваў адваката. І яго адпусьцілі да панядзелка. Тады блізкія зьвярнулі ўвагу на тое, што ён вельмі дрэнна перасоўваецца, магчыма, нэўрастымулятар ізноў зьбіўся.

Усяго ў Бяляева былі тры паседжаньні суду, апошняе 16 лістапада. Прысудзілі 10 дзён арышту. Адпусьціць павінны да абеду 26 лістапада.

Бабруйчанін быў упэўнены, што яму дадуць ня суткі, а штраф, таму не падрыхтаваўся да арышту. Зарадкі ў нэўрастымулятары засталося на некалькі дзён, і калі яго не падзарадзіць, гэта можа выклікаць пагрозу здароўю і жыцьцю Сяргея.

«Я не магу сказаць з упэўненасьцю, але мы баімся самага крайняга зыходу», — гавораць блізкія абвінавачанага.

Маці Сяргея ня ведае, як робіцца падзарадка, ён можа зрабіць гэта толькі дома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG