Гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium абмяркоўваюць дырэктарка міжнароднага аналітычнага цэнтру GLOBSEC Policy Institute Алена Кудзько і экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат Павал Сьлюнькін.
Кудзько
- Пакуль міграцыйны крызіс дакладна ня вырашаны.
- Лукашэнка дастаткова ўклаўся ў гэты крызіс, і ён марыць аб вялікіх саступках з боку ЭЗ.
- Але не выглядае, што ЭЗ іх гатовы прапанаваць.
- Я ня думаю, што размова ішла пра поўнае зьняцьцё санкцыяў.
- Мэркель магла прапанаваць гуманітарную дапамогу на мяжы.
- Магчыма, была прапанова не забараняць лізінг самалётаў для «Белавія», а ўзамен Беларусь спыніла б гэтыя «турыстычныя» паездкі да мяжы.
- Ня выключана, што размова ішла пра тое, што ЭЗ адкрые сваю паветраную прастору для «Белавія».
- Магчыма, нехта ў камандзе Лукашэнкі лічыць, што можна паўтарыць тое, што было ў 2015–2016 гадах, калі Нямеччына паабяцала краінам Цэнтральнай Эўропы, што мігранты могуць прайсьці ў Нямеччыну, якая іх прыме.
- Я не выключаю, што Нямеччына можа прыняць частку тых мігрантаў, якія знаходзяцца на мяжы.
- Але гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі паток спыніцца.
- У беларускай інфармацыйнай прасторы гэтай тэлефоннай гутарцы надаецца значна больш увагі, чым у эўрапейскай прасторы.
- Супярэчнасьці ў міграцыйным пытаньні паміж «новай» і «старой» Эўропай сьціраюцца.
- Гэта ўжо не 2015 год, тады намеры Вугоршчыны будаваць сьцяну на мяжы, адмова Ўсходняй Эўропы дзяліць мігрантаў па квотах спараджалі мэнтальныя падзелы паміж Усходняй і Заходняй Эўропай.
- Цяпер сытуацыя іншая.
- Пасьля 2015 году такія краіны, як Аўстрыя, Нямеччына, лепш ведаюць кошт інтэграцыі вялікай колькасьці мігрантаў.
- Заходнія палітыкі таксама разумеюць, што адбываецца на мяжы — гэта сплянаваная атака з жахлівым выкарыстаньнем людзей.
- Справа ня толькі ў Лукашэнку, Эўразьвяз ня можа сабе дазволіць падаць сыгнал іншым ахвотным — маўляў, калі ласка, стварайце міграцыйныя крызісы, мы вам заплацім.
- Літва і Польшча абараняюць мяжу Эўразьвязу, і гэта ўсьведамляюць і ў Нямеччыне.
- Але супярэчнасьці ёсьць.Будаваць ці не будаваць сьцяну? І хто за гэта будзе плаціць?
- Ёсьць таксама супярэчнасьці наконт удзелу эўрапейскай службы памежнай варты Frontex у ахове польска-беларускай мяжы.
- Польшча адмаўляецца ад гэтага.
- Гэта міт, што Эўразьвяз даўно зарокся размаўляць з Лукашэнкам пра што б там ні было.
- Пазыцыя ЭЗ такая, што ён гатовы размаўляць з кім заўгодна.
- Пытаньне ў тым, ці можа другі бок прапанаваць нешта канкрэтнае для размоваў.
Сьлюнкін
- Магчыма, Лукашэнка чакае, каб Эўропа дала яму грошы, каб ён накіраваў мігрантаў дадому.
- Тое, што адбываецца на мяжы пасьля тэлефоннай гутаркі, — спроба Лукашэнкі стымуляваць ЭЗ прыняць прапанову, якую ён вылучыў падчас гутаркі з Мэркель.
- Мэркель у гутарцы з Лукашэнкам не прадстаўляла ўвесь Эўразьвяз.
- З Польшчы гучыць крытыка на яе адрас за яе крок, кажуць, што ЗША спрабавалі яе адгаварыць ад гэтага званка.
- Яна патэлефанавала, каб даведацца, чаго ён хоча.
- Эўразьвяз чуў экспэртаў, палітыкаў, але Лукашэнку слова не давалі.
- Калі мінімум для Лукашэнкі — гэта захаваньне твару, то максымум — гэта тое, што сэктаральныя санкцыі не павінны пачынацца для новых кантрактаў, каб у пятым пакеце іх хаця б не пашыралі.
- Лукашэнка, ствараючы гэты крызіс, перасьледаваў тры мэты.
- Першае — гэта прымусіць Эўразьвяз зь ім размаўляць, нягледзячы на тое, што яны называюць яго нелегітымным кіраўніком. Каб прызналі кіраўніком хаця б дэ-факта, каб вырашылі зь ім пытаньні «на зямлі».
- Другі пункт — гэта парадак дня перамоваў Беларусі і ЭЗ. Ён ужо ня той, які быў паўгода таму.
- Тады парадак дня быў — новыя выбары, вызваленьне палітвязьняў, спыненьне рэпрэсіяў і пачатак дыялёгу з грамадзтвам.
- Зараз Эўропа гатовая размаўляць пра міграцыйны крызіс.
- Для Лукашэнкі гэта больш камфортная тэма, ён у ёй можа пайсьці на саступкі, бо яна ня тычыцца ягонай улады.
- Ён гэты крызіс стварыў, ён можа яго і «адкаціць» назад.
- І трэці пункт — гэта санкцыі.
- Ён пачаў гаварыць пра магчымасьць учыненьня мігранцкага крызісу пасьля інцыдэнту з самалётам Ryanair і заяваў заходніх палітыкаў пра ўвядзеньне трэцяга пакету санкцыяў.
- Лукашэнка, дарэчы, казаў ня толькі пра транзыт мігрантаў, ён казаў і пра транзыт наркотыкаў і ядзерных матэрыялаў.
- Гэта падвышэньне ставак, каб ЭЗ быў гатовы зь ім размаўляць.
- Тое, што прэзыдэнт Літвы Наўседа заявіў, што варта размаўляць з Лукашэнкам, — гэта рэакцыя на званок Мэркель.
- Магчыма, Літва ня хоча, каб на яе мяжы адбывалася тое, што адбываецца на польскай мяжы.
- Напэўна, Вільня разважае, што калі Нямеччына ўзялася вырашыць пытаньне з Лукашэнкам, то, можа, гэта і трэба рабіць.
- Але тут важна, што лічаць такія краіны, як Аўстрыя і Вугоршчына.
- Ёсьць яшчэ шэраг краінаў у Эўропе, якія кажуць, што санкцыі не працуюць і, можа, ня трэба іх узмацняць.
- Для іх тэлефанаваньне Мэркель — гэта запрашэньне працягваць і ўзмацняць гэтую лінію.
- У пэўным сэнсе тэлефанаваньне Мэркель адчыніла скрыню Пандоры.
- Калі гэта мог зрабіць Пампэо, цяпер можа зрабіць Мэркель, то чаму заўтра гэтага ня могуць зрабіць, скажам, Орбан ці Шаленбэрг?
- Мэркель не размаўляла з Лукашэнкам пра палітычны крызіс у Беларусі, які стаў прычынай міграцыйнага крызісу.
- Яна размаўляла пра канкрэтную сытуацыю на мяжы.
- Дык гэтак жа і прэм’ер Вугоршчыны можа размаўляць з Лукашэнкам пра двухбаковыя пытаньні.
- Калі Лукашэнка перакрые транзыт газу, гэта для Пуціна будзе ня вельмі прыемна.
- Або калі канфлікт ператворыцца ў збройнае супрацьстаяньне паміж польскімі і беларускімі памежнікамі — гэта зусім ня тое, чаго хацеў бы Пуцін.
- Але яму падабаецца сытуацыя дэстабілізацыі, калі эўрапейскія краіны спрачаюцца паміж сабой, ня могуць вырашыць крызіс, а потым тэлефануюць яму па дапамогу.
- Спачатку Нямеччына, Вялікая Брытанія, Францыя кажуць, што Расея ладзіць гібрыдныя атакі супраць Эўропы.
- А потым нелегітымны, як яны кажуць, Лукашэнка ладзіць крызіс, і ўжо канцлерка Нямеччыны тэлефануе Пуціну.
- Для чаго? Каб чалавек, якога яны абвінавачваюць у гібрыдных атаках, дапамог ім вырашыць праблему на мяжы?
- Гэта вельмі прыемна Пуціну. Гэта такі тролінг Эўропы.
Што было раней
- 15 лістапада адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.
- «Канцлер і спадар Лукашэнка гаварылі пра складаную сытуацыю на мяжы Беларусі з Эўразьвязам — асабліва пра неабходнасьць гуманітарнай дапамогі для ўцекачоў і мігрантаў, якія знаходзяцца там. Яны дамовіліся працягнуць абмен у гэтых пытаньнях», — паведаміла прэсавая служба Мэркель.
- 16 лістапада Лукашэнка сказаў, што даў Мэркель прапанову, як разьвязаць сытуацыю.
- «Мы дамовіліся з Мэркель, што мы ня будзем пакуль пра гэта гаварыць канкрэтна. Яна папрасіла час, паўзу для таго, каб абмеркаваць гэтую прапанову зь сябрамі ЭЗ», — заявіў Лукашэнка. Ён адзначыў, што яны з Мэркель дамовіліся сазваніцца яшчэ раз.
- А таксама пра тое, што кіраўнік дыпляматыі Эўразьвязу Жузэп Бурэль і міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей «будуць пастаянна ў кантакце і абмяркоўваць гэтыя пытаньні».
- «Думаю, што ёсьць магчымасьць вырашыць крызіс, зьвярнуўшыся і да спадара Лукашэнкі, як толькі што гэта зрабіла Ангела Мэркель. Мы павінны гаварыць з чалавекам, які адказвае за тое, што адбываецца на мяжы», — сказаў прэзыдэнт Літвы ў аўторак у інтэрвію BBC.