Лукашэнка звольніў Ігара Фісенку з пасады пасла Беларусі ў Францыі. Ён таксама перастане выконваць функцыю пасла ў Манака і Партугаліі па сумяшчальніцтве. Ва ўказе напісана, што Фісенка захоўвае паўнамоцтвы ў якасьці сталага прадстаўніка Беларусі пры ЮНЭСКА. Пра гэта паведамляе БЕЛТА.
Раней Фісенку адклікалі для кансультацый у Менск, у сувязі з тым што МЗС Беларусі загадаў францускаму паслу Нікаля дэ Лякосту пакінуць краіну. Прычына такога патрабаваньня палягала ў тым, што дэ Лякост адмовіўся ўручаць даверчыя лісты Аляксандру Лукашэнку.
Дыпляматычны канфлікт з Францыяй
Амбасадар Францыі Нiкаля дэ Лякост 17 кастрычніка быў вымушаны пакінуць Менск. 18 кастрычніка стала вядома аб адкліканьні беларускага амбасадара Ігара Фісенкі ў Менск на кансультацыі. У францускай амбасадзе Свабодзе тады паведамілі, што пасол выехаў на патрабаваньне МЗС Беларусі.
МЗС Беларусі патлумачыў ад'езд францускага амбасадара тым, што той нібыта ня выказаў гатоўнасьці завяршыць прадугледжаную міжнародным правам і агульнапрынятай практыкай працэдуру ўступленьня на пасаду, і таму Беларусь апавясьціла Парыж аб заканчэньні дзеяньня сваёй згоды на яго прызначэньне.
Уступленьне амбасадара на пасаду завяршаецца ўручэньнем даверчых лістоў кіраўніку дзяржавы. Нiкаля дэ Лякост толькі ўручыў летась копіі лістоў міністру замежных спраў Беларусі Ўладзімеру Макею, а ад сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам адмовіўся.
Амбасадар Нiкаля дэ Лякост правёў у Беларусі 1 год і 2 месяцы. На гэты момант ніхто з амбасадараў эўрапейскіх краін не ўручаў даверчых лістоў Лукашэнку пасьля выбараў 2020 году.
Апрача Нiкаля дэ Лякоста, на патрабаваньне беларускіх уладаў Беларусь пакінулі амбасадары Польшчы Артур Міхальскі і Эўразьвязу Дырк Шубэль. Што да новай амбасадаркі ЗША ў Менску Джулі Фішэр, то МЗС адклікаў агрэман на яе прызначэньне, яна так і не змагла прыбыць у Беларусь.
Нікаля дэ Лякост выконвае абавязкі «спэцыяльнага пасланьніка па Беларусі»
Паводле МЗС Францыі, высланы зь Менску пасол дэ Лякост выконвае абавязкі «спэцыяльнага пасланьніка па Беларусі».
МЗС Францыі назвала скасаваньне беларускім бокам дазволу на знаходжаньне амбасадара Нікаля дэ Лякоста ў Беларусі «неабгрунтаваным рашэньнем» і заявіла аб прыняцьці «прапарцыйных мераў у адказ».
«Гэтае неабгрунтаванае рашэньне, прынятае беларускімі ўладамі, працягвае шэраг нэгатыўных рашэньняў, якія скарацілі сродкі дзеяньняў нашай місіі ў Менску, — гаворыцца ў заяве францускага МЗС. — Адпаведна, улады Францыі прынялі прапарцыйныя меры ў дачыненьні да беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Францыі, аб чым беларускія ўлады былі праінфармаваныя».
Заява таксама паведамляе, што з 18 кастрычніка спадар Нікаля дэ Лякост возьме на сябе місію «спэцыяльнага пасланьніка па Беларусі» ў каардынацыі з францускай амбасадай у Менску, якая працягне працу.
«Францыя, як гэта робіцца са жніўня 2020 году, у цеснай сувязі і ў адпаведнасьці з пазыцыямі, вызначанымі зь яе партнэрамі ў Эўразьвязе, будзе працягваць стаяць побач зь беларускім народам у падтрымку ўстойлівага палітычнага вырашэньня крызісу ў Беларусі», — заключае заява МЗС Францыі.