«Гэтае неабгрунтаванае рашэньне, прынятае беларускімі ўладамі, працягвае шэраг нэгатыўных рашэньняў, якія скарацілі сродкі дзеяньняў нашай місіі ў Менску, — гаворыцца ў заяве францускага МЗС. — Адпаведна, улады Францыі прынялі прапарцыйныя меры ў дачыненьні да беларускага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Францыі, аб чым беларускія ўлады былі праінфармаваныя».
Заява таксама паведамляе, што з 18 кастрычніка спадар Нікаля дэ Лякост возьме на сябе місію «спэцыяльнага пасланьніка па Беларусі» ў каардынацыі з францускай амбасадай у Менску, якая працягне працу.
«Францыя, як гэта робіцца са жніўня 2020 году, у цеснай сувязі і ў адпаведнасьці з пазыцыямі, вызначанымі зь яе партнэрамі ў Эўразьвязе, будзе працягваць стаяць побач зь беларускім народам у падтрымку ўстойлівага палітычнага вырашэньня крызісу ў Беларусі», — заключае заява МЗС Францыі.
У адпаведнасьці з агульнай пазыцыяй Эўразьвязу Францыя не прызнае законнасьці вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году, таму амбасадар Францыі не ўручыў даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, а толькі перадаў іх копію міністру замежных спраў Беларусі.
МЗС Беларусі патлумачыў ад’езд францускага амбасадара тым, што той не завяршыў працэдуру ўступленьня на пасаду, і таму Беларусь апавясьціла Парыж аб заканчэньні дзеяньня сваёй згоды на яго прызначэньне.