Яго затрымаў у траўні ўчастковы міліцыянт — за налепку «Пагоня» на аўтамабілі. Але пасьля на яго завялі дзьве крымінальныя справы за допісы ў Telegram.
Допісы сьледзтва трактавала як «заклікі да масавых беспарадкаў» і «абразу прадстаўніка ўлады». Абражаны — супрацоўнік гомельскага АМАПу. Ён запатрабаваў кампэнсацыю маральнай шкоды на 2 тысячы рублёў.
На судзе 12 лістапада зачыталі думку экспэрта пра выказваньні Маркаўца ўTelegram. Той пісаў, што «варта ўспамінаць партызанскія традыцыі продкаў», і «пры блякаваньні дарогі было б эфэктна падпаліць стары непатрэбны грузавік». Экспэрт выказаўся, што ў выказваньнях Маркаўца не было заклікаў і інструкцый да дзеяньняў.
Пракурор жа папрасіў далучыць да справы выпіску з рэестру злачынстваў і правапарушэньняў, што ў 2020-2021 гадах у Гомельскай вобласьці нехта рабіў такія дзеяньні: перакрывалі чыгунку, разьбівалі шыбы ў машыне і іншыя. На гэта адвакат Маркаўца сказаў, што выпіска з рэестру ня мае ніякага дачыненьня да гэтай канкрэтнай крымінальнай справы.
Па выніку пракурор запатрабаваў пакараць Маркаўца паводле двух артыкулаў (342-га і 369-га) двума гадамі пазбаўленьня волі і абавязаць яго выплаціць супрацоўніку АМАП 2 тысячы рублёў.
Адвакатка прасіла апраўдаць абвінавачанага паводле артыкулу «Масавыя беспарадкі», а за «абразу прадстаўніка ўлады» прызначыць яму мінімальнае пакараньне.
Наступае паседжаньне будзе 22 лістапада. Маркавец выступіць з апошнім словам.
На судзе Маркавец казаў, што камэнтары пісаў жартам, а сам ніякіх дзеяньняў не рабіў. Ён не адмаўляў, што абразіў супрацоўніка АМАПу, і патлумачыў, што летась у жніўні, калі міліцыянты білі людзей, ён мог на эмоцыях напісаць нешта абразьлівае.
Пацярпелы амапавец на судзе заявіў, што пасьля публікацыі ў тэлеграм-чатах ягоных пэрсанальных зьвестак і абразаў пад імі ягоная сям’я мусіла зьмяніць месца жыхарства. І дадаў, што ня можа такога дараваць.