Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб не заседжваліся. Чаму Лукашэнка памяняў Галоўчанку на Турчына


Аляксандар Лукашэнка прызначае ўрад. Менск, 10 сакавіка 2025
Аляксандар Лукашэнка прызначае ўрад. Менск, 10 сакавіка 2025

Лукашэнка ў сваёй кадравай палітыцы кіруецца прынцыпам, паводле якога чыноўнік не павінен доўгі час заставацца на ключавой пасадзе.

Каб не расла ягоная адміністратыўная вага, якая зь цягам часу можа перарасьці ў вагу палітычную. Бо ў краіне можа быць толькі адзін палітык, і ніякай канкурэнцыі ён не пацярпіць.

Сьцісла:

  • Ніколі раней Лукашэнка так не чапляўся да працы прэм’ера, як у выпадку з Раманам Галоўчанкам.
  • Калі ацэньваць вынікі працы Галоўчанкі на пасадзе кіраўніка ўраду, то тут няма з кім і з чым параўноўваць. Бо 2020–2025 гады — пэрыяд беспрэцэдэнтнай турбулентнасьці для беларускай эканомікі, зьвязаны з санкцыямі, стратай украінскага і значнай часткі эўрапейскага рынкаў.
  • Аляксандар Турчын працаваў першым віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе Сяргея Румаса, быў кіраўніком Менскай вобласьці. То бок прайшоў усе ступені кар’ернай лесьвіцы, і ягонае ўзвышэньне выглядае лягічным.
  • Павел Калавур быў самым эфэктыўным старшынём Нацыянальнага банку за ўсю гісторыю Беларусі. Пры ім фінансавая сыстэма прыведзена ў парадак. Раман Галоўчанка, які ўзначаліў Нацбанк, прафэсійным фінансістам не зьяўляецца.

Нейкі час Лукашэнка захоўваў інтрыгу наконт прозьвішча новага прэм’ер-міністра. Увесь урад прызначаны, а кіраўніка не было. І вось пасьля невялікай паўзы імя новага прэм’ера названа. І гэта не Раман Галоўчанка, а Аляксандар Турчын.

Чаму не Галоўчанка?

За доўгі час свайго кіраваньня Лукашэнка шмат разоў крытыкаваў працу кіраўнікоў ураду. Найперш за тое, што яны ў тым ці іншым выглядзе прапаноўвалі рынкавыя захады. Часта крытыка была неабгрунтаваная.

Але ніколі раней Лукашэнка так не чапляўся да дзейнасьці прэм’ера, як у выпадку з Раманам Галоўчанкам. Прычым нярэдка — без падстаў. У чэрвені 2023-га ён пагражаў Галоўчанку адстаўкай, калі па выніках году ня будуць выкананыя прагнозныя паказчыкі.

У жніўні таго ж году Лукашэнка загадаў выклікаць Галоўчанку з адпачынку з прычыны скандалу з уступнай кампаніяй у ВНУ. Хоць, здавалася б, пры чым тут прэм’ер?

У кастрычніку Лукашэнка абвінаваціў Галоўчанку, што той не стварыў адзінай кампаніі па продажы калійных угнаеньняў. Пазьней ён заявіў, што «наш урад замест таго, каб канкрэтнай справай займацца, пачынае хлусіць і дэзынфармаваць прэзыдэнта».

На нарадзе ў лістападзе Лукашэнка, разважаючы пра карупцыю ў так званай «малочнай справе», заявіў:

«Раман Аляксандравіч, таксама адкажаце, калі там будуць вашы асобы. Там сьвецяцца і сябры ўраду».

У сьнежні 2023 году Лукашэнка абвінаваціў кіраўніка ўраду ў недахопах з мэліярацыяй, паўшчуваў Галоўчанку за дакумэнт, у якім гаварылася, што ў Беларусі з 101 траншэекапальніка 99 «цалкам замартызаваныя». «Скажы шчыра, ты падпісаў, што табе падсунулі, ці ты сам падлічыў?» — зьвярнуўся тады Лукашэнка да старшыні ўраду. І дадаў: «Я вас ужо папярэджваў. Мяне забівае тое, што вы паказухай займаецеся. Я ж па ўсёй краіне лётаю і бачу, дзе вы працуеце, дзе — не».

Потым абвінаваціў урад у тым, што агуркі занадта дарагія.

У сакавіку 2024 году Лукашэнка ўбачыў непарадак у рамонце дарог і запатрабаваў:

«Перадайце асабіста прэм’ер-міністру, няхай пачынае займацца разам зь віцэ-прэм’ерам».

То бок Лукашэнка чапляўся да Галоўчанкі за нейкія дробязі, абвінавачваў у праблемах, якія ўвогуле не павінны тычыцца функцыяў прэм’ера. Такое ўражаньне, што тут было нешта асабістае і Лукашэнка шукаў зачэпкі, каб неяк укалоць кіраўніка ўраду.

Дарэчы, у мінулым варыянце Канстытуцыі было запісана, што ў выпадку, калі пасада прэзыдэнта акажацца вакантнай, то прэзыдэнцкія функцыі выконвае прэм’ер. А ў новай Канстытуцыі 2022 году зафіксавана, што паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы ў выпадку вакансіі пераходзяць да старшыні Савету Рэспублікі. Можна выказаць вэрсію, што гэта зьвязана з стаўленьнем Лукашэнкі да асобы Галоўчанкі.

І вось цяпер Галоўчанка вызваляе месца прэм’ера. Акрамя ўсіх іншых чыньнікаў, Лукашэнка ў сваёй кадравай палітыцы кіруецца прынцыпам, што чыноўнік не павінен надоўга заседжвацца на ключавой пасадзе. Каб не расла ягоная адміністратыўная вага, якая зь цягам часу можа перарасьці ў вагу палітычную. Бо ў краіне можа быць толькі адзін палітык, і ніякай канкурэнцыі ён не пацярпіць.

Калі ацэньваць вынікі працы Рамана Галоўчанкі на пасадзе кіраўніка ўраду, то тут няма з кім ці з чым параўноўваць. Бо 2020 —2025 гады — гэта пэрыяд беспрэцэдэнтнай турбулентнасьці для беларускай эканомікі, зьвязаны з санкцыямі, стратай украінскага і паловы эўрапейскага рынкаў. Даводзілася на хаду пераарыентоўваць экспартныя плыні, шукаць новыя лягістычныя шляхі і рынкі.

Прызначаны новы прэм’ер — Аляксандар Турчын. Ён быў першым віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе Сяргея Румаса, які лічыўся адносна прарынкавым, потым працаваў кіраўніком Менскай вобласьці. То бок прайшоў усе ступені кар’ернай лесьвіцы, і ягонае ўзвышэньне выглядае лягічным. Дарэчы, у свой час ён быў старшынём Рады па разьвіцьці прадпрымальніцтва — кансультатыўнага органа пры прэзыдэнце. Яго называюць аўтарам лібэральнага дэкрэту № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва» (2017 год).

Тут цікава тое, што ў красавіку на Ўсебеларускім народным сходзе прэм’ер павінен выступіць з справаздачай аб працы ўраду. Але пра што можна справаздачыцца, калі новы прэ’мер да таго часу будзе працаваць на сваёй пасадзе толькі месяц?

Што тычыцца зьмены кіраўніка Нацбанку. Павел Калавур, які сышоў у адстаўку, быў самым эфэктыўным старшынём Нацыянальнага банку за ўсю гісторыю Беларусі. Пры ім фінансавая сыстэма прыведзена ў парадак, інфляцыя мінімізавалася, беларускі рубель стабілізаваўся.

Раман Галоўчанка, які «кінуты» на Нацбанк, не зьяўляецца прафэсійным фінансістам. Гэта другі выпадак у гісторыі Беларусі, калі пасаду старшыні НБ займае не прафэсіянал у гэтай сфэры. Першым быў сумна вядомы Пятро Пракаповіч — будаўнік, пры якім беларускія фінансы зазналі нямала крызысных сытуацый.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG