Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У судзе над журналістам Ігарам Ільяшом аб’яўлены перапынак, яго публікацыі дасланыя на экспэртызу


Ігар Ільяш.
Ігар Ільяш.

Менскі гарадзкі суд аб’явіў перапынак у разглядзе крымінальнай справы журналіста, палітвязьня Ігара Ільяша. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» журналіст Сяргей Ваганаў, дзядуля жонкі Ільяша журналісткі Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай), якая таксама зьяўляецца палітзьняволенай.

Паводле слоў Ваганава, аналітычныя публікацыі Ільяша адпраўлены на экспэртызу, якую будзе праводзіць прафэсар, доктар філялягічных навук, загадчык катэдры на філфаку БДУ Сяргей Лебядзінскі.

Хадайніцтва Ільяша аб тым, каб экспэртыза прайшла ў Дзяржаўным цэнтры судовых экспэртыз, суд не задаволіў.

Ваганаў адзначыў, што фізычны і маральны стан Ільяша добры, ён «шмат чытае» і «грунтоўна рыхтуецца да судовых пасяджэньняў».

«Адзінае, што яго засмучае, гэта немагчымасьць наўпрост перапісвацца з Кацяй, якая ўжо пяты год утрымліваецца ў Гомельскай ВК № 4. Адзіная спроба даслаць ёй ліст скончылася яго вяртаньнем, хоць папярэдне Ігару сказалі, што афіцыйнай забароны на перапіску паміж зьняволенымі няма», — паведаміў Ваганаў.

Іліяша абвінавачваюць па арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і ч. 2 арт. 3614 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці) Крымінальнага кодэксу.

Пра яго затрыманьне паведамілі праўладныя рэсурсы 22 кастрычніка летась. З публікацый вынікала, што ён затрыманы за інтэрвію незалежным СМІ. Заяўлялася, што тым самым ён займаўся «садзейнічаньнем экстрэмісцкім фарміраваньням».

Таксама сьцьвярджалася, што журналіст ажыцьцяўляў «збор дадзеных для замежных разьведак — даваў камэнтары украінскім выданьням».

  • У ліпені 2021 году Ільяша затрымлівалі на 10 дзён, ён быў у статусе падазраванага па ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Далейшага ходу крымінальная справа не атрымала.
  • Кацярына Андрэева была затрыманая разам са сваім апэратарам Дар’яй Чульцовай 15 лістапада 2020 году. Яна вяла прамы эфір зь месца разгону сілавікамі людзей, якія прыйшлі ўшанаваць памяць забітага актывіста Рамана Бандарэнкі («плошча Перамен» — двор на вул. Чарвякова ў Менску).
  • У лютым 2021 года суд Фрунзенскага раёну Менска прызнаў журналістак вінаватымі ў «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (арт. 342 КК), і прысудзіў да двух гадоў пазбаўленьня волі.
  • Беларускія праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.
  • 13 ліпеня 2022 году Гомельскі абласны суд прысудзіў Андрэеву да васьмі гадоў пазбаўленьня волі па ч. 1 арт. 356 КК (здрада дзяржаве). Паколькі раней яна ўжо была прысуджаная да зьняволеньня, шляхам частковага складаньня канчатковым пакараньнем ёй прызначылі пазбаўленьне волі на тэрмін восем гадоў і тры месяцы. Адлік вядзецца з моманту затрыманьня восеньню 2020 году.
  • Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 40 супрацоўнікаў СМІ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG