Ляўрэатамі сталі Марыя Калесьнікава і Франак Вячорка, якія, як адзначаецца ў паведамленьні Інстытуту, «актыўна выступілі супраць дыктатара Лукашэнкі».
Паведамляючы пра рашэньне даць прэмію Марыі Калесьнікавай, Інстытут вывучэньня таталітарных рэжымаў адзначае, што «яна ўзначальвала выбарчы штаб кандыдата ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі ў Менску, які пазьней быў арыштаваны... Калесьнікава ініцыявала акцыі пратэсту, увайшла ў Каардынацыйную раду апазыцыі і абвясьціла аб стварэньні палітычнай партыі „Разам“, якая павінна была аб’яднаць прыхільнікаў апанэнтаў Лукашэнкі. У верасьні мінулага году беларускія міліцыянты выкралі яе і спрабавалі дэпартаваць ва Ўкраіну, але Калесьнікава выскачыла з машыны перад мяжой і парвала пашпарт. Яе зноў арыштавалі, пасадзілі і абвінавацілі ў арганізацыі дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі, змове з мэтай захопу ўлады і стварэньні экстрэмісцкай групоўкі. Яе асудзілі два месяцы таму на 11 гадоў пазбаўленьня волі.
Марыя Калесьнікава ўвасабляе тую сьмелую частку беларускага грамадзтва, якая ня мае намеру мірыцца з практыкай улады апошняга эўрапейскага дыктатара».
Франак Вячорка, адзначаецца ў паведамленьні Інстытуту, «жыве ў эміграцыі ў Польшчы, Украіне, Літве і іншых краінах ЭЗ, бо ў Беларусі яму пагражае зьняволеньне. Ён адзін з галоўных прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якая павялічваецца. У кастрычніку 2020 году ён стаў дарадцам Сьвятланы Ціханоўскай па зьнешняй палітыцы — ня будзе перабольшваньнем сказаць, што ён зьяўляецца міністрам замежных спраў беларускага ўраду ў выгнаньні.
Ён жыў у эміграцыі задоўга да леташніх пратэстаў, безь ягонай дзейнасьці ў эміграцыі цяперашняя моцная замежная акцыя беларускай апазыцыі была б немагчымай».
На цырымоніі ў Сэнаце Марыю Калесьнікаву прадстаўляла яе сястра Тацяна Хоміч, Франак Вячорка прысутнічаў асабіста.
Вацлаў Бэнда (1946-1999) — чэскі матэматык, каталіцкі інтэлектуал і адзін з актывістаў дысыдэнцкай «Хартыі 77».