Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры нобэлеўскія ляўрэаткі па літаратуры заявілі пра гуманітарную катастрофу на беларуска-польскай мяжы


Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Адкрыты ліст у Эўрапейскую Раду і Эўрапарлямэнт падпісалі чатыры ляўрэаткі Нобэлеўскай прэміі па літаратуры: Сьвятлана Алексіевіч, Эльфрыдэ Елінэк, Гэрта Мюлер і Вольга Такарчук.

Яны зьвярнуліся да эўрапейскіх структур у сувязі з «гуманітарнай катастрофай» на польска-беларускай мяжы і, сярод іншага, заклікалі дапусьціць у памежны рэгіён гуманітарныя арганізацыі, якія маглі б аказваць мэдычную і прававую дапамогу, а таксама даць дазвол на працу акрэдытаваных журналістаў на тэрыторыях, дзе цяпер дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча.

Нобэлеўскія ляўрэаткі зьвярнуліся да старшыні Эўрапейскай рады Шарля Мішэля, старшыні Эўрапарлямэнту Дэвіда Сасолі, эўрапарлямэнтароў.

У звароце яны заяўляюць, што ўрад Польшчы ўвёў на прымежнай зь Беларусьсю тэрыторыі краіны «рэжым надзвычайнага становішча, згодна зь якім не дапускаецца мэдычная дапамога хворым і паміраючым, а таксама робіцца немагчымым доступ СМІ да трагедыі, якая там адбываецца»:

«Аднак нават гэтая няпоўная, фрагмэнтарная інфармацыя дае ўяўленьне аб маштабнасьці гуманітарнай катастрофы, якая адбываецца на мяжы Эўразьвязу: мы ведаем, што там людзі падвяргаюцца бязьлітаснай працэдуры выцісканьня назад, знаходзяцца пад пагрозай холаду, голаду і зьнясіленьня ў лясах і на балотах.

Беларускія турфірмы, падкантрольныя рэжыму Лукашэнкі, абяцаюць адчайным уцекачам уехаць у ЭЗ за вялікія грошы. Завабленых такім чынам у Менск потым завозяць арганізаваным транспартам у лес да мяжы. Там іх спрабуюць выціснуць у Польшчу, польскія службы таксама прымусова вяртаюць іх у Беларусь. У горшых выпадках гэта заканчваецца сьмерцю. Некаторыя з загінулых вядомыя нам па імені, іншыя паміраюць ананімна».

Сьвятлана Алексіевіч, Эльфрыдэ Елінэк, Гэрта Мюлер і Вольга Такарчук зьвярнуліся да дэмакратычна абраных прадстаўнікоў Эўропы з заклікам не адводзіць вачэй ад трагедыі.

«Мы павінны ўсьведамляць, што людзей выкарыстоўваюць у якасьці закладнікаў. Гэтыя дэманічныя практыкі ўвойдуць у гісторыю як прыклад сучаснай жорсткасьці. У гісторыі Эўропы мы занадта часта дазвалялі сабе быць недасьведчанымі. Мы заплюшчвалі вочы, затулялі вушы. Мы маўчалі. Пасьля перажываньняў XX стагодзьдзя мы ведаем, што ёсьць веды нязручныя і стамляючыя. Абараняючы свой дабрабыт, большасьць людзей трымаюць іх далей ад сябе. Сёньня такая сытуацыя паўтараецца».

Падпісанткі звароту заклікаюць змагацца з навалам адчаю на межах Эўропы, кіруючыся фундамэнтальнымі эўрапейскімі каштоўнасьцямі.

«Мы заклікаем да як найбольш хуткага і эфэктыўнага вырашэньня гэтага гуманітарнага крызісу, да выкананьня Жэнэўскай канвэнцыі і, перш за ўсё, да магчымасьці пачаць працэдуру прадастаўленьня прытулку для ўсіх тых, хто просіць аб гэтым і быў затрыманы на гэтай частцы ўсходняй мяжы Эўразьвязу.

Мы патрабуем шырокай дыпляматычнай ініцыятывы ў краінах Блізкага Ўсходу, якая зможа супрацьстаяць ілжывым наратывам беларускага рэжыму, скіраваным на тое, каб даставіць да польска-беларускай мяжы як мага больш адчайных уцекачоў і такім чынам раздуць праблему і дэстабілізаваць палітычную сытуацыю ў Польшчы і ва ўсім Эўразьвязе.

У першую чаргу мы заклікаем дапусьціць у памежны рэгіён гуманітарныя арганізацыі, якія маглі б аказваць мэдычную і прававую дапамогу. Мы таксама просім дапускаць акрэдытаваных журналістаў і СМІ ў памежныя рэгіёны, дзе дзейнічае рэжым надзвычайнага становішча, што неабходна для забесьпячэньня поўнай і праўдзівай інфармацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG