Перакладчыца, пэдагог
Вольга Калацкая нарадзілася ў Менску. Скончыла Лінгвістычны ўнівэрсытэт і некалькі гадоў там выкладала ангельскую мову і пераклад. Таксама была выкладчыцай на аддзяленьні філязофіі і літаратуры Беларускага Калегіюму.
Перастварыла па-беларуску англамоўныя тэксты пра Беларусь Тымаці Снайдэра ды іншых дасьледчыкаў, у тым ліку самы вялікі англамоўны тэкст пра беларускую літаратуру (і пра Беларусь увогуле) Арнольда Макміліна «Пісьменства ў халодным клімаце» (Writing in a Cold Climate: Belarusian Literature from the 1970s to the Present Day), а таксама мастацкія творы Вірджыніі Вулф, Уільяма Голдынга, Тэнэсі Ўільямса, Дэна Браўна, Поля Остэра, Тоні Парсанза, Артура Голдэна, Маргарэт Этвуд. Пераклады друкаваліся ў часопісах «Крыніца», «Дзеяслоў» і ARCHE.
Супольна з Ілонай Урбановіч і Зьмітром Саўкам пераклала «Глядыятара», мультфільмы «Шрэк», «Шрэк-2» і інш. У 2010–2015 гг. перакладала фільмы для тэлеканалу «Белсат», у тым ліку «Гіцляў», «Ідэальнага мужа», «Сямейку Сьмітаў», «Мэдсястру Бэці», «Рычарда ІІІ».
Спадарыню Калацкую затрымалі 15 студзеня 2021 году падчас заняткаў з вучнямі па ангельскай мове. Яе зьвінавацілі па арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Потым яго зьмянілі на арт. 339 («Хуліганства»).
Яе ўтрымлівалі ў сьледчым ізалятары ў Жодзіне. Там яна вяла амаль штодзённыя запісы, якія пасьля выхаду з турмы апублікавала ў фэйсбуку пад назвай «Турэмны дзёньнік».
27.01.21 (працяг) М. дорыць мне пячэньку з зычэньнямі. На ёй напісана: «Каханьне». Вось так атрымліваю тое, чаго праз усё жыцьцё больш за ўсё хачу і ніколі ня маю. Ад гэтага моманту яно заўжды будзе са мной, загорнутае ў сурвэтку.
Нейкі час Вольга Калацкая была ў адной камэры з журналісткай тэлеканалу «Белсат» Кацярынай Андрэевай, пра якую напісала ў дзёньніку са шчырым захапленьнем і любоўю.
29.01.21 (працяг) Зранку прабіла такая зайздрасьць да нашай Каці! Прыгажуня, перад якой кожны гатовы ўпасьці на калені, у яе шчасьлівая сям’я, любы муж, які заўжды будзе яе кахаць, па вызваленьні — зноў любімая праца... І большая частка жыцьця наперадзе. Такая прорва кантрасту з маім бязладзьдзем, дзе ніхто ніколі не любіў, апроч мамы. Мяне прарвала — выплакалася Каці, расказала сваю безвыходную гісторыю. Першы раз у дарослым жыцьці раскрыла душу іншаму чалавеку. Яна так клясна слухае і спагадае... Адхлала, як нейкая ледзяная корка растала.
29.01.21. Учора ўвечары Каці Андрэевай прынесьлі запоўніць вопіс асабістых рэчаў. Мы, натуральна, падумалі, што сёньня яе забяруць у Пішчалаўскі замак да суду. Але пакуль яна яшчэ з намі. Маладзенькі ахоўнік прасякнуўся ейнымі просьбамі — падышоў і сказаў, што яе забяруць 31-га ўночы. (Ну як жа можна адмовіць, калі просіць Прынцэса!) Страшэнна шкада будзе застацца безь яе — роднага чалавека, які ўсё разумее, якому ня трэба нічога тлумачыць, аднадуміцы. Яна, здаецца, не ўсьведамляе, як яна сьвеціць усім, хто апынаецца побач.
31.01.21. Уначы забралі нашага сонечнага зайчыка — Кацю Андрэеву. Здаецца, нават ахоўнікі ўсе ў яе закахаліся. Можа, хоць хто зь іх зварухне зьвілінамі: а што, халера ясная, адбываецца, калі ў турму трапляюць такія, як Каця?! Дай Божа, каб для яе ўсё добра скончылася! (Ды шанцаў мала).
Чытачы, аднак, знойдуць у турэмным дзёньніку Вольгі Калацкай і шмат апісаньняў жахаў вымушанага суіснаваньня ў закрытым памяшканьні супрацьлеглых па характарах, інтарэсах і сьветапоглядах людзей. Што прыводзіць да амаль штодзённых канфліктаў, якія азмрочваюць і без таго жудасныя ўмовы выжываньня. Асабліва ўражвае жорсткае стаўленьне да вязьняў турэмнае адміністрацыі.
30.01.21 Мы з М. ушчэнт хворыя, а лекі скончыліся. У суботу — нядзелю фэльчар не працуе. На ранішняй праверцы пытаюся: «Ці можна выклікаць дзяжурнага доктара?» Карпусны, гадавец, на чыстай беларускай мове адказвае: «А я не разумею гэтай вашай мовы». «Хто вам вінаваты? — адказваю. — У краіне дзьве дзяржаўныя мовы». Хтосьці зь дзяўчатаў перакладае. Гэты дурань пытаецца: «Дык што трэба?». Тлумачу: «Трэба лекі». — «Прыйдзе фэльчар». А фэльчар у суботу — нядзелю не працуе! Дзяўчатаў выводзяць на шпацыр — у «нумары» хочам застацца мы з М. і навенькая-старэнькая НВ., якую забіралі на судовае пасяджэньне і вярнулі да нас уначы. Ахоўнік чапляецца да нас з М.: «Чаму застаяцеся?» — «Хворыя». — «Вызваленьне ад прагулкі ёсьць?» (Што за ахінея? Ніхто ніколі ніякага вызваленьня не патрабаваў. Звычайная практыка — у камэры альбо не застаецца ніхто, альбо застаецца ня менш за дзьвюх.) — «А хто выдае вызваленьне?» — «Фэльчар». — «А фэльчар у суботу — нядзелю не працуе». — «Працуе». (Ага, фігушкі ён працуе — учора не ўзялі заяўку на лекі, бо на выходных няма каму іх разносіць.) Але нас трох пакідаюць у камэры.
Ды ўсё ж у бязрадаснай няволі аўтарка імкнецца не прамінуць сьветлыя імгненьні.
27.01.21... Тут гнеў і радасьць ідуць у адным фляконе: разам з Кацінымі паперамі прынесьлі і мне перадачу! Божа, як падумаеш, што людзі едуць зь Менску ў Жодзіна, на марозе выстойваюць чэргі... Дзякуй велізарны!!! Усё ж якое гэта шчасьце — ведаць, што пра цябе памятаюць і клапоцяцца нават незнаёмыя людзі! І бел-чырвона-белая пасьціла — утрая смачнейшая, калі гэта ўвогуле магчыма.
05.02.21 (працяг) Сёньня нарэшце пайду гуляць! Божа мой, як хочацца на двор! У камэры не відаць, якое надвор’е. Аказваецца, ідзе лёгкі сьняжок, кружацца сьняжынкі, такія прыгожыя-прыгожыя, мініятурныя, выкшталцоныя, кранальныя, крохкія — жывыя... (Згадалася, як на Каляды і Новы год мы аздаблялі вокны гэткім жа хараством з паперы правільных колераў.) А з даху зьвісаюць ледзяшы... Божа, якое шчасьце!
Многія знаныя асобы беларускае эліты пісалі шматлікія звароты ў адпаведныя інстанцыі, спрабуючы дапамагчы ўвязененай спадарыні Калацкай. З патрабаваньнем неадкладна вызваліць Вольгу выступілі Амэрыканскі ПЭН (PEN America) і вядомая канадзкая пісьменьніца Маргарэт Этвуд. Аднак гэтыя звароты засталіся без увагі. Яна была асуджаная па арт.339 КК РБ на 2 гады хатняй хіміі.
03.02.21 (працяг) Па абедзе мяне раптам выклікаюць «на кабінэты». Думаю, што прыехаў адвакат, але заходзіць маладая прыгожая жанчына Вольга... Вольга распытвае пра маю справу. Тлумачу, што я казала падчас сьледзтва. Яна дзівіцца: дык гэта ж максымум адміністратыўка! «Вольга, — кажу, — ну вы ж ведаеце, што мужчына, які даў поўху апэратару Азаронка, атрымаў два гады калёніі. А ў яго трое дзяцей, ён прызнаў віну, пакаяўся і выбачаўся». Вольга перадае, што робяцца пэўныя захады, каб зьмяніць мне меру стрыманьня, але я не такая наіўная, каб спадзявацца. Яна цікавіцца, ці маю я статус палітзьняволенай. (Які статус, калі артыкул зьвязаны з гвалтам!) Распавядае, што цяпер ідуць палітычныя працэсы, хтось атрымлівае рэальныя тэрміны, хтось — мякчэйшыя выракі... Ейны падабаронны атрымаў сем (!) гадоў за «ўдзел у масавых беспарадках». «Але я ня веру, што людзі будуць адседжваць свае тэрміны», — кажа яна. (Каціны адвакаты казалі тое ж самае.) Здаецца, у адвакатаў — кагнітыўны дысананс: яны ня могуць паверыць у тое, што адбываецца.
Пра прэмію імя Аляхновіча
Прэмія імя Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам сумесна з Радыё Свабода. Яе прысьвяцілі драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883–1944), аўтару кнігі «Ў капцюрох ГПУ».
У розныя гады прэміяй імя Францішка Аляхновіча былі ўганараваныя
- 2013: Ігар Аліневіч
- 2014: Алесь Бяляцкі, Зьміцер Дашкевіч, Фэлікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп
- 2017: Мікола Дзядок, Зьміцер Дрозд, Андрэй Саньнікаў і Леанід Пятрэнка
- 2018: Аляксандар Лапшын, Уладзімер Някляеў, Вольга Мікалайчык
- 2019: Сяргей Скрабец, Алесь Пушкін
15 лістапада — Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні
15 лістапада Міжнародны ПЭН-клюб адзначае 33-і штогадовы Дзень пісьменьнікаў у зьняволеньні — міжнародную дату ў падтрымку пісьменьнікаў і журналістаў, якія зазнаюць перасьлед у выніку ажыцьцяўленьня свайго права на свабоду выказваньня. Штогод нацыянальныя ПЭН-цэнтры і іх сябры па ўсім сьвеце адзначаюць гэты дзень, каб падвысіць інфармаванасьць насельніцтва аб несправядлівым зьняволеньні і іншых формах агрэсіі ў дачыненьні да пісьменьнікаў з розных краін, узгадваючы тых, хто быў забіты, і выказваючы салідарнасьць са зьняволенымі і калегамі, якія знаходзяцца пад пагрозай.
Гэты дзень пачаў адзначацца ў 1981 годзе Камітэтам «Пісьменьнікі ў зьняволеньні». Цяпер гэта важная дата для ўсяго Міжнароднага ПЭН-клюбу — у гэты дзень праводзяцца кампаніі ў абарону пісьменьнікаў у турме і ўшаноўваецца памяць іх загінулых калег. З 15 лістапада 2015 года ў сьвеце было забіта больш за 35 пісьменьнікаў.
Саліл Трыпаці, старшыня Камітэта «Пісьменьнікі ў зьняволеньні», адзначае:
«Пісьменьнікі мусяць мець права пісаць тое, што яны пішуць. Яны не мусяць трапляць за гэта ў турмы. І ўсё ж цяпер ва ўсім сьвеце ў турмах сядзяць сотні пісьменьнікаў, і многія церпяць перасьлед і чуюць пагрозы, бо іх творы турбуюць кіраўнікоў дзяржаў, раздражняюць моцных і нэрвуюць урад. Пісьменьнікі — гэта сумленьне грамадзтва, яны мусяць заставацца на свабодзе, бо іх месца не ў турме, а перад друкарнымі машынкамі і кампутарамі ці за сталом з пяром і паперай. У гэты дзень кожны год уся супольнасьць ПЭН-клубаў адзінагалосна пацьвярджае, што мы прадоўжым змагацца за свабоду ўсіх пісьменьнікаў, якім перашкаджаюць нармальна працаваць, дзе б яны ні жылі».