У гэты дзень год таму
- На акцыі мэдыкаў у Менску затрымалі амаль 60 чалавек
- Пасьля канцэрту ў двары на Каменнай Горцы ў Менску арыштавалі гурт «Рэха» разам зь ягоным лідэрам Андрусём Такіндангам. А пасьля выступу ў Малінаўцы быў затрыманы Павал Аракельян, музыка, удзельнік гурту «Крамбамбуля».
- Джо Байдэн набраў колькасьць галасоў электараў, па законе дастатковую для абраньня прэзыдэнтам ЗША. Сьвятлана Ціханоўская павіншавала Байдэна
- Злучаныя Штаты Амэрыкі ня лічаць нікога з удзельнікаў прэзыдэнцкіх выбараў законным лідэрам Беларусі – намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент
- Рыгора Кастусёва пераабралі старшынём Партыі БНФ.
Дата дня
7 лістапада 1917 году ў Расеі пачаўся бальшавіцкі пераварот, які ўвайшоў у гісторыю як Кастрычніцкі.
У 1995 годзе Аляксандар Лукашэнка вярнуў дзень бальшавіцкага перавароту ў лік афіцыйных сьвятаў Беларусі. Колькасьць ахвяраў савецкага камунізму ацэньваюць на 60 мільёнаў чалавек.
Таксама ў гэты дзень
1921 — у Італіі стварылі фашысцкую партыю на чале з Бэніта Мусаліні.
1933 — у Менску адкрыўся Дом ураду.
1967 — ААН прыняла Дэклярацыю супраць дыскрымінацыі жанчын.
2000 — Джорджа Буша-малодшага абралі прэзыдэнтам ЗША.
2004 — пачала трансьляцыі Беларуская служба «Радыё Швэцыя».
У гэты дзень нарадзіліся
1790 — беларускі архітэктар Караль Падчашынскі, які збудаваў палац-рэзыдэнцыю ўсіх віленскіх кіраўнікоў — ад Напалеона і графа Мураўёва да сёньняшняга прэзыдэнта Літвы.
1896 — Міхась Чарот, беларускі пісьменьнік. Быў адным з арганізатараў Беларускай камуністычнай арганізацыі ў часе польскай акупацыі. Чарота расстралялі ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году.
1918 — Канстанцін Дамарад, беларускі гісторык.
1923 — Аляксандар Дракахруст, беларускі паэт, перакладнік і мэмуарыст.
У памяці
1948 — Хведар Ільляшэвіч, беларускі паэт, журналіст і гісторык.
1975 — Ісак Любан, беларускі савецкі кампазытар.
1980 — Леў Акіншэвіч, гісторык
«Ці магчыма быць беларускім буржуазным нацыяналістам і адначасова гэткім самым буржуазным, але ўжо нацыяналістам украінскім? ОГПУ ведала адказ. Гісторыку Льву Акіншэвічу ў 1933-м было выстаўленае акурат такое абвінавачаньне.
Ён нарадзіўся ў сям’і пецярбурскага юрыста-беларуса. Першая ўсясьветная вайна засьпела Льва студэнтам Кіеўскага ўнівэрсытэту.
Вярнуўшыся ў 1918-м дадому з Румынскага фронту, ён захапляецца беларускім рухам. Як напіша потым Акіншэвіч у мэмуарах, яго завабіла «справядлівасьць гэтае справы». У тым самым годзе ён прымае грамадзянства БНР.
У 1920-я дасье на супрацоўніка Ўкраінскай Акадэміі навук Льва Акіншэвіча няўхільна расло. Шмат старонак у ім прысьвячалася частым паездкам у Менск, публікацыям у «Полымі» й таварышаваньню зь Янкам Купалам і Вацлавам Ластоўскім.
Урэшце карысным для апальнага гісторыка быў прызнаны клімат ужо адарванага бальшавікамі ад Беларусі Смаленску.
Пасьля вайны Акіншэвіч апынуўся ў ЗША, дзе працаваў у Цэнтры вывучэньня СССР, ня страчваючы сувязяў зь беларускімі эміграцыйнымі інстытуцыямі.
Дасьледуючы гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, ён пісаў пра веліч дзяржавы нашых продкаў, аднак і пакутліва шукаў прычыны яе скону, за што заслужыў ад некаторых суайчыньнікаў закіды ў «недастатковым патрыятызьме».
У сваіх поглядах ён быў блізкі да выдатнага ангельскага гісторыка і мысьляра XX стагодзьдзя Арнольда Тойнбі, пра якога нам, савецкім студэнтам-гісторыкам, ведаць было забаронена.
Усё доўгае жыцьцё Акіншэвіча займалі і канкрэтныя праблемы мінуўшчыны, і філязофія гісторыі, аб чым яскрава сьведчыць ягоная праца «Пра цывілізацыйныя асновы беларускага гістарычнага працэсу».
Яе аўтар спадзяваўся, што, здабыўшы магчымасьць вольнага разьвіцьця, Беларусь дасягне «здаровага арганічнага сынтэзу сваіх цывілізацыйных асноваў» і ў выніку пабудуе дэмакратычнае грамадзтва эўрапейскага кшталту. У XXI стагодзьдзі мы мусім пераканацца ў слушнасьці гэтых словаў».
Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, с. 328–329.
1992 — загінуў у авіякатастрофе Аляксандар Дубчэк, адзін з ідэолягаў «Праскай вясны», першы сакратар ЦК камуністычнай партыі Чэхаславаччыны. У жніўні 1968 году Дубчэка затрымалі савецкія вайскоўцы і прымусова даставілі ў Маскву. У 1989 быў яго абраны старшынём Фэдэральнага сходу Чэхаславаччыны.