Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэўскага качагара звольнілі з працы за палітычныя выказваньні


Краязнаўца Аляксандар Камінскі, архіўнае фота
Краязнаўца Аляксандар Камінскі, архіўнае фота

Краязнаўцу, а ў мінулым школьнага выкладчыка Аляксандра Камінскага з мястэчка Крэва на Смаргоншчыне звольнілі з працы качагара.

«Чыноўніку прыйшліся не даспадобы некаторыя мае выказваньні і ўчынкі, з прафэсіяй качагара аніяк не зьвязаныя. А ў іх там, відаць, плян па выяўленьні „нядобранадзейных“ і іх „прэсаваньні“. Не сказаць, каб было вельмі шкада той грашовай мінімалкі, якой я пазбавіўся. Больш перажываю за непасрэдную начальніцу, якой цяпер будзе праблематычна знайсьці надзейную замену яшчэ і майму напарніку, бо той на знак салідарнасьці са мной таксама адмовіўся выходзіць на працу», — падзяліўся навіной Аляксандар Камінскі.

Ён ня верыць, што хтосьці з раённых чыноўнікаў хацеў прыстроіць на «цёплае» месца свайго пратэжэ — на вакантнае месца качагара цяпер ня могуць знайсьці ахвотных. На думку Камінскага, зьбіраліся пакараць яго за іншадумства, а атрымалася, што напярэдадні сэзону халадоў горш зрабілі спажыўцам ды кіраўніцтву сельскага савету.

Раней Аляксандар Камінскі працаваў настаўнікам францускай мовы ў мясцовай школе.

Камінскі як краязнаўца дасьледуе Першую сусьветную вайну, ён аўтар шэрагу публікацый пра ваенныя падзеі 100-гадовай даўнасьці, ад якіх пацярпела галоўная візытоўка Крэва — сярэднявечны замак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG