Пасьля таго, як Фурманаў адбыў карантын у калёніі, ён адразу трапіў у штрафны ізалятар, дзе прабыў да дня вызваленьня 21 кастрычніка, гэта прыкладна паўтара месяца. Прычына пакараньня — няветліва размаўляў з супрацоўнікамі, у камэры вісела павуціньне, прылёг на падлогу адпачыць пасьля зарадкі і нібыта заснуў.
Пасьля суду Зьмітру чатыры разы дазвалялі сустрэцца з бацькамі.
Дзьмітры Фурманаў — гарадзенец, сябра ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай. Яго затрымалі 29 траўня 2020 году на пікеце Сьвятланы Ціханоўскай у Горадні.
Фурманаў зьбіраў подпісы як сябра ініцыятыўнай групы. Калі на Савецкай плошчы пачалася тузаніна і міліцыянт апынуўся на зямлі, затрымалі Сяргея Ціханоўскага і ягоных паплечнікаў. У гэты момант невядомыя схапілі Фурманава з-за стала разам з крэслам на вачах у бацькоў, выцялі па твары і завезьлі ў міліцыю.
Фурманаў атрымаў два гады калёніі агульнага рэжыму за «арганізацыю дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Ён некалькі разоў галадаваў у няволі на знак пратэсту. Мінулым летам разам зь ім пад сьценамі «Валадаркі» галадалі ягоныя маці і дзяўчына.
Тэрмін Дзьмітрыя скараціўся пасьля пераліку паводле новага заканадаўства, дзе 1 дзень СІЗА залічваецца за паўтара дні калёніі агульнага рэжыму. А ў СІЗА ён правёў 1 год і 3 месяцы.