Судзьдзя Вольга Бекушава пастанавіла пакараць
- Зьмітра Фурманава — 2 гадамі калёніі агульнага рэжыму,
- Яўгена Разьнічэнку — 3,5 года калёніі агульнага рэжыму,
- Уладзімера Кнігу — 4 гадамі калёніі строгага рэжыму.
Дзяржаўны абвінаваўца Мікіта Мысьлівец прасіў суд пакараць менавіта такімі тэрмінамі.
Таксама судзьдзя пастанавіла спагнаць з Уладзімера Кнігі 1000 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды на карысьць амапаўца Дзьмітрыя Рахунка, а таксама 228 рублёў маёмаснай шкоды на карысьць дзяржавы.
Зь Яўгена Разьнічэнкі — спагнаць 1000 рублёў на карысьць міліцыянта Ўладзімера Казлоўскага, а таксама 87 рублёў на карысьць дзяржавы.
Суд пастанавіў зьняць арышт з маёмасьці Фурманава і Кнігі, вярнуць Фурманаву вынятыя грошы. Разьнічэнку таксама вернуць вынятую маёмасьць, якую далучалі да справы.
Фігуранты справы пад вартай ужо год. Справу разглядала судзьдзя Вольга Бекушава. Пракурор Мікіта Мысьлівец. Суд пачаўся 18 студзеня.
Што варта ведаць аб справе
Фігурантаў у справе трое: Зьміцер Фурманаў, Яўген Разьнічэнка, Уладзімер Кніга. Іх затрымалі ў сувязі зь пікетам 29 траўня разам зь Сяргеем Ціханоўскім. Іх вінавацяць у арганізацыі дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак (артыкул 342), Кнігу і Разьнічэнку — таксама ў гвалце над міліцыянтамі (артыкул 364).
Усе трое прысутнічалі на пікеце 29 траўня мінулага году ў Горадні. Каардынатар ініцыятыўнай групы Зьміцер Фурманаў зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Яго забралі зь пікету невядомыя разам з крэслам. Яўген Разьнічэнка падтрымаў міліцыянта Казлоўскага, які падаў на яго, каб той ня выцяўся аб зямлю. Былога міліцыянта Ўладзімера Кнігу забралі празь некалькі дзён, калі ён дапамагаў камандзе Ціханоўскай ставіць намёт для збору подпісаў.
Пацярпелых чацьвёра: участковыя Ленінскага РАУС Уладзімер Казлоўскі і Аляксандар Хваленя, амапаўцы Дзьмітры Рахунок і Віктар Буднік. Казлоўскі ўпаў пасьля тузаніны на Савецкай плошчы, Хваленя хадзіў з рупарам, у інфармацыйнай камізэльцы. Два апошнія затрымлівалі Ціханоўскага.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.