«Мы не прымаем характарыстыку дадзенай сытуацыі, асабліва вэрсію падзей, якую адлюстроўваюць СМІ, падкантрольныя дзяржаве», — напісаў нам прэсавы прадстаўнік Офіса Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека ў Жэнэве Рупэрт Колвіл.
На гэтым тыдні тэлеканал АНТ у сюжэце журналіста Ігара Тура заявіў, што нямэтавае выкарыстаньне фінансаў, выдзеленых ААН на падтрымку людзей з інваліднасьцю і ахвяр хатняга гвалту, дапусьціў былы старшы дарадца па правах чалавека прадстаўніцтва ААН у Беларусі Омэр Фішэр.
Паводле вэрсіі АНТ, Фішэр выдаткаваў празь бюджэт Офіса па правах людзей з інваліднасьцю каля 5 тысяч даляраў ААНаўскіх грошай на аплату адвакатаў 23-м удзельнікам пратэстаў. Фішэра нельга было затрымаць, дадаў тэлеканал, бо ў яго быў дыпляматычны імунітэт.
Раней паведамлялася, што кіраўнік МЗС Беларусі Ўладзімер Макей падчас сустрэчы з генэральным сакратаром ААН Антонію Гутэрышам паскардзіўся на тое, «як некаторыя прадстаўнікі каманды ААН у Беларусі скарысталі фінансавыя сродкі ААН, якія выдзяляюцца для людзей з інваліднасьцю, на падтрымку ўдзельнікаў пратэставых акцый і да таго падобнае».
«З частковай інфармацыі, прадстаўленай ААН да гэтага часу, вынікае, што абвінавачаньні датычаць выкананьня службовых функцый службовымі асобамі ААН дзеля рэалізацыі праграмы ААН, — напісаў у адказе на запыт Свабоды Рупэрт Колвіл. — Наконт гэтага паміж урадам і арганізацыяй па-ранейшаму існуе розьніца ў поглядах».
«Мы працягваем верыць, што гэтае пытаньне можна вырашыць непасрэдна паміж бакамі ў поўнай адпаведнасьці зь дзейнай міжнароднай прававой базай, — гаворыцца ў адказе офіса ААН у Жэнэве. — Таму мы глыбока шкадуем аб тым, якім чынам на дзяржаўным тэлеканале былі высунутыя сур’ёзныя абвінавачаньні на адрас супрацоўнікаў ААН, у тым ліку выкарыстаньне запісаў размоваў зь дзяржаўнымі асобамі ў афіцыйных памяшканьнях, што відавочна парушае права на прыватнае жыцьцё і належную працэдуру».