За будоўлю агароджы прагаласавалі 274 дэпутаты польскага парлямэнту.
У заяве ў аўторак для Польскага агенцтва друку кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Камінскі адзначыў, што памежная служба на працягу некалькіх месяцаў адчувае ўзмацненьне міграцыйнага ціску на польска-беларускі ўчастак дзяржаўнай мяжы.
— Нягледзячы на аказаньне дадатковай штатнай падтрымкі падразьдзяленьням пагранічнай службы, дапамогу салдат Узброеных сіл Польшчы, паліцыі і выкарыстаньне часовых канструкцый, колькасьць спробаў перасячэньня польска-беларускай мяжы не зьмяншаецца, — адзначыў ён.
Фармальным інвэстарам будаўніцтва агароджы ўздоўж мяжы стане, паводле зьвестак міністэрства, галоўнакамандуючы пагранічнай службы, які будзе мець права прызначыць паўнамоцнага прадстаўніка ў гэтай справе. Таксама будзе прызначаная група для падрыхтоўкі і рэалізацыі гэтай інвэстыцыі.
Надзвычайнае становішча ў памежнай зоне зь Беларусьсю дзейнічае ў 183 населеных пунктах Падляскага і Люблінскага ваяводзтваў, яго ўвялі 2 верасьня. Са жніўня памежная служба Польшчы прадухіліла больш за 16 тысяч спробаў незаконнага перасячэньня польска-беларускай мяжы. Цяпер ва ўсіх цэнтрах пагранічнай службы знаходзіцца больш за 1,5 тысячы мігрантаў, якія трапілі ў ЭЗ зь Беларусі.